– А дзе наша поле бою?
– Уся Радзіма. І годзе пустой балбатні!
Рамуальд замоўк на цэлы дзень, умеў ён зацята маўчаць, калі на каго-небудзь крыўдаваў. Але ніхто на яго асаблівай увагі не звяртаў. Усе былі стомленыя цяжкім пераходам і ў канцы дня мелі адно жаданне: паесці і паспаць.
Тры дні рухаліся па бязлюдных мясцінах, трапілі ў балота, з якога ледзьве выбавіліся і вырашылі больш не заглыбляцца на тэрыторыю, а падкласці ўзрыўчатку на бліжэйшым участку чыгункі, такім чынам выканаць сваю задачу. Гадзін пяць чакалі цягніка, які, як на злосць, не жадаў з’яўляцца. Цяжкае выпрабаванне – чаканне, калі пачынае здавацца, што гэтай каляінаю наогул ніхто не карыстаецца, што ўсе твае мітрэнгі, праца і памкненні дарэмныя, што цябе адурачылі, абвялі вакол пальца, знарок паклалі гэтыя рэйкі, каб ты глядзеў на іх з тупою ўпартасцю і нічога не дачакаўся. Але нарэшце здалёку пачуўся гул, які нарастаў і набліжаўся, ажно зямля пачала дрыготка адклікацца на рух цяжкога эшалона. Да агульнай радасці, ад выбуху паравоз зляцеў з рэек, вагоны, быццам у цацачнай лёгкай чыгунцы, палезлі адзін на адзін. Хоць нямецкая варта і пастрэльвала, але азіралася, ці не пойдуць партызаны ў атаку. Куды схаваешся ў чужым лесе, калі ўласны дом на калёсах цябе не ўратаваў? Падрыўнікі кінуліся да вагонаў з мэтаю раздабыць паболей зброі, а знайшлі кансервы і каньяк. Нагрузіліся гэтым дабром і падаліся прэч ад знявечанага цягніка. Калі прайшлі кіламетраў пятнаццаць і добра набілі ногі, дык захацелі адпачыць. Паколькі надвор’е псавалася, накрапваў дождж, вырашылі пашукаць, дзе схавацца. І хутка на ўскрайку леса напаткалі пакінутую пуню, каля згарэлай хаты.
– Тут немцы, пагаспадарылі ўжо, – сказаў Рамуальд. – Я чуў, што яны ў памежных раёнах каля пушчы выпальваюць вёскі, а людзей або знішчаюць, або прымушаюць перасяляцца.
– Бадай, спынімся, ежу цяжка несці на сабе, – выказаў меркаванне падхарунжы, – трэба трохі разгрузіцца ці правільней сказаць, нагрузіцца.
Камандзір незадаволена зірнуў на падначаленага, які браўся кіраваць працэсам, але нічога не сказаў, а ўвайшоў у пуню, паставіў заплечнік на дол, азірнуўся і прапанаваў:
– Стол накрыем тут, бліжэй да саломы, і будзем, лежачы, як рымскія патрыцыі, спажываць нашу здабычу.
Замільгалі нажы, адкрываючы пляшкі з каньяком і бляшанкі з тушонкаю. Калі ўсё было гатова, паднялі першы тост за ўдала праведзеную аперацыю. А потым елі ў ахвоту, пасля некалькіх дзён цяжкага пераходу ўсім захацелася адпачыць, забыцца пра вайну. Нават негаваркі пан падпаручнік разгаманіўся, пачаў сыпаць смешныя байкі. Адна з іх была пра парашутыста, які ляціць да зямлі і думае: "Адзін парашут не раскрыўся, запасны парашут не раскрыўся, калі ўнізе няма самахода, на якім абяцалі завезці на базу, дык напішу скаргу начальству".
– Я зразумеў, вы ціхацёмныя, – сказаў Рамуальд.
– Якая розніца? Мы жаўнеры Айчыны! І гэтым сказана ўсё, – адказаў падпаручнік.
– Я, мусіць, не здолеў бы скокнуць з парашутам, – сказаў разважлівы Зянон.
– А куды б ты падзеўся, калі табе пан капітан ці маёр загадаў, – засмяяўся падхарунжы.
– Гэта ж разбіцца можна.
– Хто ведае, дзе і каго смерць спаткае, давайце лепш вып’ем за пані ўдачу, каб яна ніколі не пакідала нас.
Пасля пілі за радзіму, жанчын і каханне, потым – ужо без тостаў, кожны піў, колькі хацеў, замест вады, якой паблізу нідзе не было. Змораныя і п’яныя, падрыўнікі паснулі ў пуні на саломе, не думаючы ні пра бяспеку, ні пра немцаў. Жыццё паслала ім вясёлы падарунак – удала выкананае заданне, а таксама пачастунак, дык няма сэнсу клапаціцца пра тое, што будзе заўтра або праз некалькі гадзін. Улюбёнцы лёсу павінны жыць лёгка і шчасліва! Яны прачнуліся ад удараў прыкладамі. Расплюшчылі вочы і ўбачылі жандараў, якія скіравалі на іх рулі аўтаматаў. Іншыя абшуквалі заплечнікі падрыўнікоў. Бляшанкі і пляшкі з-пад каньку самі за сябе ўсё расказалі. Пры хлопцах былі пісталеты, толькі Зянон аказаўся бязбройным.
– Хто такія? Што тут робіце? – спытаў старэйшы па званні жандар.
– Апачываем на прыродзе, – адказаў падпаручнік па-нямецку. – Збіраліся паляваць на зайцоў.
– З пісталетамі.
– Паляўнічая зброя цяжкая, а пісталет – рэч прыдатная для ўсялякай справы.
– Дакументы ёсць?
– Нам у час адпачынку дакументы без патрэбы.
– У гестапа з вамі хутка разбяруцца, наручнікі – на іх!
Падрыўнікоў павезлі ў бліжэйшы гарнізон для допыту, змясцілі ў камеру папярэдняга зняволення пры жандармерыі. Калі хлопцы засталіся адны, падпаручнік ціха загадаў:
– На допыце казаць, што мы паляўнічыя з Брэста. Каньяк і кансервы ўзялі з разбітага эшалона. Маўляў, чаму было не ўзяць, калі дабро валяецца без нагляду. Апынуліся там выпадкова, хадзілі на паляванне. Усё, больш ні слова, нават калі вас будуць рэзаць на кавалкі.