У цемры каля Пракапеевых варот свяціўся агеньчык самакруткі. Сяргей падышоў да суседа, павітаўся.
– Што чуваць? – спытаў стары.
– Нічога добрага. Мяне прымушаюць ехаць у Германію.
– Што думаеш рабіць?
– Не ведаю. Паеду – прападу, не паеду – заб’юць.
– Раней у лесе людзі хаваліся ад усялякай бяды. А цяпер і там поўна ўсялякай навалачы. Скрозь прыхадні, нам няма месца на роднай зямлі.
– Ціт Мошчышын прапаноўвае пайсці з ім на Украіну. Мусіць, пайду.
– Такі цяпер час, хлопча, не ведаю, што табе параіць. Нідзе няма спакою…
– Бывайце, дзядзька Пракапей, не памінайце ліхам.
– Шчасця табе ў дарозе. Няхай Бог беражэ…
У хаце Сяргея чакалі маці і малодшы брат Кастусь, сядзелі за сталом пры цьмяным святле лучыны, што гарэла на прыпечку, не вячэралі.
– Як ты? Што там? – спытала маці, напружана ўзіраючыся ў сынаў твар.
– Пайду з Цітам, – адказаў Сяргей.
– Ідзі, сынок, мо ўратуешся…
– Вазьмі і мяне з сабою, – папрасіўся Кастусь.
– Малы яшчэ.
– Па дарозе вырасту…
– Маўчы, – прыкрыкнула на малодшага сына маці.
– Трэба сабрацца, заўтра на світанку пойдзем.
– Добра сынок, сядай, будзем вячэраць, а там ужо, што Бог дасць. Вой, галава, мая галовачка, баліць, роздыху не дае… Няўжо нарадзіла я сваіх сыноў толькі для таго, каб іх ворагі пазабівалі? – уздыхнула маці і пайшла да прыпечка даставаць салонікі.
Сяргей акінуў позіркам хату, каб запомніць усё да драбніц, потым пачаў меркаваць, што з рэчаў трэба ўзяць з сабою. Ён ужо пачуваў сябе госцем, наступнасць забірала яго адсюль надоўга, мо і назаўжды, але пра гэта цяпер не хацелася думаць. Верылася, што лёс клапоціцца пра яго, нездарма паслаў менавіта сёння Ціта, калі прыйшла вестка, што трэба ехаць у Германію. Да таго ж, калі ён кажа, што там ужо шмат хлопцаў, дык гуртам мо неяк і перачакаецца навала. А далей жыццё само вырашыць, якім каму быць, куды скіравацца. Што чалавеку трэба? Магчымасць зарабіць сабе на хлеб ды нейкае жытло, каб схавацца ад непагадзі. Але і гэтага, самага неабходнага, пазбаўляюцца людзі з-за рознай набрыдзі, якая не мае ні сумлення, ні сораму.
16
Тадзік стаміўся жыць у чаканні перамен, хадзіў па горадзе, дзе вывучыў кожную вуліцу, кожную дзірку ў плоце, ледзь не ўсіх сабак ведаў з выгляду і збіраўся ўжо сур’ёзна пагутарыць з панам Руткоўскім. Зрэшты, з такім поспехам ён мог бы жыць і ў сваіх Лазняках. Якая тут карысць ад яго? І дзе тая абяцаная барацьба з ворагамі, калі вось яны ходзяць гаспадарамі па Брэсце, часцяком нямецкія афіцэры – нават пад ручку з тутэйшымі паненкамі, лечацца ў шпіталях, мноства якіх уладкавана ў вялікіх былых грамадскіх будынках. Аднойчы ясным красавіцкім днём, калі ад снегу засталіся толькі брудныя лапікі ў зацененых мясцінах, Тадзік разамлелы пад сонечным цяплом вярнуўся ў гебітскамісарыят з пошты, аддаў карэспандэнцыю сакратарцы, яна сказала яму тэрмінова зайсці да шэфа. Хлопец пастукаў у дзверы, увайшоў у кабінет.
– Заходзь, Тадэвуш, – сказаў пан Руткоўскі, – сядай, дзе зручней.
За сталом сядзелі два незнаёмыя дзецюкі, якія зацікаўлена, прынамсі, так здалося Тадзіку, паглядзелі на яго. Адразу ўзнікла адчуванне, што госці гэтыя тут не выпадковыя, а хутчэй жаданыя.
– Знаёмцеся, гэта Тадэвуш, – сказаў гаспадар кабінета, потым паказаў на бялявага кірпатага хлопца. – Гэта Люцыян, а гэта Рамуальд, – Руткоўскі кіўнуў галавою ў бок лабастага шатэна.
– Вельмі прыемна, – адказаў Тадзік, сядаючы да стала, і пачуў тое ж у адказ.
– Гэтыя хлопцы цікавыя тым, што яны іншы раз ходзяць на паляванне. Тадэвуш, ці любіш ты паляваць? – з усмешкаю спытаў пан Руткоўскі.
– Раней не даводзілася. Але каб якая нямецкая дзічына трапілася, дык я б з ахвотаю, – засмяяўся Тадэвуш.
– Неасцярожна выказваешся. Ці ведаеш, у нямецкай дзічыны добры нюх, але, мусіць, маеш добрую інтуіцыю на сваіх людзей, таму на першы раз дарую неапраўданую смеласць. Люцыян і Рамуальд, зразумелі з кім маеце справу?
Дзецюкі задаволена заўсміхаліся ў адказ.
– Хлопец малады і гарачы, адданы Радзіме, – працягваў гаспадар кабінета, але яшчэ нічога не ўмее.
– Навучым, была б толькі галава на плячах, – адказаў Рамуальд, дастаў з кішэні нататнік, запісаў нешта на ім, падаў Тадзіку. – Заўтра ў сямнаццаць гадзін прыходзь па гэтым адрасе. Стукнеш тройчы ў дзверы – дзяўчына спытае: "Хто там?" Адкажаш: "Сябар да брата". Табе павінны сказаць: "Даўно зачакаліся". Гэта пароль. Запомніў? Паперыну падзяры. Калі табе, адкажуць не так, спашліся, што памыліўся і адразу сыходзь. Зразумеў?