Раптам заўважыў, што з другога канца вёскі скача дазорца, мусіць, нешта заўважыў. Сяргей схаваў штаны ў заплечнік, застыў у чаканні.
– Дзе ўсе? – крыкнуў дазорца, ледзь толькі падскакаў і запыніў каня.
– У той хаце, – паказаў Сяргей.
– Што здарылася?
– Абоз нейкі на дарозе, трэба з’язджаць.
Дазорца кінуўся да хаўруснікаў, а Сяргей павярнуў каня, ды памалу рушыў з вёскі, каб не быць засцігнутым ворагамі. Паплечнікі хутка дагналі.
– Малайчына, – пахваліў яго Варнак. – Добрым казаком будзеш. На, падмацуйся, – падаў вялікую лусту хлеба з салам, загорнутую ў два лісты квашанай капусты.
– Дзякую.
– Давай лейцы. Я паганю каня, а ты жуй хутчэй, мо яшчэ ўцякаць давядзецца, калі нас заўважыць ці хто выдасць.
Сяргей хапіў зубамі лусту хлеба разам з капустаю, пажаваў, задаволена прамовіў:
– Смаката!
– Мо і гарэлкі трэба было за губою прынесці?
– Трэба было. Ногі быццам пачалі мерзнуць без руху.
– Дык прайдзіся за возам. Но-но, – прыкрыкнуў Варнак, падганяючы коней.
Іх дагнаў Грыня і радасна паведаміў:
– Своечасова мы выбраліся з вёскі. Паліцаі прыехалі.
– У паліцыі шмат нашых, – азваўся Лёня, – мо не зачапілі б? Было б горш, каб на партызанаў нарваліся, давялося б адбівацца. – А ты нешта, Грыня, няпэўна на нагах трымаешся.
– Перабраў трохі, не ведаю меры. Ат, на свежам паветры хмель хутка выветрыцца. Слухайце, хлопцы, раскажу вам хохму. Аднойчы дома мы гналі самагонку. Я даўмеўся брагаю хатнюю жыўнасць накарміць. Каб вы бачылі, што пачалося! Кот хістаўся, скакаў на сцяну ды мяўкаў. Парасяты зваліліся на бок і матлялі лапамі. Сабака скуголіў, круціўся на месцы, ганяўся за сваім хвастом. Карова раскарачыла ногі, а рагамі ўперлася ў зямлю, мусіць, каб не ўпасці. Конь бязладна задзіраў капыты і матляў хвастом. За каня мне бацька добра ўваліў!
– Не дзіўна, здзек з жывёлы – вялікі грэх, – пасміхнуўся Лёня.
– А з людзей? – спытаў Сяргей.
– Таксама, калі гэта людзі, а ворагаў трэба знішчаць без жалю.
– Эх, што вы ўсё – пра смерць, давайце лепш – пра жыццё паспяваем! – прапанаваў Грыня і зацягнуў любімую песню:
Катерина відчини-но,
Катерина, встань-но,
Дай нам їсти дай нам пити,
Ото буде файно.
Катерина відчинила,
Катерина встала,
Дала їсти, дала пити,
Ще й поцілувала.
Вёска засталася далёка ззаду, наперадзе з’явілася іншая. Хаўруснікі павярнулі да лесу. Тры падводы паціху цягнуліся на базу. Там цяпер было бяспечна і ціха, іх чакала жытло і смачны абед з бараном, які пакуль дажываў апошнія гадзіны ў сваім жыцці на траскім возе.
– Скажы, Варнак, калі ж мы ўжо дамоў вернемся? Ці доўга нам на чужыне трываць калатнечу? – спытаў Сяргей, даядаючы хлеб.
– Калі-небудзь вернемся. Толькі дзеля чаго? Хто там нас чакае?
– У мяне маці, брат, гаспадарка…
– А я нічога не маю. Саветы жонку з дачкою невядома куды вывезлі, хату забралі, гаспадарку прысвоілі. Хоць маці і брат, можа, мяне таксама чакаюць. Але я страціў усё!
– Часам пытаю ў сябе, хто вінаваты ў нашых няшчасцях? Адказ у мяне адзін: найперш не нейкія Саветы ды немцы, а нашыя людзі-суседзі, што заклалі майго брата і тваю сям’ю. Нашы камітэтчыкі складалі спісы…
– Так, Сяргей, нашы, але для чаго яны гэта рабілі? Каб выслужыцца перад новаю ўладаю, займець нейкія прывілеі, а іншы раз баяліся за ўласнае жыццё ці сям’ю. Ненавіджу ўсіх! Немцаў! Саветаў! Усе крывасмокі! Ты ведаеш, як немцы з нас, ваеннапалонных, здзекваліся?! Кармілі раз на дзень нейкім варывам з травы. Маладыя здаровыя мужчыны ператвараліся ў нямоглых старых, высыхалі на арэх, гінулі сотнямі. Каб я не ўцёк з таго пекла, дык ужо не ехаў бы тут з табою.
– А калі ты трапіў у палон?
– Ды адразу ў трыццаць дзявятым. Ведаеш, браток, не хочацца нават згадваць. Адна нянавісць паліць мне сэрца. Нічога мне не шкада, нават сябе, занадта шмат натрываўся і настаяўся пад рулямі кулямётаў, пастаўленых на вышках. Ахова з намі не цырымонілася. Толькі што заўважала, палівала агнём. Ды і мы ўжо дайшлі да краю. Каб сагрэцца, садзіліся на памерлых, яшчэ цёплых, і чакалі свайго апошняга часу. А я ўцёк, калі гналі на працу, галодны, нямоглы, але быў такі шчаслівы ад адчування волі!