Выбрать главу

Дзяўчына хутка зусім асалавела, няўцямна ўсміхалася і ўжо не адмаўлялася піць, асушыла яшчэ колькі чарак п’янкога напою, закусвала толькі цукеркамі, якія прадбачліва падаваў ёй Каэтан, а потым пачала драмаць.

– Дзякуй, брат, за гасціннасць, мы напіліся і наеліся, а цяпер нам пара і адпачыць. Мы пайшлі, я правяду дзяўчыну, – сказаў госць, падхапіў Веру за стан і павёў да дзвярэй.

– Дабранач, – усміхнуўся пан Руткоўскі, разумеючы брата, які згаладаўся па жаночым целе, няхай пацешыцца.

Каэтан завёў Веру ў спальню, паклаў на ложак і пачуў яе роўнае дыханне. Дзяўчына спала.

– Мала радасці ад п’янай дзеўкі, – сказаў сам сабе Каэтан. – Але ж мусім спажываць тое, што маем, выбару вялікага няма.

Загаліў спадніцу, убачыў, што дзяўчына без сподняй бялізны, падумаў злосна: "Прыкідвалася цнатліўкаю, а сама рыхтавалася, ці што? Ведала, для чаго ішла!" Пасля згадаў: яму расказвалі, што тутэйшыя сялянкі не носяць майткаў. Сцягнуў з яе галавы хустку, паўзіраўся ў чысты юны твар, пацалаваў у вусны. Вера на момант абудзілася, у цемры нічога не ўбачыла, падумала, што гэта яе цалуе Тадзік і ў адказ таксама пацалавала яго, не расплюшчваючы вачэй, аддалася на волю ягонай пяшчоце. Пад пацалункі, абдымкі і няўцямны шэпт яна заснула і ўжо нічога не помніла, не цяміла.

У дзверы нясмела пастукалі, калі Каэтан драмаў, стомлены любошчамі. Ён адчыніў, убачыў на парозе Юхімку, закрычаў:

– Як пасмела будзіць мяне?

– Прабачце, пан, я хацела забраць Веру.

– Няма тут ніякае Веры! Пайшла прэч!

– Яна ж дзяўчына, незамужняя, ёй нельга…

– Ідзі, бо прыб’ю! – прыкрыкнуў на Юхімку Каэтан. – Раскудахталася тут! Ці я наймаўся сачыць за тутэйшымі служанкамі?!

Жанчына ўсхліпнула і адышла. Каэтан зачыніў дзверы, прылёг каля дзяўчыны. Абняў яе, тулячы да сябе, яна моцна спала, нічога не адчувала і не адказвала на пяшчоту. "Непрыемна наталяць смагу без узаемнасці, але слугі для таго і існуюць, каб выконваць панскія прыхамаці", – падумаў ён, навальваючыся на яе цяжкім целам…

25

Юхімка вярнулася ў пакой да Альберта, які ўжо драмаў у ложку і заплакала:

– Зрабі што-небудзь, паніч сапсуе маю дзяўчынку! Ідзі, забяры яе!

– Калі яна сама папусцілася, дык чаго я пайду выцягваць яе з чужой пасцелі? Здурнела, баба, ці што? Навошта мне псаваць адносіны з братам пана? Я ж магу застацца без працы, сродкаў да існавання і даху над галавой. Сама падумай…

– Што ж мне рабіць, куды кінуцца? Пайду да пана Руткоўскага, мо ён злітуецца і выратуе маю дачку?..

– Вярзеш абы-што. Ты вось са мною спіш, і нічога з табою не зрабілася. І Веры тваёй усё толькі на карысць пойдзе.

– Якая карысць? Што ты пляцеш? А раптам зацяжарае, хто яе пасля замуж возьме?

– Ты на сябе паглядзі! Прызнайся, які раз замужам? Ужо і не маладая, з дарослаю дачкою! Падумай!

– Я гэта я, а мая Верка не такая…

– Усе вы аднаго поля ягады, ведаю я вас, хітрых баб, толькі прыкідваецеся няшчаснымі і слабымі, а ў саміх воўчыя пашчы. Што ўхопіце, дык ужо не вырваць, – сказаў Альберт і павярнуўся на другі бок, спіною да Юхімкі.

– Прашу цябе, ну, прыдумай што-небудзь, ты ж разумны чалавек! Я не засну ўсю ноч. Што рабіць? Пайду і падпалю пуню! Учыню вэрхал! Ты мяне не ведаеш!

Альберт павярнуўся, схапіў Юхімку за руку, пацягнуў да сябе ў ложак:

– Кладзіся, дурніца, і не рабі глупства. Заўтра прасватаю тваю Веру за якога-небудзь удаўца-малайца.

Юхімка села на пасцель і абурана спытала:

– Чаму за ўдаўца? Верка такая маладая і прыгожая!

– Гэта так, да слова прыйшлося. Прасватаем яе за добрага хлопца. Цяпер моладзь ахвотна жэніцца, бо жанатых у Германію пакуль не вывозяць, але здаецца мне, што гэта да часу. Немцам патрэбна рабочая сіла для абслугоўвання войска. Вайна – бочка бяздонная. Колькі туды людзей ні давай, колькі дабра ні сып – усё знікае, бы ў прорву. Кладзіся, кладзіся ты нарэшце.

Альберт прымусіў Юхімку легчы, абняў яе, але яна зняла ягоную руку з грудзей і сказала:

– Не чапай мяне сёння. Знерваваная вельмі я, у вачах стаяць паніч і Вера. Навошта я паслала яе туды, лепш бы сама пайшла.

– Маладога пана захацелася спакусіць?! – здзекліва спытаў Альберт.

– Як ты можаш такую брыдоту казаць? Я маці! Разумееш ты? Верка – маё дзіця! – Юхімка падхапілася з ложка, акрылася вялікаю клетчатаю хусткаю і выскачыла з аканомавай спальні, пайшла ў кухню, ускараскалася на печ і аціхла там. Але як ні намагалася, так і не здолела заснуць. Сярод ночы злезла з печы, прыпнула да спадніцы фартух, распаліла печ, пачала абіраць бульбу. Гатавала адразу сняданак і абед, у печы ўсё цэлы дзень будзе цёплае. Як толькі развіднела, панесла пану Руткоўскаму каву ў пасцель, пастукала, пачула дазвол увайсці, павіталася, паставіла паднос са сняданкам на столік. стрымана спытала: