– Мне прапаноўвалі таксама ехаць у Варшаву, але я вырашыў застацца тут.
– Мусіць, часова ўсе справы пакуль давядзецца спыніць.
– Чаму? Так добра ўсё прайшло, – здзівіўся Тадзік.
– Таму што немцы распачалі рэпрэсіі супраць палякаў. Учора ў Пінску замест трох вызваленых афіцэраў расстралялі трыццаць палякаў у якасці заложнікаў. Загінулі ні ў чым не вінаватыя людзі. У Брэсце таксама штодня арыштоўваюць людзей, кідаюць у турму, расстрэльваюць і вешаюць. Ствараецца такое ўражанне, што фашысты маюць пэўныя планы па знішчэнні мясцовага насельніцтва. Можа, табе лепш было б паехаць у Варшаву, але калі ўжо застаўся тут, дык нікуды не выходзь з маёнтка.
– Колькі гэта будзе доўжыцца? – насцярожана спытаў Тадзік.
– Не ведаю, можа, да лета. Цяпер зіма, холад. Куды без базы можна падацца? Сяляне ад палякаў, сам разумееш, не ў захапленні. Мы для іх чужыя, прыгнятальнікі, на іхнюю дапамогу разлічваць не даводзіцца.
– Амаль паўгода я буду вымушаны бяздзейнічаць?
– Так, а што рабіць? Пачнём варушыцца, завалім усю справу. Калі ты ўбачыш павешанымі сваіх паплечнікаў, думаю, і сам не захочаш перажыць іхнюю долю.
– Наадварот, я жадаю помсціць і помсціць ворагам!
Пан Руткоўскі памаўчаў, выдыхаючы чарговае воблака дыму. А потым сказаў:
– Дзейнічаць трэба з розумам. Нашы кіраўнікі ў Варшаве і Лондане таксама лічаць, што трэба пакуль пачакаць канца вайны між Гітлерам і Сталіным. Калі яны канчаткова дагрызуць адзін аднаго, тады польскі народ падымецца на паўстанне, ачысціць сваю зямлю ад брыдоты і пачне адбудоваўваць родную краіну. Цяпер нам неабходна рыхтавацца да гэтага рашучага кроку, назапашваць сілу, зброю, гуртаваць людзей вакол сябе. Трэба мець на ўвазе, што камуністычная прапаганда ўжо ўбіла клін у наша грамадства. Польскія камуністы таксама збіраюць у свае шэрагі людзей. Яны нашы ворагі, хоць мы належым аднаму народу. Разумееш, Тадзік, якая складаная сітуацыя ўтварылася зараз у Польшчы?
Тадзік згодна кіўнуў галавою.
– Я рады, што ты здатны стрымаць патрыятычныя парыванні і эмоцыі на карысць справе. Нам трэба быць мудрымі, разумнымі і прадбачлівымі, інакш не выжыць. Тое, што я працую гебітскамісарам не дае мне падстаў адчуваць сябе ў бяспецы. Учора да мяне наведваліся нямецкія сувязісты, ладзілі мой тэлефон, здагадваюся, што цяпер мяне будуць праслухоўваць. Таму ўсім нам трэба быць асабліва асцярожнымі. Яшчэ заўважыў, што каля майго дома ў Брэсце ўчора аціраўся нейкі тып, мабыць, за мною пачалі сачыць.
– Дык што, цяпер усё спыніцца?
– Так, у Брэсце часова спыніцца.
– А ў астатніх рэгіёнах што будзе? Можа, мне падацца ў Гародню або Вільню? – спытаў Тадзік, якога не задавальнялі некалькі месяцаў бяздзейнасці.
– Гэта ў цябе, юнага, час цягнецца марудна. А мае дні ляцяць хутка, мала паспяваю за дзень, за тыдзень, за год.
– Можа, мне ў такім разе вярнуцца ў Беласток, там мая цётка жыве. Маму наведаю. Яна, мусіць, і не здагадваецца, куды я падзеўся.
Пан Руткоўскі змераў хлопца пакрыўджаным позіркам і сказаў:
– Тадзік, я прывык да цябе, як да роднага сына. Не пакідай мяне. Я гляджу на цябе і ўяўляю, як расце мой хлопчык, як прабіваецца ў яго пушок на верхняй губе, які ён стройны і высокі, можа, нават зачэсвае валасы, гэтак жа, як ты…
Пан Руткоўскі апусціў пагляд. Вочы гаспадара ўвільготніліся, але ён схаваў ад хлопца слёзы. Сапраўды, сёння мо, як ніколі, пан Руткоўскі адчуў небяспеку вельмі блізка, ажно мароз прайшоў па скуры, калі прачытаў паведамленне, што жандары шукаюць грузавы "Форд". Гэта была машына, якая належала гебітскамісарыяту, але на заданне яна выехала з замененымі нумарамі, што і выратавала Руткоўскага ад расправы. Надалей трэба быць яшчэ больш абачлівым, бо ўсялякая дробязь можа прывесці да выкрыцця і ўрэшце – да смерці. Гаспадар вытрымаў паўзу і зноў загаварыў:
– Нам трэба трымацца ўсім разам. Менавіта ў еднасці – наша сіла. Я кажу не толькі пра наш маёнтак Руту, але найперш пра Польшчу, распятую ворагамі на крыжы, як пан Езус Хрыстус. Яна жудасна пакутуе, але застаецца жывою, і мы павінны навучыцца трываць разам з ёю, а калі настане час, дык з’яднацца і паўстаць супраць акупантаў, перамагчы іх, задушыць, спапяліць і развеяць па ветры, каб і почуту не засталося пра іх. Дабро павінна перамагаць усялякае зло, інакш жыццё загіне, спыніцца, як той расток, што выбіўся з зямлі, а яго пляндруюць цяжкімі ботамі!
– Добра, пан Руткоўскі, я ўсё зразумеў. Застаюся малаціць снапы на вашым таку і нічога без дазволу не рабіць, – сказаў Тадзік і падняўся.