– Калі ласка, я не супраць. Проста падумаў, мо пажартаваў хто.
– У нас такая дурнота забаронена. Ну, пайшлі, – загадаў паручнік.
Яны рушылі ціха, без размоў, адзін за адным. Тадзік нават не заўважыў, калі знік гаспадар. Хутка пачаўся лес, а яны ўсё ішлі і ішлі, пакуль не пачало развідняць. На маляўнічай лясной паляне паручнік скамандаваў:
– Прывал. Сарока, Жук, Космач – на варту. Праз дзве гадзіны вас заменяць.
Усе, хто дзе стаяў, паселі на траву, з палёгкаю пазіраючы адзін на аднаго. Паскідалі заплечнікі, пачалі даставаць харчы і раскладаць у адну купу, робячы імправізаваны стол. Потым адкрывалі бляшанкі з кансервамі, з апетытам елі і зноў без лішніх размоў. Тадзік трымаўся побач з Рамуальдам, як заведзены рабіў тое, што і хаўруснік. Пасля сняданку хутка сабралі парэшткі, так што і слядоў не засталося, і палеглі покатам спаць. Тадзік таксама лёгка і хутка заснуў, удыхаючы прыемны пах маладой травы. Адчуваў сябе малою часткаю нейкага дзіўнага механізма, ад якога патрабавалася толькі дакладна выконваць каманды. Разумеў, што яго ўзялі толькі ў якасці насільшчыка, аднак і такі давер цешыў самалюбства юнага змагара.
Марш расцягнуўся на два дні. Адпачывалі па чатыры гадзіны і хутка рухаліся зноў, быццам баяліся спазніцца. Ногі і спіна балелі, але, здаецца, ніхто не прыслуховаўся да свайго стану, усе былі апантаныя заданнем, якое ім належала выканаць. Хоць Тадзік нават не ўяўляў, што яму давядзецца рабіць, але быў у прыўзнятым настроі. У грудзях нешта трымцела напятай стрункай, быццам ён ішоў на жаданае спатканне. Спачатку ён не разумеў, як гэтыя людзі так упэўнена могуць рухацца па невядомай мясцовасці праз лес не толькі ўдзень, але і ўначы, а пасля здагадаўся: рухаліся ўдоўж чыгункі, таму што час ад часу чуўся здалёку гул цягнікоў. А яшчэ адна рэч вельмі бянтэжыла хлопца, што яму так і не далі ніякае зброі, толькі нагрузілі узрыўчаткай ягоны заплечнік. Раптам давядзецца ўступіць у бой, а ён не толькі не мае чым адбіцца, але і страляць не ўмее, але гнаў ад сябе трывожныя думкі, рады быў і таму, што далучыўся да сапраўдных змагароў.
На світанку наблізіліся да чыгункі, падняліся па высокім насыпе і адразу прыступілі да працы. Тадзік і Рамуальд засталіся на варце, назіралі, як іхнія паплечнікі спрактыкавана закладвалі ўзрыўчатку, а потым разам чакалі эшалон. Час цягнуўся марудна, здавалася, што менавіта ў гэты дзень рух на чыгунцы спыніўся. Нарэшце здалёку пачуўся гул цягніка. Сэрцы падрыўнікоў закалаціліся ў чаканні выніку зробленай справы. Эшалон набліжаўся, зямля ўздрыгвала пад цяжкімі коламі. Над закладзенай мінай праехаў паравоз. На тварах хлопцаў з’явілася недаўменне: "Няўжо не спрацуе?!" І ў гэты момант выбухнуў узрыў, падняўшы ў паветра слуп агню і дыму. Гарачая паветраная хваля абдала твары падрыўнікоў, застукалі па спінах камякі зямлі. Паравоз сышоў з рэек і пацягнуў за сабой вагоны, яны са страшэнным грукатам грувасціліся адзін на адным, бязладна пераварочваліся, падаючы ўніз.
Паручнік прыўстаў, аглядаючы жудасную карціну, потым задаволена сказаў:
– Зроблена чыста. Падобна на тое, што цягнік вязе амуніцыю і боепрыпасы. Звычайна ў першых вагонах едуць канваіры, давайце пачастуем іх агнём. І першы пачаў страляць з пісталета. Паплечнікі падтрымалі яго вінтовачнымі стрэламі.
Раптам з вагонаў, быццам мурашы высапала мноства немцаў. Эшалон быў запоўнены пяхотаю. Немцы адкрылі густы агонь з аўтаматаў. Паручнік загадаў адбягаць у лес. Падрыўнікі не адстрэльваліся, а беглі з усяе сілы далей ад чыгункі, спадзяваліся, што пагоні за імі не будзе, бо гэтыя немцы павінны прадоўжыць шлях на фронт. Задыханыя, мокрыя ад поту, спыніліся сярод лесу, каб адпачыць і раптам убачылі паміж дрэвалі постаці немцаў, якія прачэсвалі лес.
– Нас шукаюць, далі абвестку па гарнізонах, – ціха сказаў паручнік, – адыходзім у лес, стараемся сябе не выяўляць.
Падрыўнікі спачатку асцярожна адпаўзлі, а пасля падняліся на поўны рост і пабеглі. Галіны хвасталі па тварах, пад нагамі правальваўся мох, ногі спатыкаліся аб карчы, нехта зачапіў сухастоіну, яна звонка трэснула. У адказ пачулася аўтаматная чарга. Немцы рынуліся ўслед за ўцекачамі. Гэтай гонцы, здавалася, не будзе канца. Тадзік задыхаўся, сэрца рвалася з грудзей, хацелася аднаго – упасці пад першы корч і не рухацца, няхай будзе, што будзе. Калі нарэшце страляніна ззаду аціхла, толькі магутны лес калыхаў вяршаліны высокіх соснаў і аднастайна шумеў, ды час ад часу цвіркала нейкая птушка, падпаручнік загадаў спыніцца. Усе напружана прыслухоўваліся, каб не апынуцца пад рулямі аўтаматаў ворагаў. Пагоні не было. Падрыўнікі рушылі шырокім і хуткім крокам далей ад гэтага небяспечнага месца. Толькі гадзіны праз тры спыніліся ля самотнай, забытай людзьмі леснічоўкі. Усе былі настолькі змораныя пасля бяссонае ночы і доўгіх уцёкаў, што не было сілы нават на тое, каб паснедаць. Варту таксама не выставілі. Усе пападалі на падлогу, хто дзе стаяў, і адразу паснулі.