– Дзякую за разуменне. Ты сапраўдны жаўнер!
– Да пабачэння, пан Руткоўскі. Буду чакаць новага загаду.
– Чакай, наш час настане.
Тадзік развітаўся і ціха выйшаў з кабінета, спусціўся па лесвіцы, апынуўся на ганку, акінуў позіркам заснежаны двор, узяў шуфаль і пачаў разграбаць з дарожак снег. Рабіў ён гэта старанна, укладваў у справу ўсю сілу, якую пакуль не было куды дзяваць.
30
Да самага вясновага цяпла атрад атамана Грака пражыў на базе каля горада Роўна, а потым рушыў у Любяшоўскі раён. Гэта радавала Сяргея Клімчука: усё ж бліжэй да радзімы. Сталі табарам кіламетраў за трыццаць ад Пінска, знайшлі астравы сярод балота ў пойме Прыпяці. Цяпер, калі, як казаў кухар Дзем, кожны кусцік на нач пусціць, украінцы не надта трымаліся аднаго месца, а болей вандравалі па Палессі, з’яўлялі часам каля Століна ці Давыд-Гарадка, іншым разам даходзілі ажно да Янава і Драгічына, харчаваліся ў сялян, агітавалі супраць савецкай улады, заклікалі ўступаць у свае шэрагі, запалохвалі людзей голадам, які пануе ў СССР, дзе мацяркі вымушаныя есці сваіх дзяцей. Сялянкі божкалі і хрысціліся. Хлопцы, якім пагражаў вываз у Германію, уліваліся ў курані ўкраінскіх паўстанцаў, бралі ў рукі зброю. Стралялі мала, хоць гэты раён быў густа заселены савецкімі партызанамі, пераважна з акружэнцаў ды былых служак Пінскага абкама і навакольных райкамаў, розных камітэтчыкаў і камсамольцаў, якія не паспелі выехаць у эвакуацыю. Аднак сутычкі часам здараліся. У пачатку чэрвеня атабарыліся ў сяле Хацішаў, адтуль выпраўляліся на заданні і вярталіся, нагружаныя харчамі.
Сяргей разам з іншымі хлопцамі не сядзеў у лагеры, вандраваў па Піншчыне, выконваючы розныя даручэнні. На гэты раз ён быў з Лёнем Парахнюком – Варнаком, Цітам – Камаром, ішло з імі яшчэ сямёра хлопцаў, з якімі Сяргей быў мала знаёмы, нават імёнаў іхніх не ведаў, бо звычайна ўсе карысталіся клічкамі. Сапраўды, гэта было зручна, бо імёны часта паўтараюцца, а клічкі былі адзінкавыя.
– Чаму ў цябе такая дзіўная клічка – Варнак, што азначае? Я і слова такога ніколі не чуў, – спытаў Сяргей у Лёні Парахнюка.
– Варнак – катаржнік, які здолеў уцячы. Я збег з нямецкага палону, дык хто я? Варнак!
– А я кусачы, як камар, сам сабе такую клічку прыдумаў, – заўважыў Ціт.
– Мог бы назвацца сабакам, – засмяяўся Лёня. – Яны таксама добра грызуцца. Як быў у палоне, бачыў: пры мне аднаго нашага хлопца аўчаркі зарэзалі, быццам нажамі, на смерць.
– Камар амаль нябачны, а як укусіць, дык дзень чухрыцца будзеш. І з кулямёта ў яго не пацэліш, – самазадаволена адказаў Ціт.
– Ну, і хітры ты, Камар. Цікава, мо цябе і камары не кусаюць? – засмяяўся Лёня, а за ім – і астатнія хлопцы.
– Іншы раз кусаюць, ды я іх не баюся. Свае камары, гэта вам не ворагі лютыя. Ціха, глядзіце, хто гэта там мільгнуў за кустоўем? – насцярожана спытаў Ціт. – Мо нашы?
Усе прыселі і ўтаропіліся ў трох хлопцаў, якія мільгалі ўдалечыні.
– На пілотках чырвоныя зорачкі. Партызаны, – канстатаваў Лёня.
– Глядзі ты, пад наш Хацішаў падбіраюцца, – сказаў Ціт, паказваючы рукою хаўруснікам спыніцца.
– Цяпер давядзецца мяняць дыслакацыю, – заўважыў Варнак. – Мала ім лесу, бессаромна лезуць у вочы.
– Акружаем, – загадаў Ціт і паслаў некалькі хлопцаў у абход наперад.
Калі трох партызанаў заспелі першыя стрэлы, яны залеглі, але тут з усіх бакоў засвісталі над імі кулі і так прыціснулі да зямлі, што і галавы немагчыма было падняць, каб агледзецца. Адзін з іх шпурнуў гранату ўсляпую, але яна не дасягнула мэты. Два партызаны, (мусіць, трэці быў забіты ці паранены) адчуваючы, што трапілі ў пастку, вырашылі прарывацца, падняліся на поўны рост і пабеглі. Казакі між тым сціскалі кола.
– Узяць жывымі! – крыкнуў Ціт.
Але менавіта ў гэты момант яшчэ адзін партызан быццам спатыкнуўся аб нябачную перашкоду і зваліўся на дол, а другі, прыпаў да зямлі, папоўз, але ўжо ўбачыў наперадзе шапкі з трызубцамі, прыставіў пісталет да скроні, стрэліў і ўпаў з дзіўнаю усмешкаю на вуснах, быццам дасягнуў таго, пра што даўно марыў.
– Вось табе і маеш, – расчаравана сказаў Ціт. – Хацеў прывесці "языкоў", а маю тры трупы.
– Лёгкая смерць, – роздумна сказаў Лёня, узіраючыся ў твары палеглых партызанаў. – Маладыя ўсе…
– Дзіва што, каб трапілі да нас, мы з іх жывых скуру садралі б, а дазналіся б усе іхнія таямніцы, – помсліва адказаў Ціт.
– Не разумею, чаго ты на Саветаў так уз’еўся, яны цябе быццам не пакрыўдзілі.
– З маленства ненавіджу ўсялякае начальства і іхніх паслугачоў, усіх гэтых солтысаў, паліцыянтаў, міліцыянераў, упаўнаважаных, якія быццам створаныя для таго, каб запрагаць ды паганяць простага чалавека.