Выбрать главу

– Мяне ў Варшаве ніхто не чакае, – адказаў Тадзік і падумаў, што добра было б наведаць маму, але ж яна пачне плакаць і патрабаваць, каб сын застаўся дома, а яму меней за ўсё хацелася бачыць яе слёзы, лепш не трывожыцца самому і не турбаваць яе, няхай будзе, як ёсць.

– Чаго задумаўся? Застаешся ў Брэсце?

– Так.

– Вырашана. Чакай новага задання, – ляпнуў яго па плячы Каэтан.

– Буду чакаць з нецярплівасцю, не забудзьце пра мяне…

У гэты час падсеў да Тадзіка Люцыян, спытаў:

– Як маешся?

– Нічога, звычайна.

– Палеглі нашы сябры. Ніяк не магу змірыцца. Мне заўсёды іх будзе не хапаць.

– Ведаю. Мне пан Руткоўскі казаў. Не пашанцавала хлопцам.

– Мне ўсё здаецца, гэтага не здарылася б, каб я быў з імі.

– Кажуць, у кожнага свой лёс, бачыш, як сёння выдатна папрацавалі – і ўсе жывыя. Удача сёння была з намі… Я не бачыў іх мёртвымі, заплюшчу вочы і стаяць перада мною жывыя Рамуальд, Зянон і Генік…

Люцыян памаўчаў, марудна жуючы хлеб і пазіраючы некуды ў сябе.

– Цяпер ужо нічога нельга змяніць, – сказаў Тадзік.

– Але і змірыцца нельга…

– Даядайце, няма калі тут расседжвацца, – заўважыў Каэтан, назіраючы, як сябры ледзьва варушаць сківіцамі .

Тадзік азірнуўся: хлопцы завяршалі абед, толькі адзін, трымаючы бляшанку з кансервамі ў руцэ, расказваў нейкую показку, спрабаваў насмяшыць таварышаў, але тут прагучаў загад камандзіра:

– Па конях!

У момант хлопцы сабралі рэчы. Пустыя бляшанкі загрэблі ў снезе, прыбралі ўсё за сабою і паселі ў кузаве. Наперадзе было некалькі гадзін дарогі.

На другі дзень Тадзік ужо быў у маёнтку Рута, дзе яго чакаў смачны Юхімчын абед і Верыны папрокі, маўляў, некуды падзеўся і не папярэдзіў.

– Што ты, Верка, да мяне маеш, – агрызнуўся Тадзік. – Цябе ж прасваталі, вось і пільнуй свайго будучага мужа, а мяне пакінь у спакоі, пасля доўгай і траскай дарогі яму хацелася добра выспацца.

– У маладых паноў шмат сваіх спраў, а ты толькі прыслуга, – прыкрыкнула на дачку Юхімка.

Тадзік устаў з-за стала, падзякаваў кухарцы і падаўся ў сваю камору, маючы намер зачыніцца там на замок. На парозе сутыкнуўся з аканомам.

– Як там? – спытаў ён.

– Усё добра, – адказаў Тадзік, саступаючы дарогу.

– Дзякаваць Богу, што ён ад нас не адварочваецца, – пачуў услед Тадзік аканомаў голас і абурана падумаў, што гэты чалавек нічога не цяміць у канспірацыі, пры жанчынах распытвае, каб даць падставы ім для разважанняў ды пытанняў.

29

Тры дні Тадзік валяўся ў пасцелі, спрабаваў чытаць кніжкі, якія браў з дазволу аканома ў панскай бібліятэцы, час ад часу пракручваў у памяці перажытае і радаваўся, што так удала атрымалася вызваліць вязняў. Мусіць, толькі дзякуючы неймавернай дзёрзкасці афіцэраў і жаўнераў змаглі яны ўзяць турму без шуму. Хацелася пачытаць нешта пра гераічных людзей, але ў бібліятэцы былі толькі любоўныя раманы пра слязлівых паненак, мабыць, гэтыя кніжкі набывала жонка гаспадара маёнтка. Ён пачынаў чытаць чарговы раман, перагортваў некалькі старонак, зноў упіваўся вачамі ў тэкст, але не знаходзячы нічога цікавага адкідаў кніжку, браўся за іншую.

У нядзелю прыехаў пан Руткоўскі, адразу паслаў Юхімку па Тадзіка. Хлопец прычасаўся, агледзеў сябе з ног да галавы і падаўся да гаспадара ў кабінет. Той, як звычайна, сядзеў за сталом, гартаў паперы. Убачыў Тадзіка на парозе, падняўся, пайшоў насустрач, абняў за плечы, прамовіў:

– Ты мяне радуеш. Каэтан казаў, што застаўся цалкам задаволены табою.

– Дзякую на добрым слове.

– Ну, раскажы падрабязна, як там усё было, бо не паспееў я распытаць брата, ён спяшаўся ў Варшаву. Перакінуліся трыма словамі. Праходзь, сядай на канапу.

Тадзік утульна умасціўся, пан Руткоўскі сеў у вялікі фатэль, запаліў цыгарку, падрыхтаваўся слухаць. Хлопец расказаў падрабязна ўсё, што бачыў і чуў. Апавядаў ён эмацыянальна, размахваў рукамі, не забыў пахваліць Каэтана, які ўвесь час быў побач з камандзірам і паводзіў сябе надзвычай адважна. Па твары пана Руткоўскага было відаць, што ён шчыра радаваўся за брата, але на дне вачэй усё ж залегла прыхаваная туга. Тадзік разумеў, што найхутчэй гаспадар сумуе па страчанай сям’і, таму часам такі змрочны бывае ягоны позірк, быццам праз вочы выліваецца цяжар, які пасяліўся ў сэрцы.

– Ведаеш, мой брат быў вельмі шкадлівы ў маленстве. Сабраў вакол сябе падлеткаў, такіх, як сам, і верхаводзіў імі. Выраблялі абы-што, сады латашылі, бароны на стрэхі зацягвалі, вароты выносілі за ваколіцы, шклом коміны зачынялі. Затопіць іншая баба печ, а дым – у хату. Зірне ў трубу, нічога няма, неба свеціцца, а дым не ідзе... Ганаруся, што Каэтан пасталеў і стаў сапраўдным афіцэрам.