– Чужынцаў няма?
– Пакуль няма, але могуць з’явіцца ва ўсялякі момант! – зашыпела яна змяёй. – У вёску ўпаўважаныя прыехалі. Чаго цябе прынесла, Лёня? Ігнась хаваецца ад вайны ў склепе! За яго дрыжу дзень і ноч! А тут яшчэ ты!
– А я, можа, здавацца прыйшоў, – пасміхнуўся Варнак. – Кажуць, улады нейкую амністыю абяцаюць "лясным братам".
– Ідзі ды здавайся дзе-небудзь у іншым месцы, а нам тут і без цябе гора хапае.
– А што Ігнась увесь час у склепе сядзіць?
– Чаму ж, як нікога чужога няма, дык надзявае маю спадніцу, завязвае хустку ды працуе на полі.
– У бабу, значыць, апранаецца, – засмяяўся Варнак. – Вось дзіва!
– Цішэй ты! Яшчэ хто пачуе!
– Добра, маўчу. Прынясі мне есці і пераапрануцца ў што чыстае.
Ніна пакінула даёнку каля парога, пайшла ў хату. Але замест сябе прыслала маці, якая прынесла талерку з салам, хлебам і салёным гурком, акрыўшы фартухом.
– Добры дзень, сынок, – сказала яна, паставіла талерку на сена, прысела, пацалавала сына ў лоб. – Добра, што прыйшоў. Годзе ўжо гойсаць па лясах. Хавайся разам з Ігнасем, а пасля, можа, неяк жыццё ўтрасецца.
– Не ўтрасецца, маці, – адказаў Варнак, адкусваючы ладны кавак хлеба з салам і паспешна жуючы, – або мы іх адолеем, або яны – нас.
– Вайна заканчваецца, дык навошта доўжыць свае і чужыя пакуты?
– Для нас яна не хутка скончыцца. Будзем змагацца да перамогі.
– Ах, сынок, сынок, ці ж гэта жыццё – хадзіць пад кулямі? Не хочаш хавацца, здайся. Зараз улада абяцае дараваць вашы правіны.
– А ў чым мая правіна, маці? Палякі загналі мяне ў войска, немцы ўзялі ў палон, Саветы разбурылі мой дом, а я цяпер бяздомны бадзяга, бандыт, па-іхняму! А хто мяне зрабіў такім? Хіба не яны? Гэта яны павінны павініцца перада мною, вярнуць мне жонку і дачку, калі тыя яшчэ жывыя!
– Супраць дзяржавы дарэмна ваяваць, хіба ж ты не разумееш? Што твая стрэльбачка здатная зрабіць супраць танкаў і самалётаў? Нічога…
У хлеў ускочыла Ніна, прашаптала:
– Маці, упаўнаважаныя да нас ідуць…
– Ай, Божа… Хавайся, Лёня, у сена. Я буду карову даіць, а ты, Ніна, ідзі сустракай і добра частуй гэтых злыдняў. Каб яны не падумалі, што мы варожа ставімся да іх.
Варнак зашыўся ў сена з галавою, хутка даядаў тое, што засталося на талерцы, глытаў не жуючы, папярхнуўся, закашляўся.
– Цішэй, сынок, яшчэ хто пачуе, – прашаптала маці.
Ён душыўся кашлем, трываў, прыслухоўваўся да гукаў. Аднак у цішыні толькі было чуваць, як звонка б’юцца струмені малака аб дно яшчэ пустой дойкі ды ўздыхае маці. Ён падумаў: "Мо сапраўды было б лепш за ўсё здацца Саветам і больш ні пра што не думаць? Няхай яны вырашаюць канчаткова мой лёс. Але ж я не анёл, шмат грахоў назбіралася за плячыма. Расстраляюць, а можа, нават павесяць, як некалькі казакоў на Украіне". Дрэнныя весткі разносяцца хутка. І гэтая знайшла Варнака і ягоных казакоў на хутарах каля Ратна. Тады яны дружна пакляліся адпомсціць за забітых паплечнікаў. Ён помсціў таксама колькі мог, а цяпер стаміўся, нічога не хоча, акрамя цёплай хаты, добрай ежы ды спагаднай жанчыны побач. Такою можа быць Аксана. Прыкінуў, што зараз мо варта падацца да яе, праведаць, пакуль хлопцы збяруцца на Воўчай выспе, ды зноў пачнецца іхняе змаганне з ворагамі. Ягоныя думкі перабілі матчыны цяжкія крокі, яна пайшла з хлява. А пасля доўга ніхто не прыходзіў. Варнак думаў пра Аксану, уяўляў яе: прыгожую, з тоўстаю цяжкою касою, якая абвівала галаву, быццам карона. Ён іншы раз так і называў яе – мая каралева. Яна толькі смяялася ў адказ. Мары непрыкметна ператварыліся ў сон пра любую жанчыну. І вось яны ўжо ідуць лясною сцежкаю, прадзіраюцца праз гушчар. Аксана азіраецца, усміхаецца яму. І толькі зараз ён заўважае, што ў яе няма касы, а валасы коратка падстрыжаны, аднак яна ўсё роўна выглядае цудоўна. Нарэшце яны выбавіліся з гушчару. Перад імі раскрыўся квяцісты поплаў, а на ім беліцца доўгае палатно, якое ажно зіхаціць на сонцы і недзе наперадзе ператвараецца ў сонечны прамень. Па гэтым палатне, а пасля па сонечным промні рушылі яны проста да сонца. Было ім спакойна і шчасна, як ніколі, быццам назаўсёды адступілі трывожныя і напружаныя дні з чужынскімі аблавамі, пагонямі, забойствамі…
Яго разбудзіла Ніна, паклікала:
– Лёня, дзе ты? Вылазь!
– Што, пайшлі ўжо няпрошаныя госці?