Выбрать главу

– Так.

– Вось і выдатна. Заўтра абмяркуем усё больш грунтоўна.

– Ты вольны, Тадэвуш, – ласкава ўсміхнуўся пан Руткоўскі.

Тадзік развітаўся з прысутнымі і падаўся да дзвярэй, а грудзі яму распірала ад радасці: нарэшце дачакаўся нейкага руху ў накірунку здзяйснення ўласных намераў. Памяць пра палеглых сяброў і боль за панявечаную Радзіму не давалі спакою. Ён прагнуў помсціць ворагам. Нарэшце цяпер у яго з’явіцца такая магчымасць. Чым бы ні займаўся ў гэты дзень, а ўсё перад вачамі стаялі пан Руткоўскі, Рамуальд і Люцыян. Ён згадваў кожнае слова, сказанае імі, кожны рух вуснаў, усмешкі, позіркі, уяўляў блізкую будучыню, калі ён са зброяй у руках будзе змагацца з ворагамі і прыйдзе пераможцам вызваляць родныя Лазнякі. Насустрач яму выйдзе маці і заплача ад радасці ў яго на грудзях. Ледзьве дачакаўся прызначанага часу і з хваляваннем пастукаў у дзверы. Яго сустрэла высокая тоненькая дзяўчына, адказала на пароль дакладна, упусціла ў памяшкане, прапанавала павесіць куртку на вешалку ў вітальні, правяла ў пакой, дзе вакол стала сядзела чацвёра хлопцаў: Рамуальд, Люцыян і яшчэ двое незнаёмых.

– Яшчэ адзін госць завітаў, – сказала дзяўчына. – Пэўна, не берасцеец. Я тут усіх прыгожых хлопцаў ведаю.

– Дзякую, Яніна, – адсказаў Рамуальд. – Гэты прыгажун з Беласточчыны, завуць яго Тадэвуш. Прыдумай яму мянушку, у цябе гэта добра атрымліваецца.

Дзяўчына на імгнене задумалася, стрэльнула вочкамі на новага госця і адказала:

– Такому сінявокому вельмі падыходзіць імя Валошка.

– Валошка дык Валошка, – пагадзіўся Рамуальд.

– У мяне ўжо ёсць мянушка – Базан, – запярэчыў Тадзік.

– Добра, будзеш мець двайную клічку Базан-Валошка, – вынес канчатковае рашэнне Рамуальд.

Па ўсім было відаць, што менавіта гэты хлопец з’яўляецца кіраўніком, таму Тадзік мімаволі скіраваў на яго ўвагу. Яшчэ не паспеў разгледзець як след прысутных тут хлопцаў, як Рамуальд неадкладна прадставіў яму ўсіх:

– Мяне ты ведаеш, мая клічка Рамонак, Люцыян – Люцык, Зянон, з якім ты пакуль незнаёмы, – Званочак, Яўген, для мяне больш звыкла называць яго проста Генік – Вяргіня. У цябе будзе час пазнаёміцца з усімі бліжэй і больш, а цяпер пра галоўнае. Мы ўваходзім у падпольны партызанскі атрад "Шанец". Ці згодны ты далучыцца да нашай барацьбы супраць захопнікаў?

– Безумоўна, згодны. Дзеля гэтага я і прыйшоў з хлопцамі ў Брэст. Праўда, мне толькі пра аднаго вядома, што ён загінуў. Астатнія пакінулі мяне ў пана Руткоўскага і больш не з’явіліся.

– Здараецца, што нашы людзі гінуць выконваючы заданні, але ў сэрцы Радзімы яны застануцца жыць назаўсёды. Гэта самы высокі гонар – загінуць за яе вольнасць і шчаслівую будучыню.

– Калі я ўступаю ў партызанскі атрад, дык спадзяюся атрымаць зброю, каб чым змагацца з ворагамі.

– Які шпаркі! – засмяяўся Люцыян. – Зброю трэба здабыць. Ты ж разумееш, што ў нас няма завода, які б выпускаў "калашнікавы" і "шмайсеры".

– Сапраўды, са зброяй у нас дрэннавата, але маючы галовы, якія ўмеюць думаць, і рукі, здатныя тое-сёе майстраваць, мы не зусім бяззбройныя. Да таго ж выбіць вока фашысту можна і са звычайнай рагаткі, – засмяяўся Генік. – Але пра спосабы нашай барацьбы – пазней. Калі ты згодны далучыцца, ды мусіш прынесці прысягу.

– Я гатовы, – адказаў Тадзік.

– Добра, тады чытай гэты тэкст.

Тадзік пачаў чытаць урачыста, прамаўляючы кожнае слова выразна і з пачуццём адданасці і веры абранай справе, ажно павільготнелі вочы, чаго ён засаромеўся:

– Я прысягаю Богам і Айчынаю, што буду захоўваць у вялікім сакрэце звесткі пра нашу арганізацыю, і ні пад якімі допытамі і нават пад пагрозаю смерці не выдам нікога са сваіх паплечнікаў. Прысягаю не шкадаваць жыцця дзеля вольнасці майго народа і зямлі.

– Віншую, цяпер ты наш і з намі, – сказаў Рамуальд, паціснуў Тадэвушу руку і абняў.

Астатнія таксама паўставалі з-за стала, віншавалі новага сябра з уступленнем у атрад. Тадзік адчуваў сябе шчаслівым, што нарэшце знайшоў аднадумцаў, з якімі можна будзе распачаць барацьбу з ворагамі. Калі ўсе зноў селі за стол, Тадзік спытаў:

– Дык чым жа мы будзем займацца? Як выглядае тое нямецкае паляванне, пра якое вы казалі надоечы?

– На жаль, пахваліцца нам пакуль няма чым. Рэйкі не ўзрываем і цягнікі пад адхон не пускаем, але робім малую будзённую дыверсійную работу. Яна на першы погляд непрыкметная. Аднак прыносіць шмат непрыемнасцей немцам.

– Ёсць у нас меткія стралкі, якія двойчы абстрэлялі аўтамабілі з афіцэрамі на дарозе, удала пілуем тэлефонныя слупы, чым псуем фашыстам настрой, раскідаем шыпы для праколвання шын. Нашы людзі працуюць у вагонным дэпо і таксама знаходзяць магчымасць нашкодзіць ворагам. Хопіць і табе добрых спраў, але не адразу, а з часам.