20
Тадзік абудзіўся ад трывожных галасоў.
– Нас акружаюць, гэта паліцыя. Падрыхтавацца да бою! – загадаў паручнік.
– Дайце мне якую зброю, – папрасіў Тадзік.
– Пакуль няма нічога лішняга. Схавайся за грубку, і не высоўвайся стуль, пакуль не паклічу, – загадаў яму паручнік.
Тадзік паслухмяна ўціснуўся ў прагал паміж грубкаю і сцяною і аціх там, слухаючы вінтовачныя стрэлы і кароткія аўтаматныя чэргі. Бой доўжыўся з гадзіну, а мо і болей. Для Тадзіка ён падаўся вечнасцю. Нарэшце прагучала каманда паручніка:
– Прарываемся! Выскокваем адразу праз вокны і дзверы, разбягаемся ў розныя бакі, – загадаў паручнік.
Тадзік выскачыў са сваёй схованкі, убачыў, як паручнік пабег да дзвярэй і адразу зваліўся на парозе. Іншыя падрыўнікі кінуліся да вокнаў. Тадзік таксама апошнім выскачыў з акна і пабег да бліжэйшага кустоўя. Ззаду стралялі, апякло руку вышэй локця, ён інстынктыўна схапіўся за тое месца, дзе адчуў боль, пад даланяю струменілася кроў. "Паранены," – пранеслася ў галаве. Але ён не спыняўся, працягваў уцёкі, заціскаючы рану.
Калі ўжо не засталося ніякае сілы, упаў на зямлю і знепрытомнеў. Абудзіўся толькі пад вечар, сонца кацілася ўніз за сосны. Адчуў млявасць ва ўсім целе і жар. Агледзеў рану. Куля прайшла навылёт. Падумаў, што мусіць шмат крыві згубіў, таму гэтак блага сябе адчувае. Разадраў майку, перавязаў рану, пайшоў проста на захад, спадзеючыся неяк дайсці да Брэста. Цяпер, калі ён застаўся адзін, яму, можа, прасцей гэта было б зрабіць, каб не рана, якая магла выдаць яго немцам. Трэба было асцерагацца сустрэчы з людзьмі. Толькі зараз адчуў, што вельмі хоча есці. Але свой заплечнік ён пакінуў у леснічоўцы. Заставалася харчавацца толькі чарніцамі ды суніцамі, якія яшчэ былі зеленаватыя, але ж усё-такі хоць які наедак.
Ноччу спаць не мог, балела рука, калаціла гарачка, каб сагрэцца, ён мусіў ісці. Толькі ўдзень, калі прыгрэла сонца, зваліўся ў карчах і заснуў. Спаў не доўга. Зноў даймаў страшэнны боль у руцэ, якая прыкметна распухла. Ён рухаўся і рухаўся ўпарта на захад. Нейкая невядомая сіла на трэція суткі прывяла яго ў маёнтак Рута, дзе ён упаў проста ля варот і страціў прытомнасць. Абудзіўся, расплюшчыў вочы і са здіўленнем убачыў, што каля яго сядзіць Вера. Ён спярша падумаў, што трызніць ці нешта сніць. Але ў пакой увайшла Юхімка і радасна сказала:
– Акрыяў наш хлопец! Будзе жыць!
– Як я тут апынуўся?
– Сам прыйшоў, – сказала Вера. – На сваіх дваіх.
Толькі цяпер ён пачаў цьмяна згадваць свой шлях у Руту. І падумаў: "Якое шчасце, што дайшоў. Здаецца, я выратаваны…"
– Ты ж спаў два дні. Мы думалі, што ты ўжо і не прачнешся. Доктар прыходзіў, рану агледзеў, перавязаў, а ты нават нічога не адчуў, – прамовіла спачувальна Юхімка.
– Стаміўся вельмі, – адказаў Тадзік.
– Дзе ж ты быў? – спытала Вера.
– Шмат будзеш ведаць, хутка пастарэеш. А што чуваць у Брэсце і ваколіцах? – пацікавіўся ён, згадваючы сяброў і думаючы, што трэба будзе пашукаць іх, хоць невядома хто з іх выжыў.
– Кажуць, што недзе эшалон партызаны пусцілі пад адхон, цяпер немцы скрозь шныраюць, шукаюць тых злачынцаў.
– Які вынік таго падрыву?
– Кажуць, што шмат немцаў пакалечаных прывезлі ў шпіталі, – сказала Вера.
– Есці будзеш? – пацікавілася Юхімка.
– Угу, – адказаў Тадзік, праглынуў сліну і адчуў, што сапраўды вельмі прагаладаўся.
– Зараз прынясу.
Юхімка выйшла. Вера нахілілася і пацалавала Тадзіка.
– Калючанькі мой, – дзяўчына пагладзіла ягоную шчаку, пакрытаю шчэццю, якую ён ужо з паўгода, як пачаў галіць. – Я вельмі хвалявалася за цябе.
– Не трэба было. Такое наша мужчынскае жыццё, – напусціў на сябе важнасць Тадзік. – Ідзе вайна, трэба змагацца з ворагам да канца.
– Не лез бы ты д’яблу ў пашчу. На гэты раз паранілі, іншым разам і забіць могуць. Я буду вельмі шкадаваць, калі з табою што-небудзь дрэннае здарыцца.
– Ах, Верка, не трэба мяне хаваць раней часу. А калі раптам сапраўды загіну, дык напішы маёй маці пісьмо ў вёску Лазнякі, што пад Беластокам, Сапранецкай Юзэфе, няхай яна ведае праўду.
– Я гэта кажу да таго, каб ты быў асцярожны. Беражонага Бог беражэ, – сказала яна і дакранулася незнарок да параненай рукі.