19
Ад новых знаёмых Тадзік Сапранецкі таксама не дачакаўся актыўнай дзейнасці. Некалькі разоў яму давалі жалезныя шыпы, якія ён раскідаў на вуліцы, нават некалькі разоў хадзіў на шашу. Аднойчы апоўначы спрабавалі спілаваць тэлефонныя слупы, але якраз ішла нямецкая калона машын і перашкодзіла задуме хлопцаў. Так і цягнулася бяздзейнасць ажно да лета, пакуль нарэшце Рамуальд не паклікаў Сапранецкага на явачную кватэру зноў да той жа Яніны і паведаміў, што партызанскі атрад "Шанец" уліваецца ў новае падраздзяленне "Вахляж".
– "Вахляж" – веер? – здзівіўся Тадзік.
– Так, менавіта веерам ад Варшавы разышліся пасланцы на ўсход і поўдзень, каб будзіць народ, ствараць новыя атрады, падымаць Польшчу супраць захопнікаў.
– Дык яны з Варшавы?
– Гэта сапраўдныя дыверсанты, якіх падрыхтавалі ў Лондане, а потым скінулі на парашутах каля Варшавы. Іх яшчэ называюць ціхацёмнымі. Разумееш? Цяпер пачнецца сапраўдная барацьба!
– А зброя ў іх ёсць?
– Усё будзе, праўда, не адразу. Дык як ты, уступаеш у "Вахляж"?
– Ты яшчэ пытаеш! Безумоўна, хутчэй бы ўсё пачалося!
– Мая размова папярэдняя, чакай выкліку, – сказаў Рамуальд.
– Зноў чакаць? Колькі можна чакаць? – абурана спытаў Тадзік.
– Колькі трэба. Ведаеш, у Варшаве сядзяць людзі дасведчаныя. Яны распрацоўваюць стратэгію і тактыку барацьбы, а мы з табою ўсяго шараговыя жаўнеры, ад якіх патрабуецца не толькі актыўнасць, але і ўменне чакаць свайго часу, – адрэзаў Рамуальд.
У дзверы пастукалі. Увайшла Яніна, усміхнулася, ціха спытала:
– Хлопчыкі, можа, гарбату згатаваць?
– Дзякуем, Янечка, нічога не трэба, мы, бадай, пойдзем зараз, а тваю гарбату абавязкова вып’ем іншым разам, – адказаў Рамуальд, устаў з-за стала і накіраваўся да дзвярэй, на развітанне пацалаваў ёй руку.
Тадзік таксама спыніўся каля дзяўчыны, заўважыў, што яна роўная з ім ростам, міжволі падумаў: "Лепш было б ёй нарадзіцца хлопцам". Схіліў галаву, узяў яе цёплую і пяшчотную далонь, затрымаў на імгненне і лёгка дакрануўся вуснамі.
Дзверы за змоўшчыкамі ціха прычыніліся, праз колькі хвілін яны былі ўжо на вуліцы, развіталіся поціскам рук і разышліся ў розныя бакі. Гэтыя некалькі месяцаў Тадзік пражыў нудна, нават некалькі разоў наведваў маёнтак Руту, сустракаўся з Вераю, цалаваўся з ёю ў пуні, але душою яна была яму чужая, таму не сумаваў па ёй і мала думаў пра мінулыя спатканні, а сумеснае наступнае нават і не спрабаваў уяўляць, бо ведаў: цяпер ён належыць партызанскаму атраду, які ва ўсялякі момант можа прыклікаць яго на змаганне з ворагам. Раней быў "Шанец", цяпер вось з’явіўся "Вахляж", будучыня абяцала жаданыя перамены.
Толькі ў чэрвені Рамуальд завітаў пад вечар да Тадзіка на кватэру, чаго ніколі не рабіў раней, і сказаў коратка:
– Збірайся. Пойдзем на заданне.
– А як жа праца, кватэра, пані Магда?
– Пан Руткоўскі ведае пра тое, што ты будзеш адсутнічаць, колькі спатрэбіцца. Пані Магдзе можаш сказаць, што паедзеш у камандзіроўку.
Тадзік сабраўся за пяць хвілін, згрузіў у заплечнік самы каштоўны хлапечы скарб, які ў яго завёўся на той час, таропка развітаўся з пані Магдай, чым, здаецца, трохі пакрыўдзіў яе. Хлопцы рушылі на ўскраіну Брэста, спыніліся ў невялікай хаце, дзе ў пакоі было чалавек шэсць маладых мужчын у польскіх вайсковых мундзірах без знакаў адрознення і сіваваты гаспадар у цывільным адзенні. Людзі вячэралі, елі бульбу з салам і цыбуляю, запрасілі да стала і новых ваяроў. Рамуальд, які па ўсім было відаць загодзь пазнаёміўся з усімі, прадставіў Тадзіка:
– Панове, знаёмцеся, гэта Тадэвуш, а правільней сказаць Базан-Валошка. Ты, Тадзік, пазнаёмішся з усімі паступова ў паходзе, часу будзе дастаткова.
– Чаму ж? – запярэчыў паручнік, мусіць, ён быў тут галоўны. – Можна пазнаёміцца, другая справа, што жаўнер усе імёны адразу не запомніць.
– Пра гэта я і кажу, – паспяшаў апраўдацца Рамуальд.
– Сядайце, калі ласка, да стала, – прапанаваў гаспадар і паставіў перад новымі гасцямі па талерцы, паклаў відэльцы.
Мужчыны елі спраўна, без размоў. Бульба, якая стаяла на стале ў вялікай макітры, хутка скончылася, усе ўсталі з-за стала. Паручнік сказаў:
– Дзякуй гаспадарам за вячэру, нам пара.
– Няма за што, – ветліва адказаў гаспадар і таксама пачаў збірацца. – Я выведу вас трохі за горад агародамі, а далей ужо самі знойдзеце дарогу.
Тадзік падняў свой заплечнік і здзівіўся, што ён раптам зрабіўся вельмі цяжкі.
– Мне цэглу сюды паклалі, ці што? – разгублена спытаў ён.
– Узрыўчатку паклалі, трэба ж некаму яе несці. У нас таксама заплечнікі цяжкія, а ты ідзеш пустапарожні, – адказаў Рамуальд.