Выбрать главу

Гэтае паведамленне расчаравала Тадзіка, і ён спытаў:

– Гэта ўсё добра, але ж хочацца сапраўднай барацьбы. Слупы немцы паставяць новыя. А маіх двух сяброў, якіх яны расстралялі, ужо мне ніхто не верне. Вось я і прагну знішчаць іх, каб адпомсціць за маю асабістую вялікую страту.

– Мы таксама гэтага прагнем, – горача сказаў Люцык, – а таму рыхтуемся, збіраем аднадумцаў, каб аднойчы падняцца разам. Мы ж не адны. Чакаем дапамогу з Варшавы, а мо і з самога Лондана.

– Так, трэба трохі патрываць, – супакоіў Тадзіка Рамуальд. – Думаю, што летам здолеем распачаць сапраўдную барацьбу. А пакуль будзем шукаць аднадумцаў і спосабы, як помсціць фашыстам. – Званочак, пакліч Яніну.

Шчуплы і рухавы Зянон падхапіўся, выслізнуў за дзверы, а праз хвіліну з’явіўся з дзяўчынаю.

– Яня, зрабі нам якой гарбаткі, калі ласка, – папрасіў Рамуальд.

– Усё гатова, зараз нясу.

Яніна выйшла, Рамуальд паглядзеў ёй услед і сказаў:

– Яніна – дзяўчына добрая, але нам не варта злоўжываць яе гасціннасцю, каб не наклікаць бяду на гэтую хату. Дзе і калі сустрэнемся ў наступны раз, паведамлю асабіста кожнаму праз тыдзень. Усе вашы адрасы я ведаю, толькі Базан-Валошка – у нас чалавек новы, але яго заўсёды можна знайсці ў гебітскамісарыяце.

– У яго ж таксама ёсць адрас, – заўважыў Генік.

– Так, ёсць адрас, ён здымае кватэру ў нейкай чужой кабеты, якая ў выпадку правалу не будзе выгароджваць кватаранта.

– Яна добрая жанчына, – заступіўся за пані Магду Тадзік. – Да таго ж самотная. Саветы забралі ў турму яе сына і брата.

– Сітуацыя зразумелая, але нам трэба пазбягаць лішняй рызыкі, – сказаў Рамульд, устаў з-за стала, пачаў настройваць патэфон.

У гэты момант увайшла Яніна з падносам застаўленым кубкамі, заварнічкам і талеркаю, на якой узвышалася горка аладкаў. Хлопцы сустрэлі яе задаволенымі воклічамі.

– Я дарма часу не губляла, пакуль вы тут сакрэтнічалі, напекла аладкаў.

– Маці не будзе сварыцца? – спытаў Генік і прыжмурыў хітраватыя вочы. – Мо апошнюю муку скарыстала?

– Яна ж ведае, што трэба мне заводзіць нейкія знаёмствы з хлопцамі. Некалі ж трэба і замуж выходзіць. Хто мяне, такую дылду, схопіць?

– Пра што гаворка, Янінка, ды прыгажэйшай за цябе дзяўчыны няма на свеце, – сказаў Рамуальд. – Дай, Божа, дажыць да канца вайны, першы прыбягу сватацца.

Яніна сарамліва заружовелася, разліла ў кубкі гарбату, сказала толькі:

– Частуйцеся на здароўе.

– І ты з намі сядай.

– Пайду, не буду вам замінаць.

– Што ты кажаш, зараз патэфон завядзём і патанчым, як усе добрыя людзі. У нас свята – новага сябра прыдбалі, – кіраваў працэсам Рамуальд.

Яніна сціпла села да стала, пачала сёрбаць гарбату, да аладкаў не дакранулася. Тадзік паглядзеў на яе тварык з дробнымі рысамі і падумаў мімаволі, што яна вельмі не падобная на бесцырымонную Веру, але таксама чакае кахання, спадзяецца на шчасце. Што ж, і правільна робіць. Не вечна ж тут будуць уладарыць фашысты.

17

Сяргей збіўся з падліку, колькі дзён ён з Цітам і яшчэ двума хлопцамі з суседняй вёскі, Сцёпам і Колем, дабіраўся да лагера ўкраінскіх нацыяналістаў. Мала дзе ўдавалася пад’ехаць возам, больш даводзілася рухацца пешкі, праходзячы кіламетраў па сорак за дзень. Пры гэтым выбіралі палявыя сцежкі і дарогі, каб лішні раз не сустракацца з немцамі і паліцаямі. У Ціта была нейкая самаробная карта, якою ён кіраваўся, і казаў, што ўжо разоў пяць прайшоў гэтаю дарогаю. Вёскі абыходзілі бокам, пакуль мелі свае харчы, начавалі ў стагах сена ці якіх закінутых збудаваннях. Толькі калі ежы не засталося, ужо на тэрыторыі Украіны колькі разоў заходзілі ў хаты, каб папрасіць хлеба. Тады ж Ціт у гаворцы адразу перайшоў з палескага дыялекта на ўкраінскую мову і тое ж параіў зрабіць спадарожнікам. Хлопцы было засумняваліся, спасылаючыся на няведанне мовы, але Ціт настойліва параіў вучыцца. Ды, зрэшты, іншага выйсця не было. Усе яны ішлі ў невядомасць, ратуючыся ад немцаў, якія маглі спаткаць уцекачоў і на Украіне. Ніхто з іх не ведаў, што будзе з бацькамі, сёстрамі і братамі, якія засталіся дома. Раптам немцы расправяцца з імі за ўцёкі сыноў. Ішлі моўчкі, стараліся ні пра што не думаць, каб не наганяць тугу на сэрца.

Даўся ў знакі Сяргею гэты пераход. Мазалёў панаціраў, ногі балелі, ажно распухлі, а Ціт адно пасмейваецца: "Лайдак за працу – мазоль за цела". Па ўсім было відаць, што ён звык да такіх доўгіх і далёкіх пераходаў, але і сам таксама стамляўся ў канцы дня і, калі даходзілі да чаргова стога, валіўся на сена і з гадзіну ляжаў нерухома, адпачываў.