– Смачная рэч, – пахваліў пачастунак Тадзік. – Ты заўсёды насі з сабою сыр, бачыш, ён табе жыццё выратаваў.
– Ага, наносішся! Бедны селянін што збярэ, дык мусіць прадаць, каб падаткі заплаціць, а сам нішчымніцаю душыцца. І гэтак было заўсёды, вось што крыўдна!
– Калі Бог гэтак уладкаваў жыцці, дык, мусіць, так павінна быць.
– Каб гэта сапраўды Бог уладкоўваў, дык я і не крыўдаваў бы. А як пагляджу навокал, дык усё не ад Бога, а ад людзей ідзе. Задумаюць палякі, прыйдуць і пануюць, задумаюць рускія – прыйдуць і кіруюць, а зараз немцы наогул гвалт чыняць. Вось і думаю, чаго яны ўсе сюды паўзуць, ці мы да іх ходзім розуму пазычаць ці парады якой просім? Пакіньце нас у спакоі, і мы нікога не зачэпім. Але ж не пакідаюць, кожны мае сваю патрэбу нешта тут здабываць, есці наша масла і сыр, а мы павінны выцягваць жылы на працы і аддаваць апошняе прыхадням.
– Пасля перамогі над фашыстамі ўсё будзе інакш, пабачыш! Нам трэба аб’яднаць сілы і змагацца з ворагам, а потым ладзіць справядлівае і шчаслівае жыццё нашых народаў, – горача запярэчыў Тадзік.
– Усе так кажуць. Ужо нашы людзі чакалі-чакалі Саветаў, браму ў знак прывітання ўпрыгожвалі, а што атрымалі ў аддзяку? Дулю з макам! Пяць сем’яў, дзе былі разумныя і багатыя гаспадары, вывезлі невядома куды. Хаты іхнія прысвоілі сабе, маёмасць разабралі, платы расцягнулі на дровы. І не хто-небудзь, а свае ж добрыя суседзі! А ты мне кажаш, што беларусаў палякі палюбяць, роўнымі прызнаюць! Толькі смерць нас зраўняе, вось што я табе скажу.
– Час памяняўся, калі не зрабіла нас дабрэйшымі мірная часіна, дык бяда навучыць любіць і цаніць жыццё кожнага чалавека. Немцы расстралялі двух маіх сяброў. Цяпер я ведаю, як лёгка можна знішчыць чалавека. А таму трэба змагацца з фашыстамі, не даваць ім спакою…
– На жаль, пакуль яны знішчаюць нас. Я таксама ведаю, як лёгка прыходзіць смерць. Мой брат, каб не ехаць у Германію на працу, згадзіўся служыць немцам у паліцыі, прыйшлі партызаны і застрэлілі яго на вышках. Каб я быў на той час дома, думаю, што і мяне куля не мінула б. З усіх бакоў нам пагражае смерць, не ведаем, куды бегчы, дзе хавацца. Толькі што мы з табою размінуліся са смерцю ці з вывазам на чужыну.
– Так, вораг пакуль моцны, але не вечна так будзе…
– Мы таксама не вечныя, – Сяргей азірнуўся, – куды гэта мы з табою прыйшлі? Мне ў іншы бок, трэба дамоў вяртацца. Яшчэ тэпаць ды тэпаць. Каб хоць да вечара паспець.
– Заходзь, калі будзеш зноў у Брэсце, – прапанаваў Тадзік і назваў адрас, дзе кватараваў.
– Ужо не хутка прыйду. Зямля ачысцілася ад снегу. Пара гной на поле вывозіць, а пасля араць ды сеяць, каб восенню сплаціць падаткі бульбаю, зернем ці якою жыўнасцю, чым удасца.
Сяргей паціснуў Тадзіку руку на развітанне і пайшоў размашыстым шырокім крокам на доўгіх нагах, худы, высокі, але ўжо трохі прыгорблены ад непасільнай працы, якая вельмі рана кладзецца на плечы сялянскіх дзяцей.
15
Дома Сяргея чакала непрыемная навіна. Солтыс перадаў маці, каб рыхтавала старэйшага сына для вывазу на працу ў Германію.
– Не паеду, – упарта адказаў Сяргей.
– Солтыс сказаў, што немцы расстраляюць, калі не выканаеш загад, – заплакала маці. – Нідзе няма паратунку простаму чалавеку.
– Ім бы толькі страляць! Людаеды!
– Сустрэла я Ціта Мошчышынага, ён казаў, што можа ўзяць цябе з сабою на Украіну ды схаваць там, – маці выцерла слёзы ражком хустачкі.
– Чаго я пайду на тую Украіну?
– Немцы ж нас да Украіны далучылі. Мы быццам украінцы, а там сабраліся нейкія людзі, умеюць сябе абараніць. Да таго ж Ціт наш дальні родзіч, мо ў крыўду не дасць…
– Мама, сяўба на носе! Як ты будзеш тут сама ўпраўляцца?
– Неяк з Кастусём… Упраўлялася ж, як бацька памёр, а вы былі малыя.
– У таго Кастуся адны гульні ў галаве. Дзе ён зараз гойсае?
– Ратавацца табе трэба, сынок. Схадзі да Мошчыхі. Ціт прыйшоў на колькі дзён і зноў пойдзе да украінцаў. Пагамані з ім, мо і табе варта туды выправіцца. У гэтым жыцці трэба быць хітрэйшым ды разумнейшым, інакш не выжыць. Гэта ж яго таксама хацелі ў Германію вывезці, а ён сышоў сабе, ніхто яго шукаць не кінуўся. Няма чалавека дый годзе, падбірайце іншых…
– Добра, схаджу мо заўтра, – згадзіўся Сяргей.
– Не, сынку, ідзі цяпер, бо заўтра будзе позна.
– Дык цёмна ж ужо, людзі сама вячэраюць.
– Ты ж іхняе вячэры не забярэш, у цябе патрэба вялікая – жыццё ратаваць. А Ціт, стары халасцяк, глядзіш сыйдзе куды да дзяўчат на вячоркі, дык і не зловіш.
Сяргей, які толькі што распрануўся, зноў пачаў нацягваць на плечы світку. Маці спахапілася:
– Што там у Брэсце? Бачу, торба поўная, нічога не прадаў?