Гурт прайшоў вялікім лесам, які спрэс акрыўся маладою лістотаю, выглядаў свежым і ўрачыстым. Было прыемна ісці пад высознымі соснамі, якія час ад часу змяняліся вясёлымі купкамі бярозак. Пасля пацягнуўся непралазны гушчар. Сяргей па сялянскай звычцы спрабаваў запомніць сцежкі і кірунак па сонцы, куды яны ішлі. Побач тупаў Коля: нізкарослы, але моцны хлопец гадоў васямнаццаці, адзін з тых, што прыйшоў разам з ім на Украіну. Ён кпіў з худога і доўгага Сяргея:
– Здаецца, ты зараз зламаешся ад гэтае вінтоўкі.
– Трымайся далей, каб я на цябе не ўпаў.
– Ага, такая дубіна, як зваліцца, дык доўга будзеш чухацца.
– Пагавары яшчэ, дык як увалю прыкладам разоў пяць, не будзеш языком дарма мянташыць.
– Дык мая вінтоўка таксама прыклад мае, добра можа прыкласціся, – адказаў Коля.
– Доўгія людзі – гнуткія. Яны не ламаюцца. А вось такія як ты, стручкі, у момант лопаюцца, бы гарох.
Украінец, які ішоў ззаду упікнуў іх:
– Вы быццам не землякі, а ворагі якія.
– Гэта ў нас зарадка такая, адзін на аднаго пабрэшам, дык лепей з ворагамі будзем змагацца, – смеючыся, адказаў Коля. – Ды якія з нас землякі? Жывём у розных вёсках. Мы хлопцаў з Вялікай Багны не раз добра малацілі.
– Але і самі даставалі, – не прамінуў укусіць сябра Сяргей. – Ваш хлопец у бойцы застаўся адзін на адзін з нашым, крычыць са страху: "Або бі, або ўцякай!"
– Гэта ў нас пра вашага такое расказвалі.
– Чаго вы так развесяліліся? Мусіць, не на добрае, – заўважыў усё той жа ўкраінец.
– Не каркай, – адрэзаў Коля.
Нарэшце гурт выбіўся з гушчару і апынуўся на прагаліне. Раптам Ціт, які ішоў наперадзе, падаў знак спыніцца і залегчы. І толькі зараз усе ўбачылі ўзброеных людзей, якія зводдаль рухаліся ланцужком адзін за адным. Было падобна, што яны адчувалі сябе ў поўнай бяспецы.
– Хто там? – спытаў Ціт.
– Не разабраць. Няхай бліжэй падыйдуць, – адказаў нехта з казакоў.
Невядомыя людзі ўсё ішлі і ішлі ўпэўнена, не азіраліся нават па баках, мусіць, пасылалі ўперад выведку і былі перакананыя, што тут яны гаспадары. Было іх чалавек з паўсотні, што ў тры разы перавышала колькасць казакоў.
– Партызаны, на шапках чырвоныя зоркі, – сказаў Ціт і спытаў: – будзем біць маскалёў?
– Мала нас, – запярэчыў нехта з гурту.
– Хоць напалохаем, каб не поўзалі па нашай зямлі! Рыхтавацца да бою.
Калі чужакі наблізіліся на адлегласць стрэлу, Ціт загадаў:
– Агонь па ворагах нашага народа!
Стрэлы зламалі ланцужок партызанаў, кінулі іх на зямлю. Яны таксама пачалі адстрэльвацца, дрэнна пакуль арыентуючыся, дзе знаходзіцца праціўнік. Сяргей, хоць і адчуў раптоўны прыступ страху, але не разгубіўся, страляў некуды ў прастору, не бачачы за кустоўем нікога.
– У мяне патроны на зыходзе, – сказаў Коля.
– У мяне таксама не густа, – адказаў Сяргей. – Трэба ашчаджаць...
Партызаны заўважылі, што агонь з боку казакоў зменшыўся, ускочылі і рынуліся ў атаку.
– Падрыхтаваць гранаты, – загадаў Ціт.
Коля выхапіў гранату, падняўся, сарваў чаку і шпурнуў лімонку ў бок партызанаў. У гэты моман аўтаматная чарга прашыла яго, ён здрыгануўся, як ад моцнага ўдару, і ўпаў, быццам пераламаўся надвое. Сяргей кінуўся да яго, перавярнуў угору тварам, убачыў збялелыя вусны і куртку, якая набрыняла, набіралася крывёю.
– Камар, Коля паранены, – аклікнуў Сяргей Ціта.