Выбрать главу

– Як думаеш, чым гэтая вайна скончыцца?

– Я так далёка не заглядваю. Пражыў дзень, і дзякуй Богу. Адно ведаю, што кожны атрымае тое, што заслужыў.

– Ты лічыш, што мы заслужылі такое жыццё?

– А што табе не падабаецца? Пад старасць хоць будзе што ўспомніць ды ўнукам расказаць?

– Ты думаеш: мы ўнукаў прычакаем?

– Не ведаю, Сяргей, і, думаю, ніхто не ведае, чым нас ашчаслівіць будучыня. Але ж вайна не можа доўжыцца вечна. Няхай немцы з Саветамі б’юццпа, а мы пачакаем, калі гэтыя дзве гадзіны адна адну задушаць, а потым будзем усталёўваць свае парадкі, будаваць незалежную Украіну. Вынішчым усю набрыдзь, савецкіх і нямецкіх памагатых, ачысцім зямлю ад руінаў і вайсковага друзу, запражэм сваіх конікаў у плугі і пойдзем араць палеткі, засумавалыя па нашых руках, сеяць з сявенькі жыта, проса, ячмень, авёс, садзіць бульбу. Як зямелька будзе радзіць і красаваць пасля гэтага!

Лёня абняў Сяргея за плячо і быццам павёў у намаляваную будучыню. Яны ўязджалі ў лес, па-зімоваму аціхлы і насцярожаны, але незвычайна прыгожы, здатны прыняць і паратаваць кожнага чалавека, з якімі б намерамі ён ні прыйшоў, бо, мабыць, верыў у чалавечую мудрасць і спагаду.

28

Ледзь не месяц чакаў Тадзік, калі ж нарэшце паклічуць яго на заданне. Аднак акаўцы не спяшаліся, а да задуманай справы рыхтаваліся грунтоўна. Толькі ў канцы студзеня нарэшце аканом Альберт паклікаў найміта і павёз на прасторных санях, у якія быў запрэжаны рахманы конік, у Брэст. Наблізіліся да будынка, дзе жылі польскія рабочыя.

– Табе – сюды, – сказаў Альберт і паказаў на грузавік. – Сядай у кузава.

Тадзік зазірнуў у крыты брызентам "Форд", дзе ўжо сядзела чалавек дзесяць незнаёмых хлопцаў у аднолькавых рабочых куртках, і насцярожана сказаў:

– Там жа ўсе чужыя.

– А ты хацеў маму з татам убачыць?

– Усё ж неяк прыемней мець справу з сябрамі.

– Прыгледзься лепей, мо каго пазнаеш, толькі асаблівай радасці не выяўляй, – адказаў Альберт і паказаў вачамі на кабіну.

За рулём сядзеў Люцыян і нецярпліва паглядваў па баках.

– Дзякую, пан Альберт, што падвезлі. Бывайце, – паспешна развітаўся Тадзік.

– Шчасліва, – адказаў аканом і пачаў разварочваць каня.

Тадзік залез у кузава, павітаўся. Нехта яму ціха адказаў. Пачакалі хвілін дзесяць, пакуль з’явіўся легкавы аўтамабіль "Опель", у якім заўважыў Тадзік Каэтана, малодшага брата пана Руткоўскага, разам з ім ехалі яшчэ трое незнаёмых мужчын. Адзін з іх быў у форме нямецкага афіцэра. Нарэшце рушылі з месца. Усе прысутныя з палёгкаю ўздыхнулі, чаканне і невядомасць занадта прыгнятаюць людзей. Ехалі доўга. Нямецкія патрулі не спынялі вайсковыя машыны. Людзі ў кузаве драмалі, хісталіся з боку ў бок, той-сёй прыладзіўся пакласці галаву на плячо суседу па лаўцы і адчуваў сябе адносна камфортна. У Тадзіка мерзлі ступні ў летніх чаравіках (шкарпэткі з воўны, якія дала Юхімка не дапамагалі), ён разуўся падкурчыў пад сябе ногі – стала цяплей, і таксама заснуў, але час ад часу прачынаўся, каб лацвей умасціцца, адгортваў брызентавую папону, бачыў удоўж дарогі заснежаны лес ці балота. Колькі разоў заўважаў, што міналі рэдкія мястэчкі ды прыгорбленыя вёсачкі. Прачнуўся ад ціхага гоману ў кузаве. Нехта сказаў:

– Мы ў Пінску. Увага, падрыхтавацца, дакладна выконваць загады, трымацца разам.

Адчынілі скрыню, прыкрытую брызентам, пачаль разбіраць зброю. Тадзіку дасталася доўгая і цяжкая вінтоўка. Ён спалохана падумаў, што ніколі не страляў з такой зброі, але потым суцешыў сябе тым, што мае пісталет, якім можна будзе скарыстацца ў выпадку чаго. Ехалі па вузкіх вуліцы, забудаванай каменнымі, пераважна аднапавярховымі, будынкамі, такімі звыклымі, якіх было мноства ў Брэсце і Беластоку, дзе жылі местачкоўцы, а найбольш габрэі. Нарэшце паказаліся турэмныя муры. Легкавік "Опель" пад’ехаў да самых варот турмы, а грузавы "Форд" спыніўся метраў за дзесяць ад уваходу. Ваякі высыпаліся з кузава і прытаіліся па два бакі ад варот, чакаючы каманды да дзеяння. Тадзік адчуваў хваляванне і трымценне ў душы, стараўся супакоіць сябе, але ці ад холаду, ці ад напружання калаціліся сківіцы, ён сціскаў іх з усяе сілы, каб не ляскаць зубамі. Афіцэр у нямецкай вайсковай форме, мусіць, ён быў за старэйшага ў асяродку палякаў, запатрабаваў ад турэмнай аховы, каб адчынілі вароты. Вартаўнік было засумняваўся, але ўсё ж дазволіў "Опелю" праехаць у двор. Следам праслізнулі два чалавекі, якія ў адзін момант абяззброілі вартаўніка. Той запозна зразумеў, што ўпусціў на тэрыторыю турмы чужых, паспрабаваў адбіцца, але быў заколаты нажом. Гэта здарылася на вачах Тадзіка. Ён здрыгануўся ўсім целам, калі ўбачыў, як нож лёгка ўвайшоў у грудзі турэмшчыка і толькі тады забыўся пра холад, перастаў дрыжаць, ад выгляду крыві да горла падступілі ваніты. Ён адвярнуўся. Прагучаў сігнал клаксона. Нехта падштурхнуў яго і прыкрыкнуў: