– Мы павінны забыць пра сваіх родных, пра свае прыхамаці, перастаць дрыжаць за сваю шкуру, бо адна ў нас мэта – пабудова самастойнай саборнай Украінскай Дзяржавы! І зрабіць гэта можам толькі мы, украінцы, уласнымі рукамі, згуртаваныя вакол сваёй нацыянальнай ідэі. Утвораная ў эміграцыі Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў сваім галоўным прызначэннем ухваліла найсвяцейшае памкненне кожнага ўкраінца: здабыць Украінскую Дзяржаву або загінуць за яе! Украінская нацыя будзе жыць насуперак д’ябальскім планам Гітлера і Сталіна! Зразумей гэта і назаўсёды запомні, малады казак! Я даю табу новае імя Удод. Ведаеш, ёсць такая прыгожая даўганогая птушка. Ты атрымаў новае хрышчэнне. А цяпер ідзі і выконвай свой свяшчэнны абавязак!
Сяргей выйшаў агаломшаны. Ён стаяў колькі хвілін ля палаткі атамана, не ведаючы, што павінен рабіць, куды пайсці, а найбольш яму хацелася зараз апынуцца ў сваёй хаце, ні пра што не думаць, нічога і нікога не баяцца. Але гэта было немагчыма. Да яго падышоў Ціт, спытаў насмешліва:
– Ты чаго такі, як у ваду апушчаны?
Сяргей нічога не адказаў, толькі ўтаропіўся ў земляка, быццам шукаў адказу на нейкія невырашальныя пытанні.
– Чаго маўчыш? Вялікае ўражанне зрабіў на цябе атаман? Ён – чалавек! Такіх пашукаць!
– Я не здолею тут... ваяваць… чым… як… можа, мне вярнуцца? – прамармытаў хлопец.
– Годзе табе, расплакаўся, як мамчын сынок. Цяпер ты належыш Украіне, яе патрыятычнаму войску, толькі яно табе будзе даваць загады і дазвол.
– Атаман даў мне новае імя…
– Мянушку? І якую?
– Удод.
– Выдатна, бачыў я аднойчы тую птушку. Хлопцы злавілі, у лагер прынеслі, дык яна нам усю палатку запаскудзіла, са страху ці што яе дрысня прабрала, – засмяяўся Ціт. – Давялося выпусціць, хаця яна даволі вялікая, можна было б і з’есці. Пайшлі, казакі клікалі на кухню абедаць, калі спознімся, давядзецца трываць да вячэры. Тут лішняй ежы не бывае, што варыцца, тое і з’ядаецца. Хлопцы ўсе магутныя, для падтрымкі моцы ім трэба добра харчавацца.
Ціт ухапіў Сяргея за рукаў і пацягнуў за сабою. Хлопец на непаслухмяных нагах пасунуўся за ім і хутка ўбачыў доўгі самаробны драўляны стол, за якім сядзела некалькі дзясяткаў чалавек і сёрбалі варыва.
– Вось бачыш, я ж казаў, спазніліся на першы заход, – са шкадаваннем сказаў Ціт. – Нічога, паабедаем другім заходам, – усцешыў ён хлопца. – Пайшлі, вунь пад сасною нашы сядзяць.
Сяргей зірнуў у той бок, куды паказаў Камар і ўбачыў спадарожнікаў, якія прыйшлі з ім сюды, яны нешта ціха абмяркоўвалі між сабою. Ціт спытаў:
– Вы чаго не за сталом?
– Цябе чакалі, – адказаў Коля.
– Нас пратурылі, – з крыўдаю прамовіў Сцяпан. – Сказалі, што абед на нас не разлічаны, бо мы яшчэ не прынятыя ў курэнь.
– Не хвалюйцеся. Зараз я ўдакладню, пачакайце крыху. Гэта нехта няўдала пажартаваў, – адказаў Ціт і падаўся зноў да атаманскай палаткі.
Ён вярнуўся хутка і сказаў:
– Усё добра, хлопцы. Абед на нас сапраўды не ўлічылі, але зараз пойдзем на кухню і атрымаем належнае нам сухім пайком, вячэраць будзем разам з усім. Заўтра вам выдадуць вінтоўкі і будзеце вы ваякі вышэйшага гатунку. Пайшлі!
Сяргей яшчэ раз зірнуў на тых мужчын, што абедалі за сталом, адзін твар яму падаўся знаёмы.
– Глядзі, Камар, – азваўся ён да Ціта па мянушцы, – вунь чалавек падобны да нашага Лёні Парахнюка.
– Дык гэта ж ён і ёсць.
– Якім чынам ён тут апынуўся?
– У трыццаць дзявятым, перад самым пачаткам вайны палякі мабілізавалі яго ў войска, як рэзервіста, хоць на той час быў ён ужо жанаты і меў дзіця. Пасля трапіў у нямецкі палон, стуль уцёк. І цяпер – з намі, баявы камандзір. Мянушка Варнак. Вось хто варты таго, каб браць з яго прыклад.
– Чаму ж ён да нас не падышоў?
– Са мною вітаўся і гутарыў, пакуль ты з атаманам сустракаўся. А цябе не помніць. Ты ж да вайны зусім малы быў, падшыванец. Гэта цяпер выцягнуўся, як жэрдка. Пайшлі, не будзем замінаць яму абедаць. Я вас пасля пазнаёмлю, – адказаў Ціт і накіраваўся да палаткі, скуль ішоў апетытны пах нечым смачным.
18
Сяргеева разгубленасць і няўпэўненасць у сабе адступілі пасля таго, як яму выдалі вінтоўку нямецкага ўзору, паўсотні патронаў да яе ды паказалі, як страляць. Цяпер ён старанна вучыўся разбіраць і чысціць асабістую зброю. Прасіў Камара паказаць яму наган, пазабаўляўся з ім, як з цацкаю. Акрамя таго, навічкам паказалі некалькі кулямётаў, праводзілі з імі страявую і баявую падрыхтоўку і штодня вучылі, што да ворагаў яны не павіны адчуваць ніякае шкадобы, бо яна замінае змагару за волю, пашкадуеш акупанта – і ён хіжа знішчыць цябе. Сяргею часам нават не верылася, што гэта менавіта з ім адбываюцца такія незвычайныя падзеі. Цяперашняе жыццё было вельмі падобнае на гульню дарослых людзей у вайну, бо пакуль ніхто не страляў, не лілася кроў, ніхто не паміраў. Амаль кожны дзень асобныя гурты казакоў ездзілі здабываць харчы па вёсках, вярталіся з поўнымі вазамі, задаволеныя, найчасцей на падпітку. Расказвалі пра дзяўчат і маладзіц, якіх між справамі паспелі пакахаць ды рваліся зноў у экспедыцыю, як яны называлі тыя вылазкі. Дайшла чарга і да Сяргея выправіцца з гуртам па харчы. Пайшлі пешкі, маючы намер канфіскаваць коней і вазы ў тых сялян, якія будуць асабліва ўпарціцца і трымацца за сваё дабро. Такія скупярдзяі заўсёды знаходзіліся ў кожным сяле. Іх каралі за тое, што тыя не жадалі дапамагаць ратаваць Радзіму. Пра гэта таксама расказвалі гракоўцы, як найчасцей сябе называлі лясныя браты з гэтага атрада. Вельмі ж яны паважалі і любілі свайго атамана.