Выбрать главу

– Валачы яго назад, да лагера, а мы застаёмся!

Сяргей падхапіў Колю пад пахі і пацягнуў у гушчар. Хлопец быў цяжкі. Хто б мог падумаць, што такі маларослы дзяцюк можа мець такую вялікую вагу. Сяргей паспрабаваў узняць яго на плечы, каб несці, але не здолеў, не хапіла сілы. Ён валок параненага сябра, а той быццам знарок, чапляўся за пні і голле, незаўважна пагубляў чаравікі. Сяргей не стаў вяртацца і шукаць іх, а глядзеў у непрытомны Колеў твар і плакаў ад злосці і жалю. Ззаду ўсё яшчэ чуліся стрэлы. Але яны адхіляліся ўбок, мусіць, Ціт адступаў з казакамі і адводзіў партызанаў далей ад месцазнаходжання лагера.

Нарэшце, калі Сяргей зусім выбіўся з сілы і прысеў пад сасною перадыхнуць, агледзеўся і зразумеў, што зноў трапіў у гушчар, у запале адчаю і злосці прайшоў кругам і вярнуўся ледзь не на тое самае месца, дзе гурт сутыкнуўся з партызанамі. У лесе ўжо было ціха, толькі птушкі цвіркаталі, занятыя сваімі клопатамі.

Сяргей зноў пацягнуў Колю, цяпер ужо асэнсавана, прыглядаўся да сцежак, арыентаваўся па сонцы. Ім авалодала рашучасць і ўпэўненасць, што ён дацягне параненага да лагера. За імі слаўся крывавы след і мачыў траву. Калі нарэшце выбіўся з гушчару, стала лягчэй цягнуць хаўрусніка па ігліцы, цела быццам коўзалася па ёй.

Недзе за кіламетр да лагера Сяргей зусім знямогся, да ванітаў даймаў прытарны пах крыві, якая чорнымі згусткамі застывала на куртцы параненага. Ён пасядзеў, трохі адпачыў, схаваў Колю пад корч, накрыў зламанымі галінамі, а сам пабег у лагер па дапамогу. Адразу вярнуўся назад з канём. Разам з хлопцамі асцярожна паклаў Колю на воз. Нехта з хлопцаў спытаў:

– Ці жывы ён? – памацаў пульс. – Сэрца ледзьве цюкае…

– Вязіце, хутчэй, – загадаў Сяргей.

Вазніца крыкнуў на каня, траскі воз хутка пакаціўся па лясной дарозе да лагера. Хлопцы ішлі следам.

– Дзе астатнія? – спытаў адзін казак.

– Хіба яны не вярнуліся? – здзівіўся Сяргей, якому здалося, што ён ледзь не паўдня цягнуў земляка.

– Не. Чаго б я пытаўся?

– Не ведаю. Калі Колю паранілі, мне загадалі ратаваць яго, а самі засталіся. Чым скончылася сутычка, не ведаю. Я заблудзіўся з гарачкі, вярнуўся на тое ж месца. Там ужо нікога не было. І стрэлы сціхлі.

– Пабачым… Мо ўжо вярнуліся… Не варта лішні раз ўвязвацца ў бойку, трэба берагчы сілу і зброю для рашучага моманту, калі ўся Украіна паўстанне супраць ворагаў.

Увайшлі ў лагер. Сяргея адольвала смага, ажно драла горла, ён падаўся да кухні папіць вады. Калі вярнуўся, дык убачыў, што Коля ляжыць нерухома, накрыты вышываным ручніком, а хлопцы капаюць магілу.

– Ён быў жывы, жывы, – закрычаў Сяргей, не верачы ў смерць земляка.

– Быў жывы, а цяпер няма, зямля яму пухам, – спакойна адказаў стараваты кухар Дзем, які выкідаў рыдлёкаю з ямы зямлю. – Вайна – дрэнная гульня. Хто прайграў – той ідзе на вечны спачын. Беражыце сябе, хлопцы…

Дзем спыніўся, выцер пот з ілба. Пастаяў колькі хвілін, узіраючыся перад сабой.

– Адпачні, бацька, – сказаў адзін з хлопцаў, – давай я пакапаю.

– Бяры, хай яно спрахне, такое жыццё, – Дзем плюнуў сабе пад ногі і вылез з ямы.

Сяргей глядзеў на Колю, не здатны яшчэ зразумець, што апошнія хвіліны ён бачыць сябра, зараз яго закапаюць, і ўсё скончыцца для гэтага хлопца з суседняй вёскі, які ішоў ратавацца да ўкраінцаў, а знайшоў тут сваю смерць. "Можа, і мяне аднойчы падкосіць нейкая злая куля і пакладзе дачасна ў магілу, – са страхам падумаў ён, ажно дрыжыкі халоднай хваляй прайшлі па спіне. – І маці ніколі не даведаецца, дзе я пахаваны, каб прыйсці і дагледзець магілу на Радаўніцу. Дык дзеля чаго я прыйшоў сюды? Што мне трэба? Куды падзецца ад неміласэрнага лёсу?" Раптоўна ён адчуў вялікую нянавісць да партызанаў, якія забралі жыцці ў ягонага брата і сябра, да немцаў, якія прыйшлі і парушылі звычайны лад жыцця, знішчылі спакой і мір, разбурылі такі звыклы свет! І ён падумаў, што ад гэтага дня ён ведае сваіх ворагаў і будзе змагацца з імі, чаго б гэта яму ні каштавала. Ён не лепшы за брата і сябра, і калі трэба будзе, дык памрэ. Але яму абавязкова патрэбна дажыць да таго часу, калі ён здолее вярнуцца ў сваю вёску і адшукаць тых, хто быў звязаны з партызанамі і данёс на яго брата, каб жорстка адпомсціць, каб яны заліваліся крывёю і каналі ад ягоных срэлаў…

Нехта паклаў яму руку на плячо і сказаў:

– Не бядуй, зямляк. Каму суджана памерці, той памрэ так ці інакш, каму суджана жыць – выжыве. Лёс у кожнага свой, разумееш?

Сяргей павярнуў галаву і ўбачыў Лёню Парахнюка, захацелася ўткнуцца тварам яму ў плячо і выплакацца, але Сяргей стрымаў сябе і толькі цяжка ўздыхнуў і праглынуў даўкі камяк, які падступіў да горла.