– Дзякаваць Богу, пайшлі. Я ад страху ледзь не памерла. Думаю, як пачнуць шукаць: Ігнась – у склепе, ты – у хляве! Усіх у Сібір загоняць, калі яшчэ, крый Божа, не пастраляюць…
– Не бойся ты надта, бо яшчэ ад страху памрэш.
– А мо ты нічога не баішся, чаго ж тады хаваешся?
– Дык я ж не проста так, а з выведкаю.
– Пачастуйся вось, выведнік, – яна падала Лёню талерку са смажанаю яечняю, шкваркамі і хлебам.
– Гэта мо ад гасцей засталося?
– Ага, ад іх застанецца! Як селі за стол, дык я стамілася насіць харчы. Пакуль літар самагонкі не выжлукцілі ды ўсе талеркі не вылізалі, з месца не зрушыліся.
– А хто прыходзіў?
– Старшыня сельсавета, Ямелька слюнявы, ды нейкія два ўпаўнаважаныя з раёна.
– Чаго ўжо ты так старалася?
– А што было рабіць? Няхай п’юць, каб яны смалы напіліся! Няхай забудуцца, чаго прыходзілі…
Пакуль Ніна гаварыла, Лёня ў адзін момант праглынуў змесціва талеркі і сказаў:
– Нясі яшчэ што…
Маладзіца пляснула рукамі і нездаволена прабурчала:
– Яшчэ адзін ненажэрны на маю галаву зваліўся.
– Я тры дні не еў, агаладаў зусім. Пакліч да мяне Ігнася, трэба ж пабачыцца з братам… Ды прынясі нарэшце ў што апрануцца, Ігнась усё роўна ў тваіх спадніцах ходзіць – засмяяўся ён.
– Дурны смех, – нездаволена сказала Ніна.
– А што ж мне цяпер рабіць, плакаць ці што?
– Чакай…
Хвілін праз пяць у хлеў увайшоў Ігнась, апрануты ў жаночае адзенне з хусткаю на галаве. Лёня абняў яго, прыгаворваючы:
– Вось што з намі жыццё зрабіла: ты стаў бабаю, а я – дзікім ваўком…
– Куды падзецца, Лёня? Каб выжыць, людзі на ўсялякія хітрыкі пускаюцца. Я паслухмяна пайшоў на мабілізацыю, атрымаў мундзір і зброю, тыдні два вучыўся страляць, а ўцёк з вагона, калі нас ужо везлі па Польшчы. У мяне проста ўсё абмірала, калі я ўяўляў, што мушу некага забіваць. Не адзін я быў, шасцёра нашых збегла. Разышліся па розных вёсках. Калі іх не палавілі, дык мо таксама недзе сядзяць у норах.
– Куды вінтоўку падзеў?
– Пакінуў у вагоне на памяць маім паганятым.
– Ну і дурань, лепш бы мне прынёс.
– Не да таго мне было. Сам падумай, як данесці зброю? Я і так сунуўся толькі па начах. Цэлы тыдзень дабіраўся.
– Ведаю гэтую хаду. Я з палону тыдні тры ішоў, страху натрываўся і галадаў, ледзьве ногі дацягнуў. Дамоў вярнуўся, а тут немцы – у вёсцы, партызаны – у лесе, і ўсе маёй смерці прагнуць. Ды ты сам усё бачыў…
– Куды цяпер? – спытаў Ігнась.
– У лес. Ён адзіны мяне ратуе. А ты што будзеш рабіць?
– Пасяджу пакуль у склепе. Як вайна скончыцца, тады і вылезу. Не гуляць жа мне ў хованкі з уладаю да самай смерці.
Вярнулася Ніна, прынесла паўбохана хлеба, гладышку малака і два алюмініевы кубкі, пад пахаю трымаючы апранахі для Лёні, сказала нявесела:
– Піце, браточкі, на здароўе.
– Дзякую, – адказаў Варнак, каб улагоціць сваячку.
– Колькі яшчэ будзеш па лясах ацірацца? – спытала Ніна.
– Пакуль не надакучыць.
– Ты ж казаў, што здацца хочаш.
– Можа, калі і здамся, але не так і не цяпер. Не час яшчэ, Ніна. Зараз малачка нап’юся – сіла ў мяне прыбудзе, ды і пайду зноў ваяваць супраць захопнікаў. Налівай, Ігнась. – Варнак падставіў кубак, малако белым струменем хлынула ў пустую пасудзіну. –Будзьма жывыя і здаровыя, – сказаў ён.
– Будзьма, – як рэха паўтарыў брат.
Яны моўчкі пілі малако з чорным хлебам, выпечаным маці. Лёня Парахнюк нідзе і ніколі не еў смачнейшага хлеба, нават белыя ўкраінскія паляніцы не маглі пераважыць яго ў смаку. Якое шчасце – спакойна жыць, піць малако з хлебам, бачыць брата, слухаць, як чмыхае карова ў стойле, адчуваць пах гною, сена, дроў.
У хлеў увайшла маці і сказала:
– Смачна есці, дзеткі.
Ад гэтых словаў у сэрцы Варнака нешта скаланулася, вочы сталі вільготныя, ён адвярнуўся і крадком выцер іх, разумеючы, што душа плакала па незваротным светлым мінулым, якое канала, знікала без следу, толькі заставаліся дзіўныя згадкі. За гэтую парушаную гармонію яго свету ён збіраўся помсціць усім, каго толькі западозрыць хоць на пазногаць вінаватым у ягоных бедах.
63
Удод і Птах сустрэліся ў лесе каля вёскі Вялікая Багна, хаця ім належала спяшаць на Воўчую выспу, куды павінны былі сабрацца ацалелыя казакі. Разлік быў просты, калі краму разграмілі ў Дывінскім раёне, дык чырвоныя там і будуць шукаць злачынцаў, а ў суседні раён, напэўна, і носа не пакажуць. Тым больш, што ўжо далі казакам дыхту так, што каманда Варнака разбеглася, як патрывожаныя прусакі. А яшчэ вельмі карцела Сяргею завітаць дамоў. Ведаў ён ад сувязных, што малодшага брата мабілізавалі на фронт, маці засталася адна.