Выбрать главу

– Усё мінае, брат, міне і гэта. Праўда, невядома, што прыйдзе гэтаму на змену. Дарэчы, цяпер называй мяне па клічцы Парушына. Я пастараюся стаць парушынаю ў вачах нашых ворагаў, каб адпомсціць усім і за ўсё.

– Беражы сябе, брат.

– Ад лёсу не ўцячэш. Што ведаеш пра бацькоў? – спытаў Каэтан.

– Сяляне казалі, што забралі іх ноччу, пагрузілі пасцель і ўсё самае неабходнае на воз ды павезлі на вакзал, а маёмасць разрабавалі вясковыя камітэтчыкі.

– Ох, дабяруся я да іх! Скуру спушчу! Галота! Чужым захацелі наесціся!

– Супакойся, не варта дарма распаляцца, на ўсялякую набрыдзь нерваў не хопіць.

– Мяне хопіць. Я знайду спосаб адпомсціць. Ведаеш, у маёй душы столькі нянавісці, што, здаецца, і кроў у мяне ўжо, бы атрута. І скуль яны павылазілі гэтыя фашысты ды камуністы, каб нас знішчаць ды здзеквацца, з якой апраметнай выпусціла іх нячыстая сіла. Здаецца, Франэк, я перастаю верыць у магутнасць Бога, калі сатана кіруе светам.

Пан Руткоўскі бачыў, што брат прыкметна сп’янеў, становіцца агрэсіўным. Ведаючы польскую прымаўку, што занадта, тое не на здароўе, прапанаваў дарагому госцю пайсці адпачыць, але брат заўсёды быў упарты і нават не варухнуўся, а толькі запатрабаваў яшчэ віна. Франц пазваніў у званочак. З’вілася Юхімка, спытала:

– Што, пан, загадае?

– Прынясі нам віна з майго кабінета.

Жанчына пакланілася і выйшла.

– Навошта такую старую служанку трымаеш? – спытаў Каэтан.

– Якая ж яна старая? Гадоў сорак, спраўная маладзіца. Мой аканом з ёю спіць. Дарэчы, яе дачка таксама тут служыць.

– Суцешыў! Мо ты спіш з дачкою?

– Няма на свеце лепшае жынчыны, чым мая Анэля. Мне яе ніхто не зможа замяніць. Мусіць, я – адналюб.

У пакой увайшла Юхімка, паставіла на стол дзве пляшкі віна.

– Скажы Веры, няхай прынясе яшчэ якой закускі, – загадаў пан Руткоўскі. – Ноч доўгая.

– Слухаю, пан Руткоўскі, – зноў пакланілася Юхімка і пайшла.

Каэтан адкаркаваў новую пляшку, наліў віно ў фужэры, прапанаваў:

– Давай, брат, вып’ем за каханне, сёння мы за яго не пілі. Няхай у цябе яно будзе адно на ўсё жыццё, а я жадаю жыць лёгка і весела, паспець пакахаць шмат жанчын. Такая мая праграма-мінімум на астатні век.

У дзверы пастукалі. Па парозе з’вілася дзяўчына з падносам у руках, застаўленым талеркамі. Яна нахіліла галаву. Каэтан не адразу нават разгледзеў яе твар, аднак яму дастаткова было пабачыць яе квяцістую хустку.

– Пастаў, Вера, на стол стравы, – сказаў пан Руткоўскі, – ды ідзі.

Дзяўчына паслухмяна выканала загад і павярнулася да дзвярэй. Каэтан ухапіў яе за руку і пасадзіў сабе калені. Яна спалохана войкнула.

– Не бойся, паненка, усё будзе добра, – засмяяўся паніч. – Я сто гадоў не трымаўся за дзявочы стан. Патрымаюся і пойдзеш сабе.

Вера супакоілася, з-пад ілба паглядвала на братоў.

– Выпі з намі, Вера, – пранаваў Каэтан.

– Мне нельга піць з панамі, – залепятала дзяўчына.

– Я наліў табе салодкага віна, паспрабуй, спадабаецца, – казаў Каэтан і адчуваў, як мужчынская сіла абуджаецца ў ім, але ён не спяшаў паказаць сваю нястрыманасць брату, зрэшты, Франц павінен разумець, што ягоны малодшы брат не манах, каб адмаўляцца ад дзеўкі, якая раптам апынулася ў яго на каленях.

– Адпусціце мяне, пане, калі ласка, – папрасіла Вера.

– Выпі вось гэтую чарку, і пойдзеш.

Вера выпіла віно, яно сапраўды аказалася вельмі салодкае і смачнае.

– Спадабалася? – спытаў Каэтан.

Вера кіўнула ў адказ галавою.

– Вось бачыш, я ж казаў, што табе спадабаецца. Слухай мяне – і тваё жыццё ператворыцца ў чыстую асалоду. Яшчэ чарачку і скончым гэтую размову.

– Дарма ты стараешся. Вясковыя дзеці змалку каштуюць самагонку, гэта ў іх лекі ад жывата, прастуды і рознай іншай немачы. Ёй гэты лікёр – не больш як вішнёвы ўзвар з цукрам, – засмяяўся Франц, назіраючы за тым, як брат хітруе і стараецца падпаіць дзяўчыну.

– Гэта праўда, Вера? Ты каштавала самагонку? – спытаў паніч.

Вера зноў моўчкі кіўнула галавою.

– Выдатна. Тады мы зробім кактэйль.

Ён наліў каньяку ў фужэр, зафарбаваў лікёрам, дадаў туды віна. Паднёс дзяўчыне.

– Такой смакаты, Верачка, ты зроду не каштавала. Вось гэту чарачку вып’еш, і я сам правяду цябе з пакоя.

– Нельга, паніч, у мяне ўжо ў галаве завадзіла. Адпусціце мяне, калі ласка.

– Гэта якраз лекі, каб пілося, елася і яшчэ хацелася. Пайшлі на канапку, пасядзім побач, пагамонім, – сказаў Каэтан, адпусціў Веру, перайшоў з ёю на канапу і прымусіў апаражніць фужэр.