– Аблава была на рынку, ледзьве ўцёк, бачыш, вось дзірку прастрэлілі ў торбе.
– Божа літасцівы, дзякуй табе, што выратаваў майго сына, – маці перахрысцілася на бажніцу. – Як жа ты ўцёк?
– Сустрэў паляка аднаго знаёмага, ён мяне вывеў праз дзірку ў плоце, а так бы ты мяне сёння не дачакалася б.
– Ах, Божа-Божа, раджала дзяцей, думала: на шчасце, аказалася – на пакуту.
У хату ўбег малодшы сын Кастусь, расчырванелы, вясёлы, убачыў брата, павітаўся, сёння яны не бачыліся. Сяргей пайшоў з дому вельмі рана, калі брат яшчэ спаў.
– Як схадзіў у Брэст? – спытаў Кастусь.
– Выдатна, вунь торбу гасцінцаў прынёс, – кіўнуў старэйшы брат у бок торбы.
Хлопчык кінуўся глядзець гасцінцы, развязаў торбу, расчаравана сказаў:
– Нічога не прадаў…
– Мы таксама любім сыр і масла, – падміргнуў Сяргей Кастусю, нацягнуў на галаву шапку і падаўся з хаты.
Ціта ён застаў дома. Той, аброслы чорнаю барадою, ажно на носе некалькі валасін чарнела, сядзеў за сталом і дыміў самакруткаю.
– Заходзь, заходзь, – адказаў гаспадар на прывітанне, – сядай, рады цябе бачыць. Вельмі ж ты ўгору выцягнуўся…
– Дык ногі ў мяне дазволу не пытаюць, растуць сабе і растуць, – засмяяўся ў адказ Сяргей.
– Малайчына, што жартуеш, вушы не апускаеш. Вельмі зручна прыйшоў, мая старая якраз да суседкі прасці выправілася. Я таксама збіраўся куды-небудзь на музыку падацца. Мо разам пойдзем?
– Не, я стаміўся. У Берасце хадзіў, хацеў масла ды сыр прадаць. А ледзь немцам у лапы не трапіў.
– Аблава?..
– Заганялі ўсіх: хлопцаў і баб, як рыбу ў браднік. Такі галас стаяў, што і цяпер у вушах звініць.
– Не дзіва… Дык што ты наважыўся рабіць?
– Маці раіць прасіцца з табою на Украіну.
– А ты што думаеш?
– Адкуль мне ведаць, што лёс рыхтуе?
– А ты да сябе прыслухайся, мо і пачуеш які разумны голас.
– Не ведаю, куды ні кінь, скрозь клін…
– Пойдзем са мной. Там магутная раць сабралася, ёсць добрыя і надзейныя хлопцы, зброю маюць, могуць за сябе пастаяць, і ніхто цябе не кране.
– А што я там буду рабіць?
– Жыць у летніку, гартаваць сілу, спасцігаць вайсковае майстэрства, усё тое, што трэба сапраўднаму казаку, каб біць ворагаў…
– Не ведаю, мусіць, я не здолею забіць чалавека…
– Не чалавека, а заклятага захопніка, які паскудзіць нашу зямлю, які забраў у нас спакой і волю! Зрэшты, што я цябе ўгаворваю. Не хочаш, едзь у Нямеччыну. Там цябе пірагі чакаюць… Ды і тут не соладка, як думаеш, хто твайго брата выдаў? Свае камунякі ды камітэтчыкі!
– Добра, дзядзька Ціт. Я згодны, – ціха адказаў Сяргей, разумеючы, што выбіраць яму няма з чаго.
– Не заві мяне дзядзькам, хоць я ўдвая старэйшы. Ад гэтага моманту я твой брат! Запомні гэта. У нас жа нават прозвішчы аднолькавыя.
– Дык як мне называць цябе?
– Проста Ціт, дакладней, у мяне ёсць клічка Камар. Я для цябе толькі Камар, забудзь маё сапраўднае імя і прозвішча. Мы і табе дамо нейкую прыгожую мянушку, а мо і сам прыдумаеш.
– Не ведаю, – паціснуў плячыма Сяргей.
– Гэта не так і важна, пакуль можна не спяшацца. А заўтра раненька чакаю цябе, рушым у дарогу, дальнюю і небяспечную. Але на шляху нам будуць сустракацца добрыя людзі, якія будуць дапамагаць. Дзякаваць Богу, зямля ад снегу вызвалілася, слядоў не пакінем, усе грэблі і сцежкі нашы. Шмат рэчаў не бяры, толькі самае неабходнае, бо ўсё давядзецца цягнуць на ўласнай спіне. І ежы вазьмі дні на тры: хлеба, сала, яшчэ чаго, каб пажыўнае было, але шмат месца не займала. Зразумеў?
Сяргей моўчкі кіўнуў галавою.
– А цяпер ідзі. Чакаю заўтра на світанку. Мне тут затрымлівацца не выпадае. Сам разумееш, солтыс, партызаны і іншыя злыдні… Адкуль заўгодна бяды можа чакаць.
– Да пабачэння, – сказаў Сяргей і націснуў клямку дзвярэй.
– Глядзі не праспі, сямёра аднаго не чакаюць, – папярэдзіў Ціт.
– Не прасплю, маці пабудзіць…
Сяргей выйшаў у вечаровую цемру ўзрушаны і занепакоены наступнымі пераменамі ў жыцці. Запалі ў душу Цітавы словы пра тое, што брата выдалі свае. Сапраўды, адкуль тым акружэнцам у лесе ведаць тутэйшых людзей, тым больш, што не на дарозе яны яго перастрэлі, а прыйшлі ў хату, ведалі, дзе шукаць. Хто яны, тыя здраднікі, што жывуць побач, але не пашкадавалі маладога хлопца, толькі за тое, што вырашыў застацца дома, каб ацалець? А выйшла ўсё наадварот. Іншы скажа: такі лёс. А хто можа ведаць свой лёс? Няўжо братаў гэта быў лёс – нявінна загінуць ад кулі? Ці, можа, колькі ні хавайся ад смерці, а яна знойдзе і на печы? Дык ці варта пакутаваць, валачыся за свет, каб усё роўна загінуць маладым і здаровым, поўным сілы? Ён спрабаваў уявіць, што яго чакае на Украіне, але так нічога і не здолеў убачыць. Будучыня была замкнёная невядомасцю.