Выбрать главу

Тадзік прастагнаў ад болю.

– Прабач, я не хацела.

– Нічога… А што доктар сказаў?

– Раненне не цяжкае, але каб яшчэ трохі, дык магла б пачацца гангрэна. Да цябе і пан Руткоўскі наведваўся, але ж ты быў тады непрытомны. Трызніў нешта пра зброю…

"Калі пан Руткоўскі быў, дык мусіць, ён ведае вынік нашай справы, – падумаў Тадзік, – як толькі ачуняю, пайду да яго, каб распытаць, што там з нашымі хлопцамі здарылася".

– Чаго задумаўся? – спытала дзяўчына.

– Нічога, думаю, ці доўга мне давядзецца лячыцца.

– Я хацела б, каб ты застаўся са мною назаўсёды, хворы ці здаровы, мне ўсё роўна, – усміхнулася Вера.

Гэтыя яе словы Тадзіку не спадабаліся, але ён не паспеў нічога адказаць, бо ў пакой увайшла Юхімка, якая прынесла ежу.

– Вось, хлопча, табе курыны булён, знарок зварыла, быццам ведала, што сёння прачнешся, тут мяса і хлеб, сказала яна ставячы паднос на столік каля ложка Тадзіка. Вера, дапамажы панічу сесці. Пад’ясі крыху, а хутка абед прынясу. Ты ўжо больш не спі так доўга, не палохай мяне.

– Добра, добра, – адказаў Тадзік, усаджваючыся зручней, паморшчыўся ад болю.

Юхімка пастаяла і паназірала, як ён есць і засталася задаволена. А потым сказала:

– Вера, прынясеш посуд, а я пайду абед даварваць.

Жанчына пайшла. Вера клапатліва дапамагла Тадзіку легчы, пацалавала на развітанне, засмяялася:

– Смачны булён у цябе на вуснах.

– Верка, не жартуй!

– Паспі да абеду, пасля я зноў прыйду.

Тадзік сапраўды заснуў, быццам браў рэванш за страчаныя сілы і бяссонне. Спаў ён і па абедзе да самага вечара. Пасля вячэры здарылася тое, чаго ён жадаў: да яго зайшоў пан Руткоўскі. Хлопец паспрабаваў падняцца. Але гаспадар маёнтка спыніў яго, сказаў лагодна:

– Ляжы, ляжы…

– Я вельмі крануты вашаю ўвагаю, пан Руткоўскі.

– А я рады, што ты вярнуўся.

– Можа, ведаеце, што з нашымі здарылася там?..

– Ведаю. Трое загнулі, ты і яшчэ адзін параненыя.

– А Рамуальд?

– Ён жывы і здаровы…

– А што з тымі палеглымі? Хто іх пахавае?

– Хто-небудзь дзе-небудзь пахавае. Уся наша зямля хутка будзе брацкаю магілаю.

– Страшна загінуць так, што нават маці не знойдзе магілы.

– Гэта вайна. Нічога не зробіш, тут не да пышных пахаванняў. Як сябе адчуваеш? – спытаў пан Руткоўскі, мяняючы тэму размовы.

– Нічога, выкараскаюся.

– Вось і малайчына. Я табе падарунак падрыхтаваў.

Пан Руткоўскі дастаў з кішэні галіфэ пісталет і падаў Тадзіку.

– Гэта мне? – расчулена ўсміхнуўся Тадзік. – Назусім?

– Безумоўна, Рамуальд навучыць цябе, як карыстацца гэтаю цацкаю.

– Дзякуй вялікі, пан Руткоўскі. Мне без зброі там было вельмі дрэнна.

– Раскажы, як там было.

Тадзік коратка распавёў пра тое, што бачыў і помніў. Пан Руткоўскі ўважліва слухаў, быццам рабіў нейкія свае высновы, потым сказаў:

– Мала нас, трэба, каб зямля ў немцаў пад нагамі гарэла. Ну, нічога, хоць усё ў руках Бога, але і ад нас тое-сёе залежыць. Ачуняй, набірайся сілы. Нас чакаюць новыя справы.

– Дзякую, пан Руткоўскі, за ўсё.

Гаспадар развітаўся і выйшаў. Тадзік застаўся адзін. Доўга разглядваў пісталет, цешыўся, гладзіў яго, прымерваўся, як будзе страляць і ціха радаваўся: нарэшце займеў зброю, шкада толькі, што абойма пакуль была пустая, але нічога, хлопцы падзеляцца патронамі. Пасля схаваў каштоўны падарунак пад падушку, а сам ляжаў нерухома, сачыў, як у пакой напаўзае паўзмрок, думаў пра тых хлопцаў, якія палеглі ў сутычцы з немцамі, а найбольш яскрава стаяў у ягоных вачах паручнік, які падаў і падаў з раскінутымі рукамі проста на парозе, а Тадзікава сэрца шчымела ад болю і жалю.

21

Франц Руткоўскі быў перакананы, што барацьба, распачатая "Вахляжам", дасць добрыя вынікі. Сам таксама рабіў усё належнае, на што быў здатны як сапраўдны грамадзянін Польшчы. Сядзеў у службовым кабінеце, зацягваючыся цыгарэтаю, абдумваў план далейшых дзеянняў. Яшчэ ў маі па падказцы Тадзіка Сапранецкага ён пазнаёміўся з італьянцам, капралам Тоні Бачародэ, які служыў пры ваеннай камендатуры Брэсцкага чыгуначнага вакзала, лічыўся даволі вялікім начальнікам, намеснікам каменданта чыгуначнага вузла, праз які накіроўваліся на Усходні фронт не толькі нямецкія, але і італьянскія вайскоўцы. У камендатуры спатрэбіўся прадстаўнік італьянскай вайсковай улады, таму капрал і апынуўся ў Брэсце. Руткоўскі займеў знаёства з Тоні па службовых справах, а потым у іх склаліся даверлівыя сяброўскія стасункі. Неяк за куфлем піва Франц Руткоўскі даведаўся ад італьянца, што ў таго дома засталася вялікая сям’я, якую трэба падтрымліваць грашыма, а іх увесь час не хапае. Да таго ж Тоні ўпотай ненавідзіць свайго непасрэднага начальніка, які з пагардай ставіцца да ўсіх італьянцаў як да людзей ніжэйшай расы. Наогул, капрал не быў прыхільнікам фашызму і неасцярожна сказаў пра гэта неяк на добрым падпітку Руткоўскаму, што выклікала ў апошняга давер. Франц прапанаваў новаму прыяцелю супрацоўніцтва за плату і той згадзіўся даваць час ад часу сакрэтныя звесткі, якія будуць трапляць яму ў рукі.