– Дзе ты, Верка, цэлы дзень хавалася. Захварэла ці што?
– Здаровая яна, – раздражнёна адказала Юхімка. – А табе, пан Тадэвуш, рана яшчэ дарослымі дзяўчатамі цікавіцца.
– Годзе вам, пані Юхімка, злаваць на мяне. Скажыце, чым я правініўся, што вы з самага ранку бзыкаеце, як аса.
– Усе вы аднолькавыя, паны і падпанкі. Пі гарбату ды ідзі з Богам. Вас шмат, а я адна, цэлы дзень каля печы кручуся, самой няма калі чаго на зуб пакласці.
Тадэвуш зразумеў, што з прыездам Каэтана сям’я павялічылася, дадалося турбот служанцы, вось яна і нервуецца, што не паспее ці не дагодзіць каму, выпіў гарбату і палічыў за лепшае адпачыць у сваім пакойчыку. Прылёг на ложак, заплюшчыў вочы і задрамаў. У сне ён зноў апынуўся сярод заснежаных ялін, азіраў іх, адчуваючы сваю мізэрнасць у параўнанні з імі, услухоўваўся ў шум вершалін. Раптам нехта крануў ягоную шчаку рукой. Тадзік прыўзняў павекі, убачыў Веру, пагладзіў яе па плячы, сказаў лагодна:
– Прыйшла… А я думаў злуеш на мяне невядома за што…
– Добра, што яшчэ думаеш пра мяне. Мне здавалася, што я табе зусім без патрэбы.
– Верка, не напрошвайся на камплімент.
– Не да таго мне цяпер…
– Скажы, што здарылася? Маці твая сёння злосная, як ніколі, і ты нейкая не такая.
Вера насупілася, памаўчала, а потым ціха прамовіла:
– Замуж мяне аддаюць.
– Чаго раптам? – у сэрцы Тадзіка варухнулася рэўнасць, але ён тут жа адагнаў яе, бо яму ніколі не прыходзіла ў галаву думка пра жыніцьбу.
– Кажуць: пара.
– А ты што думаеш?
– Не ведаю. Пан Альберт знайшоў невядома каго ў вёсцы, у нядзелю сваты прыедуць. Мне не хочацца за абы-каго…
– Дык не згаджайся, пасылай тых сватоў на сухі лес.
– Бацькоў нельга не слухаць. Грэх гэта.
– Ну, не ведаю, што табе параіць, – сеў на ложку і развёў рукамі Тадзік.
– Як цалавацца са мною, дык ты добра ўмеў, а як да вяселля дайшло, дык робіш выгляд, што ні пры чым.
– Пачакай, дык ты лічыш, што мне трэба жаніцца?
– Безумоўна! А чаму не? Я да цябе прывыкла. Ты мне падабаешся.
Тадзік абурана адказаў:
– Якая жаніцьба? Вайна ідзе! Я днямі зноў іду на заданне. Ты ведаеш, што мяне там чакае?.. – сказаў ён і асекся, зразумеў, што прагаварыўся.
Вера затуліла твар рукамі і заплакала, расцягваючы словы:
– А як мне-е з чу-у-жым чала-а-векам… Я памру-у ад тугі-і па табе… Не хач-у …
Тадзік падняўся, прайшоў па пакоі, разгублена паглядваючы на дзяўчыну, нарэшце злосна крыкнуў:
– Годзе раўсці! Я жаўнер! Ніколі не збіраўся наогул жаніцца! Разумееш? У мяне няма ні кала, ні двара! Не ўяўляю сабе ні жонку, ні дзяцей! Пакуль Радзіма ў няволі, ніводзін паляк не мае права думаць пра асабістае шчасце! Яно наогул не існуе. Мы павінны быць гатовыя аддаць свае жыцці за яе вольнасць!
Вера раптам перастала плакаць, утаропілася ў хлопца здзіўленым позіркам і прамовіла:
– Я і не думала, што ты яшчэ такі малы дурань. Кожны чалавек стараецца пражыць як мага лепей для сябе, а ён чаўпе абы-што… Пустыя гэта размовы, панская ганарыстасць! Усе вы любіце прыгожа прамаўляць, а як смерць паглядзіць у вочы, дык іншае заспяваеце. На каленях будзеце літасці маліць!
Тадзік абурана зірнуў на дзяўчыну і выскачыў з пакоя, не жадаючы сварыцца з ёю, ці даказваць, што ён зусім не такі, як яна думае. Палічыў, што гэта ніжэй ягонай годнасці даводзіць каму б там ні было, які ён ёсць. Жыццё пакажа, хто чаго варты…
27
Усю восень Сяргей Клімчук пражыў пад Роўна ў табары ўкраінскіх нацыяналістаў. Разоў колькі ўдзельнічаў у сутычках з савецкімі партызанамі і польскімі атрадамі Арміі Краёвай. Уперад не рваўся і за чужыя спіны не хаваўся, кулі міналі яго. Спакойным норавам і таварысцкасцю, нягледзячы на маладосць, займеў прыхільнасць паплечнікаў. Да таго ж з-за высокага росту ніхто не здагадваўся, што яму толькі шаснаццаць гадоў, усе думалі, што хлопец паўналетні, а таму ставіліся, як да роўнага, і працаю нагружалі адпаведна. А яе ў тую восень было асабліва шмат. "Зялёныя браты" будавалі табар на зіму, капалі зямлянкі і сховішчы, якія ўмацоўвалі драўлянымі бярвеннямі, маскіравалі так, што такую пабудову не заўважыш сярод лесу. Іншыя хлопцы, якім не надта падабалася чорная праца, прасіліся ў забеспячэнцы ці ў знішчальныя гурты, а Сяргей, прывучаны змалку да чорнае працы, не разлучаўся з рыдлёўкаю і сякераю. Яны пры ім былі заўсёды, як і вінтоўка. Нават у сне ён не разлучаўся са сваімі прыладамі, ставіў іх у кут, даваў на час сну адпачынак сабе і ім. Праўда, зімою высветлілася, што абнасіўся зусім. Падралася адзенне, не вытрымала нагрузкі. Трэба было раздабыць нешта новае. Аднойчы ён напрасіўся ў напарнікі да Лёні Парахнюка і ягонай хеўры, каб пайсці па вёсках і раздабыць якой вопраткі ў сялян. Назаўсёды запомніў Сяргей вочы таго чалавека, у якога ён узяў цёплыя суконныя штаны, быццам не вопратку браў, а скуру з яго здзіраў.