Выбрать главу

Лагер украінскіх нацыяналістаў знаходзіўся на тэрыторыі Ровенскай вобласці. Ці мог думаць калі Сяргей, што яму давядзецца так далёка хавацца ад немцаў? Але хто ведае свой лёс наперад? Ён ішоў услед за Цітам міма шэрых палатак, пастаўленых у лесе, а той вітаўся з сустрэчнымі мужчынамі за руку і ўсім казаў, што прывёў землякоў, за што яго хвалілі і жадалі папаўненню ўдачы і перамогі ў сумеснай барацьбе. Насельнікі лагера былі апрануты па-рознаму: у цывільнае адзенне ці ў вайсковую форму, але ва ўсіх на шапках красаваўся трохзубец. Ціт прыбадзёрыўся, атрос пыл з адзення, аб сухі быльнёг пачысціў боты, загадаў тое ж зрабіць прыведзеным хлопцам і адразу накіраваўся ў самую новую і вялікую палатку да атамана Грака (так ён назваў лідэра гэтай групоўкі), каб паведаміць пра сваё ўдалае вяртанне. Вакол новых ваяроў сабраліся насельнікі лагера, разглядвалі, распытвалі, скуль прыйшлі.

– З Палесся мы, з-пад Берасця, – адказаў Сяргей.

– Палешукі-і-і, – сказаў адзін расцягваючы словы. – Вам тут таксама справа знойдзецца, далучайцеся. Шкода, што ў вас ніякае зброі няма.

– Былі б рукі, зброя знойдзецца. Нам родная зямля дапамагае, а кожны камень за зброю паслужыць, – сказаў другі.

– Яно так, але ў госці лепш хадзіць са сваім салам.

– Мы не ў госці, мы назусім, – сказаў адзін з хлопцаў, прыведзеных Цітам.

– Малайцы! Нашы! Ваяры! – задаволена выказваліся лясныя браты.

Потым палешукоў па адным сталі выклікаць да атамана. Сяргей увашоў апошнім. Атаман Грак – невысокі, таўставаты, са смалянымі валасамі, пранізлівымі, трохі на выкаце, вачамі, акінуў позіркам постаць Сяргея і сказаў:

– Бач ты, выгнала цябе, як аглоблю. Колькі гадоў маеш?

– Шаснаццаць, – адказаў Сяргей.

– Скуль родам?

– З-пад Берасця.

– Якой нацыянальнасці?

– Тамашняй, праваслаўны…

– Запомні, ты ўкраінец, – урачыста прамовіў Грак і ўпарта звёў кудлатыя, як вусені, бровы да пераносся. – І ўся Берасцейшчына наша! Нават немцы сцямілі гэта і далучылі яе да Украіны пасля акупацыі, калі праводзілі адміністрацыйнае дзяленне захопленай тэрыторыі.

– Не ведаю, ні бацька, ні маці ніколі не казалі, што яны ўкраінцы…

– Чаго ты сюды прыйшоў?

– Солтыс загадаў мне збірацца ў Германію. Я вырашыў, што лепш застацца тут, чым слугаваць захопнікам.

– Правільна вырашыў.

– А цяпер сумняваюся. Паглядзеў вакол: палаткі, хлопцы са зброяй. Мне б якую сялянскую работу рабіць, ваяваць не навучаны.

– Не ўмееш – навучым, зробім з цябе сапраўднага казака.

– Мо рана мне яшчэ ваяваць?

– Ваяваць за вольнасць Радзімы ніколі не рана! Мы жывём на сваёй зямлі тысячу гадоў! Германцы ўжо не раз прыходзілі сюды і былі выгнаныя! Ні манголы, ні гуны, ні татары не здолелі нас знішчыць. Не адолелі нас ні колішняя панская Польшча, ні царская Расія. Наадварот, мы перажывём гэтыя дзяржавы! Нашая нацыя выжыве і перажыве азіятскую імперыю Сталіна і нямецкую імперыю Гітлера, абедзве яны ўтварыліся на гвалце, хлусні і рабаўніцтве. Гісторыя паказвае, што такія імперыі хутка распадаюцца, самі сябе знішчаюць.

Грак хадзіў з кутка ў куток і ўсё больш распаляўся ў сваёй прамове. Ён ужо выкрыкваў асобныя фразы, як быццам гэта былі палымяныя лозунгі:

– Мы ніколі не памяняем нашу волю на кавалак хлеба іншаземнага захопніка, на новую, так званую вышэйшую культуру і на антычалавечую ідэю! Мы жадаем мець уласную культуру і кавалак хлеба, зароблены ўласнымі рукамі! Мы хочам быць вольныя і шчаслівыя! І не пашкадуем уласнае крыві і жыцця для дасягнення гэтае мэты. Якая б навалач не прыходзіла на нашу зямлю, якія б ні былі чужынскія ідэі ды тэорыі, навязаныя нам акупантамі, украінскі народ ніколі не саб’ецца са свайго праведнага шляху!..

Атаман гаварыў і гаварыў, быццам перад ім стаяў не перапалоханы і стомлены юнак, а цэлы народ. Хлопец слухаў і ўзрушана думаў: ніколі нават не ўяўляў, што ёсць на свеце такія змагары, такія апантаныя людзі, здатныя змагацца на смерць з ворагамі. Той палячок Тадзік, што жыў у пана Руткоўскага, таксама нешта лепятаў пра вызваленне Радзімы. Але таму падлетку было далёка да гэтага атамана, у якім адчувалася вялікая сіла і імкненне да справядлівасці. Радзіма Сяргею ўяўлялася толькі вёскаю Вялікая Багна, там засталася ягоная маці, брат, хата, поле, ваколіцы, усё тое, што ён добра ведаў і любіў. Зямля, на якой ён жыў, называлася Заходняй Беларуссю, або па-польску Усходнімі Крэсамі. У залежнасці, хто з якога боку глядзеў, з захаду ці з усходу. Яна не здолела стаць самастойнаю краінаю. Яе далучалі ці да панскай Польшчы, ці да савецкай Беларусі, а цяпер немцы часткова далучылі да Украіны. Яго Радзіму дзялілі, як пірог, рэзалі на кавалкі і спажывалі, як каму хацелася. А Сяргей у гэтай вялікай дзяльбе і няшчаднай бойцы хацеў выратаваць уласнае жыццё, толькі пра яго ён зараз клапаціўся.