Выбрать главу

Хлопцы разгублена чакалі вырашэння свайго лёсу. Спрабавалі вырваць ці хоць бы рассунуць краты на акне, усё было дарма. Прабіць жалезныя дзверы таксама не існавала ніякае магчымасці. Першага выклікалі на допыт падпаручніка Бацяна. Яго вельмі доўга не было, пасля пачуліся стрэлы, шум у калідоры і ўсё сціхла.

– Што яны там з ім робяць, халера іх ведае? – сказаў насцярожана Рамуальд.

– Даведаешся, як і цябе павядуць, – адказаў падхарунжы Вір.

– Шкада зброю, мы з такою цяжкасцю яе здабывалі.

– Тут трэба думаць, як жыццё ратаваць. Быў я ў палоне ў немцаў у трыццаць дзявятым, ведаю, як жыць пад пятою акупанта. Яны не адчэпяцца, пакуль кішкі на локаць не наматаюць…

Наступным павялі на допыт Рамуальда. Зянон і Генік перакінуліся насцярожаным позіркам. Баяліся за свайго гаваруна, ці стрымаецца, каб не ўкалоць жандара. Чаканне цягнулася доўга і пакутліва. Гадзіны праз дзве па іх прыйшоў жандар і загадаў выходзіць.

– Нікуды не пойдзем, пакуль не даведаемся пра лёс нашых сяброў.

– Іх няма, – сказаў жандар па-польску. – Першы накінуўся на афіцэра, які вёў допыт, яго застрэлілі проста ў кабінеце. Другі распусціў язык, што афіцэр не стаў траціць час на яго, а прыстрэліў, як сабаку. Пра вашы справы мы ведаем. Агледзелі месца, дзе вы былі ў засадзе, параўналі сляды. Усё сыходзіцца, лішніх доказаў не трэба.

– Што будзе з намі?

– Туды ж! Выходзьце, бо пастраляю проста тут! – загадаў жандар.

Арыштанты панура выйшлі. Іх павялі пад аховаю з сабакамі на ўскраіну гарадка, а яны прагна ўзіраліся ў твары рэдкіх прахожых, у маленькія вокны хацін местачкоўцаў, нібы чакалі аднекуль выратавання ці нейкага цуда. Арыштаваных завялі на поплаў, далі тры рыдлёўкі, загадалі капаць яму. Хлопцы агледзеліся. Да лесу далёка. Праўда, поплаў акалялі лазовыя кусты, за якімі можна было спадзявацца на выратаванне. Палонныя з цяжкасцю калупалі дзёран, немцы стаялі ўбаку, пакурвалі цыгарэты. Падхарунжы прамармытаў:

– Вось чаго ніколі не ўяўляў, што сам сабе буду капаць магілу.

– Хутчэй варушыцеся! – крыкнуў адзін з жандараў.

Хлопцы зноў без асаблівага імпэту ўзяліся за справу, бо рукі дрыжэлі і дрэнна слухаліся, а свядомасць ніяк не магла ўспрыняць думку, што зараз яны павінны знікнуць з жыцця назаўсёды. Немцы весела гаманілі між сабою, адзін з іх расказаў нешта смешнае, усе пачалі рагатаць. Ім было ўсё роўна, што яны павінны зараз забіць людзей, бо для іх гэта быў непатрэбны матэрыял, які замінаў жыць. Наогул, яны былі навучаныя забіваць, гэта іх асноўны занятак: расчысціць тэрыторыю для сваёй вышэйшай расы, чым яны прафесійна і займаліся. Падхарунжы прашаптаў:

– Па маёй камандзе кідаем у немцаў рыдлёўкі і бяжым у розныя бакі.

– Зразумела, – гэтак жа ціха адказаў Генік, у чарговы раз уганяючы лапату ў глебу.

– Рыхтуйся! – папярэдзіў падхарунжы. – Агонь! – і запусціў рыдлёўку ў немца, Генік і Зянон зрабілі тое ж. – Бяжым!

Рыдлёўкі дасталі некага з немцаў, яны заенчылі. Але іншыя адразу схапіліся за зброю. З брэхам рынуліся ў пагоню аўчаркі. Аўтаматныя чэргі прашылі хлопцаў і звалілі на зямлю. Сабакі падбеглі да скрываўленых целаў палонных, якія так і не паспелі дабегчы да ратавальных карчоў, пачалі апантана рваць зубамі…

24

Мінулая восень была асабліва цяжкай для пана Руткоўскага. Калі не вярнуліся з задання яго лепшыя памочнікі – Рамуальд, Генік і Зянон, ён яшчэ спадзяваўся, што, можа, хлопцы затрымаліся, мо хто паранены, а потым стала вядома, што падрыўнікі каля Аранчыц былі схоплены і расстраляны. На Усходні фронт паслалі італьянскага капрала Тоні Бачародэ, з-за гэта польскія подпольшчыкі пазбавіліся магчымасці атрымліваць каштоўную інфармацыю пра рух цягнікоў на чыгунцы. Дайшла яшчэ адна непрыемная вестка, што трое афіцэраў-вахляжаўцаў былі арыштаваныя, калі ішлі на выкананне чарговага задання, немцы трымалі іх у Пінскай турме. Кіраўніцтва ў Варшаве шукала спосаб, як іх выратаваць, а пан Руткоўскі ў якасці прамежкавага звяна нецярпліва чакаў загаду аб спрыянні ў выкананні пастаўленай задачы. Усе гэтыя мітрэнгі псавалі настрой, выбівалі са звычайнага ладу жыцця настолькі, што замест ста грамаў каньку на вячэру, пан Руткоўскі пачаў спажывааць кроплі валяр’янкі і брому, што мала памагала. Якраз у гэты час пачалася рэарганізацыя "Вахляжа", які быў афіцыйна ліквідаваны, а ўсе кадры і амуніцыя пераходзілі ў распараджэнне штаба Палескай акругі Арміі Краёвай.