Выбрать главу

Толькі ў снежні нарэшце здарылася шчаслівая падзея. Знайшоўся брат Каэтан, пра якога з трыццаць дзявятага года Фрац не меў ніякіх звестак. Аказваецца, ён разам з часткаю польскага войска паспеў адысці ў Румынію, пасля перабраўся ў Парыж. Калі эмігранцкі польскі ўрад перасяліўся ў Лондан, дзе займеў добрых заступнікаў, Каэтан, маючы службу пры польскім генштабе, таксама падаўся туды. Безумоўна, мог бы спакойна жыць у англійскай сталіцы, але яго цягнула на Радзіму. На Беласточчыне застаўся хоць і невялікі, а ўсё ж такі любы маёнтак бацькоў. Ды ці мае права баявы афіцэр адседжвацца пры штабе, калі Айчына ў бядзе? З Лондана Каэтан быў дэсантаваны ў Варшаву, адкуль разам з некалькімі ціхацёмнымі накіраваны ў Брэст для выканання задання. Прыйшоў на явачную кватэру і быў прыемна здзіўлены і празмерна ўзрадаваны, бо ўбачыў старэйшага брата.

Пан Руткоўскі прывёз Каэтана да сябе ў Руту на санях, у якія быў запрэжаны бадзёры конік. Язда прынесла насалоду абодвум, хоць яны былі толькі пасажырамі, лейцамі кіраваў Альберт. Заснежаная зямля, лёгкі мароз, заінелыя дрэвы цешылі вочы і душы. А пасля браты сядзелі каля каміна, у якім гарэлі бярозавыя паленцы, пілі віно, згадвалі колішняе жыццё. Да светлых успамінаў дадавалася горыч усведамлення, што былое ніколі не вернецца. Бацькоў вывезлі Саветы і наўрад ці яны, старыя людзі, выжывуць у Сібіры. І наогул невядома, колькі працягнецца гэтая вайна і што каго чакае ў выніку.

– Але мы ёсць і будзем, – сказаў Франц і паглядзеў на малодшага брата з любасцю. – Я жадаю табе, Каэтан, шчасця і шанцавання ва ўсіх справах, а сам пастараюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб табе лягчэй было выконваць заданні тваіх начальнікаў.

– Я рады, Франэк, што ты маеш магчымасць нам дапамагчы. Калі ўжо зайшла гаворка пра справу, дык мне трэба некалькі байцоў з Брэста, і яшчэ адна грузавая машына. Самаход "Опель" у нас ёсць, мы на ёй прыехалі з Варшавы. Нашы людзі забяспечаныя надзейнымі дакументамі, што дало нам магчымасць пераадолець мяжу без перашкод. Табе застаецца паклапаціцца пра аўсвайсы для сваіх людзей.

– Ты кіруеш усёй аперацыяй? – здзівіўся Франц.

– Кіраўнік у нас мудры і разважлівы чалавек, я толькі ягоны намеснік і першы памочнік, які адказвае за матэрыяльнае забеспячэнне. Пра харчы мне таксама трэба дбаць, так што на тваю дапамогу харчамі я таксама разлічваю.

– Людзей падбяром. Дарэчы, у мяне пры маёнтку жыве адзін юны, але ўжо абстраляны ваяка. Заўтра пазнаёмлю, – адказаў Франц, маючы на ўвазе Тадэвуша Сапранецкага, які ўжо ачуняў пасля ранення і зноў у ахвоту малаціў на таку снапы пад кіраўніцтвам аканома Альберта. – Машыну таксама выдзелю, дакументамі забяспечу. Але задача, якую паставілі перад вамі, вельмі складаная. Узяць турму і вызваліць сваіх людзей – ніколі не чуў, каб хто калі здзейсніў такую справу, тым больш, што, наколькі мне вядома, у Пінску больш за тры тысячы немцаў, у тым ліку механізаваная рота для барацьбы з партызанамі.

– Будзем думаць. На тое нам даюцца галовы. Помніш, калі ў мяне не рашалася задача, ты не спяшаў за мяне выконваць заданне, а казаў: "Думай, думай! Ты здолееш!" Пайшла твая навука на карысць, перш чым што зрабіць, думаю. Усё будзе добра, Франэк. Я ўпэўнены, мы пераможам фашыстаў і распачнем новае жыццё.

– Да перамогі яшчэ вельмі далёка. Па некаторых дадзеных, ведаю з кампетэнтных крыніц, што на тэрыторыі Палесся добра аселі савецкія партызаны, уся ініцыятыва ў іхніх руках. Да таго ж і ўкраінскія нацыяналісты тут нярэдкія госці. Сам разумееш, яны нам не сябры. На жаль, нашы людзі дрэнна або зусім не валодаюць тутэйшым дыялектам, таму ім цяжка дамовіцца з мясцовым насельніцтвам. Наогул, браце, узарваць рэйкі – не надта вялікае дасягненне. Ужыцца ў мясцовае асяроддзе, стаць ягонай часткаю – вось якое нам патрэбна майстэрства. Пакуль нашым жаўнерам гэта не ўдаецца. Некалькі месяцаў балансуюць яны на Палессі, а ў выніку маем адны трагічныя выпадкі і велізарныя страты. Безумоўна, усялякая акцыя можа прынесці ахвяры, але найперш трэба рабіць пералік вартасці аб’екта на валюту чалавечага жыцця.

– Ведаеш, Франэк, я – чалавек вайсковы і не звык абмяркоўваць загады камандзіраў. Давай не будзем пра гэта. Вайна заўсёды каштуе ахвяр і крыві. Раскажы лепш, як ты развітаўся з жонкаю і дзецьмі.

– Прыйшлі позна ўвечары два вайскоўцы і два чалавекі ў цывільным, сказалі: "Збірайся". Далі паўгадзіны. Скідаў у паляўнічы заплечнік самае неабходнае. І гатовы. Жонка і дачка плакалі, а Тадзік трымаўся, мужчына. Вось і ўсё. Завезлі мяне ў Мінскую турму, там трымалі. А праз месяц забралі сям’ю невядома куды. Нічога пра іх больш не ведаю. Іншы раз такая туга агорне, няма паратунку, але трываю, Каэтан, сцісну зубы і трываю… А мяне вызвалілі немцы. Саветы так уцякалі, што забыліся пра нас…