– Уперад! Бягом!
Толькі зараз ён убачыў, што ўсе хлопцы, якія ехалі з ім у кузаве грузавіка, забягаюць у двор турмы, і кінуўся следам за Каэтанам Руткоўскім. Вароты тут жа за сабою зачынілі і пакінулі двух жаўнераў на варце. Некалькі чалавек заскочылі ў канцылярыю, адтуль пачуліся стрэлы. Акавец у адзенні нямецкага афіцэра ўжо патрабаваў ад турэмнага наглядчыка адчыніць унутраныя вароты турмы і дамогся свайго. Як толькі апынуліся на ўнутранай тэрыторыі, адразу загадалі стражнікам легчы ніцма на зямлю, раззброілі ўсіх. Турэмшчыкі, захопленыя знянацку, спалохана паказалі, дзе вісяць ключы. Палякі рынуліся ў будынак турмы. Тадзік трымаўся побач з Каэтанам, бо ад разгубленасці не заўсёды разумеў, што загадвае паляк у мундзіры нямецкага афіцэра. Вось і зараз ён дапытваў нейкага турэмшчыка:
– Дзе польскія афіцэры, нумар камеры? Хутка!
А калі пачуў дакладны адказ, загадаў Тадзіку і яшчэ нейкаму хлопцу з аўтаматам трымаць турэмных наглядчыкаў пад прыцэлам, а сам з ключамі ў руцэ пабег шукаць патрэбных вязняў. Праз колькі хвілін ён з’явіўся зноў з трыма польскімі афіцэрамі ў пакамечаных мундзірах. Тадзік здагадаўся, што гэта і былі тыя самыя вязні, якіх трэба было вызваліць. Акавец загадаў стражнікам падняцца, загнаў іх у бліжэйшую камеру, гучна загадаў:
– Сядзіце ціха! Падымеце гвалт – закідаем гранатамі.
Грымнулі дзверы, клацнуў замок, турэмная стража засталася замкнутая. Тым часам вызвалілі астатніх вязняў. Яны ўзрушана запаўнялі калідор.
– Вы вольныя, – крыкнуў ім камандзір. – Разыходзьцеся хутчэй, пакуль вас не заспелі тут немцы.
Людзі рынуліся ды выхаду.
– Мы таксама адыходзім! Хутка! – скамандаваў галоўны акавец.
Тадзік пабег разам з усімі з турмы, але ў гэты час прагучала каманда спыніцца. Ён убачыў, што на турэмны двор па адным уваходзяць новыя стражнікі, а іх раззбройваюць і прымушаюць класціся на зямлю.
– Што гэта? – спытаў ён у Каэтана.
– Новая турэмная змена заступае на вахту. Тут мы яе і пакладзём адпачыць.
Калі нарэшце ўсіх стражнікаў уклалі на вычышчаны ад снегу двор, толькі тады жаўнеры зноў рынуліся за вароты. Вызваленых афіцэраў пасадзілі ў "Опель", які неадкладна ад’ехаў ад турмы, "Форд", у які ледзь не на хаду паўскоквалі вызваліцелі, рушыў следам. Машыны ўзялі кірунак на Брэст. Але ўжо за горадам высветлілася, што ў "Опеля" прабітае кола, вымушаны былі спыніцца. Пасля нядоўгай нарады вырашылі, што не варта губляць час на замену кола. Аблілі легкавік бензінам і падпалілі. Ён успыхнуў імгненна. Акаўцы зноў ускочылі ў кузава і паімчалі далей ад горада, скуль магла з’явіцца пагоня. Кіламетраў праз пяцьдзясят звярнулі на лясную дарогу, прыехалі да загодзь падрыхтаванай леснічоўкі, дзе пакінулі вызваленых афіцэраў, папярэдне забяспечылі іх усім неабходным. Праз два дні з праваднікамі яны павінны былі перайсці мяжу. А польская будаўнічая брыгада зноў загрузілася ў машыну і рушыла ў Брэст. Толькі зараз усе адчулі разняволенасць, загаварылі ўсе разам, хвалячы сябе.
– Ніводнага свайго чалавека не згубілі! Гэта вялікая ўдача, – радаваўся Каэтан. – А ты, малы, як сябе адчуваеш? – звярнуўся ён да Тадзіка.
– Добра, толькі есці хочацца.
– Дык усім есці хочацца, – гукнуў нехта з гурту.
– Пара зрабіць прывал, – сказаў Каэтан. – Пастукаў у задняе акно кабіны.
Машына хутка зноў звярнула ў лес з трасы, праехала трохі і спынілася на ўтульнай палянцы, акружанай высокімі елкамі. Мужчыны павыскоквалі з кузава, тупалі нагамі, пацягваліся, разміналіся. Самыя спрытныя развязвалі заплечнікі.
– Расчысціць пляцоўку, – загадаў камандзір.
Адразу запрацавалі два жаўнеры з шуфлямі. На чыстае месца паслалі кавалак брызенту, расклалі ежу. Паселі кружком і пачалі спажываць кансервы з хлебам проста з бляшанак, запівалі снегам. Тадзіку таксама далі тушонку. Ён даставаў яе нажом і думаў, што ніколі гэтак смачна не абедаў.
– Ты куды пасля задання? – спытаў яго Каэтан.
– А вы?
– Мне трэба вяртацца ў Варшаву, каб паведаміць начальству, як мы зрабілі сваю справу.