– Скажыце, калі ласка, пан Руткоўскі, вашаму брату таксама каву падаць цяпер ці пазней.
– Не ведаю, мо няхай яшчэ паспіць з дарогі.
Юхімка не стрымалася і заплакала:
– Што вы зрабілі з маёю Веркаю?
– А дзе яна? Што здарылася? – здзівіўся пан.
– Як панесла вам вячэру, дык і не вярнулася.
– Можа, яна яшчэ каму вячэру носіць?
– Прашу вас, пане, дапамажыце мне забраць дачку ў вашага брата?
– Дык ты думаеш, што яна ў яго? – напусціў на сябе нявінны выгляд Руткоўскі.
– А дзе ж яшчэ? Я хадзіла ўвечары, каб яе забраць, а пан Каэтан не аддаў.
Руткоўскі пагрозна ссунуў бровы і гнеўна крыкнуў:
– Што я чую! Мая служанка, як самадайка, лезе ў пасцель да пана! Якая ганьба! Прэч з маіх вачэй! Разганю ўсіх да д’ябла, каб не ганьбілі мой дом! Прэч!
Юхімка выскачыла з панскай спальні, спалатнелая ад страху і знясілена паплялася на кухню, дзе не ведаючы за што зачапіць рукі, сядзела і перабірала кутасі на трапкачы. Думкі мітусіліся: "Не застануся тут, забяру Верку, пайду да бацькі ў вёску, можа, не прагоніць. Будзем з Вераю працаваць за хлеб на ягонай гаспадарцы. Праўда, там ёсць іншая гаспадыня – маладая мачаха, але мо злітуецца. А раптам дачка зацяжарае! Божа мой, Божа! Якая ганьба! Што людзі скажуць! Не, усё ж такі трэба трымацца Альберта. Мо сапраўды прасватае Верку за добрага хлопца, дык і вырашыцца гэтая праблема. А пасля і я да яе перабяруся. Не буду слугаваць гэтым паскудным панам, каб іх гром ляснуў! Каб іх яма пазавальвала!.."
– Як спала, начавала? – голасна спытаў Альберт, уваходзячы ў кухню. – Чаму сняданак не нясеш. Не дачакаўся, сам прыйшоў.
Юхімка нічога не адказала, трымаючы крыўду на Альберта, паднесла талеркі і адышла да печы.
– Чаго маўчыш, як вады ў рот набрала?
– Не вады, а бяды…
– Усё будзе добра. Зараз паеду ў вёску, пагутару з солтысам, падбяром Веры жаніха, зладзім вяселле.
Гэтыя словы трохі супакоілі жанчыну, яна села на зэдлік, падперла шчаку рукою, думаючы: "Аддам Веру абы за каго без кахання і жадання. А што рабіць? І мяне некалі сасваталі бацькі за чалавека, якога я так і не здолела пакахаць, добра, што ён з’ехаў у Амерыку. Адно вось Вера засталася на ўспамін пра той шлюб. А пасля яшчэ двойчы сходзілася з мужчынамі. І кожны раз усё не гаразд. Цяпер – гэты Альберт… Не муж, каханак… Ва ўсялякі момант пакіне, прагоніць… Ніякіх абавязкаў перада мною".
– Ну, я пайшоў, – сказаў аканом, на хаду дажоўваючы ежу.
"Ідзі да паноў, падлізвайся! Ты, хоць аканом, але таксама слуга. Служба твая сабачая…" – злосна падумала Юхімка.
У кухню ўвайшоў Тадзік, павітаўся. Юхімка прабурчала нешта невыразнае ў адказ, а сама падумала: "Яшчэ адзін з’явіўся на маю галаву! Колькі ж гэтых паноў на свеце развялося! І ўсе хочуць, каб мы іх кармілі, паілі, абшывалі, абмывалі ды спаць укладалі. Да гэтага дачка таксама занадта часта бегала. Доля мая цёмная, як жыць, што чыніць?.." Яна моўчкі паставіла на стол талерку з яечняй, паклала булачкі, паставіла кубак з кавай.
– Дзе Вера? Нешта я сёння яшчэ яе не бачыў.
– Усім мая Вера трэба, каб пакарыстацца і выкінуць, як непатрэбную рэч…
– Што вы такое кажаце, пані Юхімка? Асабіста я да Веры добра стаўлюся.
– Якая я табе пані? Служанка я! Аб мяне можна ногі выціраць і ні за што дзякуй не казаць. Ад панскага добрага стаўлення ў нас адны непрыемнасці.
– Што здарылася?
– Нічога… Снедай, няма ў мяне часу на размовы, – адказала Юхімка і пайшла да печы, перастаўляла чыгункі, грымела вілашнікам.
Агаломшаны Тадзік з’еў сняданак і моўчкі падаўся з кухні. Жанчына правяла яго раздражнёным позіркам, зморана зірнула ў акно, убачыла, што чырвоная патэльня сонца ўзнялася над лесам, і вырашыла: годзе ўжо трываць. Паставіла на паднос сняданак для Каэтана і панесла ў ягоную спальню. На яе стук у дзверы, ніхто не азваўся. Яна ўвайшла ў пакой. Паніч і Верка спалі. Яна падышла да дачкі, моўчкі патузала яе за руку. Дзяўчына расплюшчыла вочы, убачыла Юхімку, няўцямна спытала:
– Што, мама?..
Жанчына прыклала палец да вуснаў, каб дачка замоўкла, кіўнула галавою ў бок пана. Вера павярнула галаву, убачыла Каэтана – здзіўлена зірнула на маці. Тая ў адказ пакруціла пальцам ля сроні, тузанула дачку, каб уставала. Вера асцярожна саслізнула з ложка, падняла з падлогі спадніцу, пачала апранацца. Маці агледзела пасцель, убачыла крывавыя плямы, скрушна паківала галавою, паказала дачцэ, тая ўсё яшчэ быццам ніяк не магла зразумець, што з ёю здарылася, бо нічога не помніла. Маці пастукала кулаком сабе па ілбе, потым дачцэ дала кухталя і выпхала за дзверы. Нарэшце і Каэтан заварушыўся, нездаволена нешта прамармытаў, расплюшчыў вочы, убачыў Юхімку, запытальна зірнуў на яе.