Выбрать главу

– Схаваю, пан Кузьма, дзякую вам за дапамогу. Даруйце, што сярод ночы падняла.

– Жыццё чалавека, як крышталь, лёгка разбіць, а склеіць часам немагчыма.

Стары даў выпіць Тадзіку нейкі горкі ўзвар з чорнай пляшачкі, абмыў ім рану, паравязаў. Сказаў гаспадыні:

– Гэты ўзвар будзеце даваць, пані Ванда, хвораму праз кожныя чатыры гадзіны, а маззю змазвайце рану і перавязвайце штодня. Пакуль усё, што трэба. Калі што, клічце. Бывайце здаровыя, мне пара…

Ванда пайшла ўслед за старым. Тадзік чуў, як яна ў сенцах дзякавала і нешта давала, мусіць, вынесенае з каморы. Грукнулі дзверы, а праз нейкі час у пакой вярнулася гаспадыня і спытала:

– Як ты, Тадзік?

– Добра, хутка ачуняю, – адказаў ён і раптам падумаў, каб не гэтая рана, можа, ніколі не даведаўся б, якая чулая і клапатлівая жанчына, якую ён пакахаў.

Яна села побач на табурэтку, паклала прахалодную руку на ягоны лоб. Яму быццам адразу палепшала, таму ўсміхнуўся:

– Ваша рука, пані Ванда, лечыць лепш за ўсялякія лекі.

– Дрэнна лячу, тэмпература не спадае. Хутка трэба будзе зноў узвар піць.

– Ідзіце адпачываць, пані Ванда, я сам выпью ўзвар, – прапанаваў госць.

– Які ўжо тут адпачынак. Ноч на зыходзе. Пара брацца за справы.

– Прашу вас, паспіце хоць гадзінку. Усё лягчэй будзе. Калі мне пагоршае, я падам знак, – супакоіў жанчыну хлопец.

– Добра, добра, угаварыў. Пайду да Аліка на печ. Нешта ён там варочаецца…

Яна патушыла газавую лямпу. Было чутно, як распранулася і палезла на печ. Тадзік уяўляў яе рухі, і ў сэрцы запанаваў спакой. Ён не жадаў думаць ні пра рану, ні пра тое, што яму трэба хутчэй вяртацца да Руткоўскага, каб не палічылі здраднікам і перабежчыкам. Побач была каханая жанчына, і нічога большага ён у сваім жыцці не жадаў. Можа, трэба было сказаць дзякуй невядомаму чалавеку, які параніў яго, чым наблізіў да Вандачкі, да яе пяшчотных рук і ласкавых вачэй. Вунь яна дрэмле на печы і думае пра яго, як памагчы, што зварыць на сняданак і абед. Ён робіцца ёй патрэбны і неабходны, а ці не з гэтымі пачуццямі прыходзіць сапраўднае каханне? Гэта Руткоўскі хацеў заваяваць яе сэрца з наскоку, а Тадзік не такі, ён гатовы доўга і настойліва вырошчваць узаемныя пачуцці, каб пасля разам з любаю жанчынаю адсвяткаваць нараджэнне вялікага кахання. З гэтымі думкамі ён заснуў і прысніўся яму белы сад, увесь у квецені. Па гэтым садзе вёў ён Ванду, трымаючы за рукі, маўчалі, усміхаліся і любаваліся пяшчотнымі кветкамі.

– Гэта не наш сад, – раптам сказала Ванда.

– А чый? – спытаў ён.

– Не ведаю. Нейкі чужы. Нам ніколі не пасадзіць такі сад.

– Чаму?

– Таму што ўжо зіма…

– Якая зіма? Паглядзі, усё цвіце!

– Гэта снег, Тадзік! – ускрыкнула яна і раптам знікла.

Ён паглядзеў на кветкі і толькі цяпер заўважыў, што галіны абцяжарылі снежныя карункі. Ён крануў рукою яблыню. Яго абсыпала белым пылам. А потым снег паваліў з неба такі густы і непраглядны, што акрыў сабою ўвесь свет.

– Вандачка! Вандачка! Дзе ты? – закрычаў ён і раптам убачыў, што яблыня, якая толькі што была ўпрыгожаная снегам, запалала, апякаючы яму твар, рукі, усё цела, ад болю ён прастагнаў. – Вандачка! Вандачка!

І прачнуўся ад дотыку яе рук.

– Што здарылася? Што? – устрывожана спытала яна.

– Прабачце, прыснілася нешта.

– Я падумала, мо варта тваю маму паклікаць да нас?

– Ні ў якім разе! Калі яна дазнаецца, што я паранены, дык яшчэ больш будзе трывожыцца і сумаваць.

– Гарачка не сунімаецца, – гаспадыня прыклала халаднаватую далонь да ягонага лба. – Трэба выпіць узвар.

– З вашых рук я і атруту гатовы піць.

– Вось жа дастанецца некаму бабнік! – усміхнулася Ванда.

Тадзіку хацелася сказаць, што ён хоча быць толькі з ёю, ніхто яму больш не трэба, але стрымаўся, ведаючы, што каханне трэба вырошчваць асцярожна, каб выпадкова не параніць і не напалохаць.

62

Двойчы Варнак з казакамі ўдала выходзіў з аблавы. Чырвоныя забілі трох чалавек, якіх усё ж удалося вынесці і пахаваць на ўскраіне лесу. Але гэта было толькі першае папярэджанне. Калі яму здалося, што небяспека мінула, якраз у той самы час яны трапілі ў засаду, бой выдаўся кароткі. Чырвоных было шмат, а ў казакоў патронаў і тых вобмаль. Разбягаліся, хто куды, дамовіліся сабрацца на Воўчай выспе.

Само сабою атрымалася, што Варнак аказаўся адзін, тры ягоныя ахоўнікі палеглі, абараняючы камандзіра. Ён і сам пачуваўся, як воўк, загнаны ў пастку, кружляў па лесе, па балотах. Выратавала яго тое, што ведаў тут кожную гаць, грэблю і кладку, таму ўдалося выратавацца ад пагоні, хоць разы тры ўвальваўся ў твань і выглядаў як балотны дух, чорны ад густой тарфяной юшкі. Не ведаў, куды бегчы, дзе схавацца. Апоўначы ногі самі прынеслі да роднага жытла. Ён увайшоў у хлеў, зашыўся у сена і заснуў. Раніцай прыйшла братава жонка Ніна даіць карову, убачыла яго соннага і ўскрыкнула з пераляку. Ён расплюшчыў вочы, ліхаманкава агледзеўся, убачыў жанчыну, спытаў: