Сяргей, які за час знаходжання сярод украінскіх нацыяналістаў ужо трохі звык да таго, што побач паміраюць людзі, з жудасцю падумаў: "Якая смерць чакае мяне? Ці здолеў бы я вось гэтак лёгка адмовіцца ад жыцця? Мусіць, не… Ды і што я каму вінны? Няхай ідуць усе да д’ябла! Я жыць хачу!"
– Што будзе рабіць з нябожчыкамі? – спытаў Варнак.
– Няхай ляжаць пад халеру, – адказаў Ціт. – Звяры расцягнуць з часам…
– Усё ж людзі, – выказаўся Сяргей.
– Мо яшчэ ім урачыстае пахаванне наладзіць? – пасміхнуўся Ціт. – Няхай партызаны ведаюць, што ім не трэба нас чапаць.
Хлопцы вярнуліся ў Хацішаў, зайшлі ў двор, дзе атабарыўся атаман Грак. Ён якраз галіўся перад люстэркам, павешаным на цвічок на сцяне. Казакі расказалі яму пра свае прыгоды. Той нахмурыўся, задуменна прамовіў:
– Трэба рыхтавацца да нападу. І наогул, пара мяняць месца дыслакацыі…
– Мо пра нас не ведаюць? – выказаў сумненне Ціт.
– Нешта разнюхалі, калі ўжо шныраць паблізу. Трэба павялічыць ахову вёскі і паслаць разведчыкаў, каб здабыць свежыя весткі пра месца знаходжання партызанаў.
– Будзе зроблена, адказаў Ціт, які выконваў абавязкі намесніка атамана.
– Дзейнічай, – загадаў атаман і працягваў галенне, здзіраючы са скуры шорсткую шчэць разам з мыльнаю пенаю.
Сяргей правёў па сваёй шчацэ даланёю і падумаў, што яму таксама трэба было б пагаліцца, але вырашыў, што зробіць гэта заўтра, а сёння хацелася добра наесціся і адаспацца. Кухар Дзем пачаставаў хлопцаў кашаю са шкваркамі і кіславатым ружовым узварам з рэвеню, дазволіў узяць па лусце хлеба з сабою. Хлопцы без лішніх размоў разышліся па хатах, хто дзе спыніўся. Сяргей накіраваўся да стараватай удавы, якая жыла на ўскраіне вёскі, павітаўся, сказаў:
– Я пасплю, не будзі мяне, цётка, без асаблівай патрэбы.
– Спі на здароўе, навошта ты мне? – адказала жанчына і пайшла з хаты, каб не замінаць ваяку.
Ён абудзіўся раніцаю, калі ўжо сонца ўвалілася ў акно, ад траскатні вінтовак і аўтаматаў, здагадаўся, што завіталі партызаны. Ускочыў на ногі, апрануўся, схапіў вінтоўку і кінуўся да штаба атамана. Там ужо таўкліся казакі, чакаючы загаду. Адзін з хлопцаў, што стаяў на варце, дакладваў Граку:
– Абстралялі партызанскую разведку, але чакаецца набліжэнне іхняга атрада, бо ў суседняй вёсцы шумна і нешта гарыць.
– Заняць абарону, – загадаў атаман. – Камар, будзь пры мне, вазьмі свой узвод.
Сяргей апынуўся ў ліку тых, хто ахоўваў Грака. Хутка пачалася моцная страляніна. Каб не надта нашкодзіць вяскоўцам, атаман загадаў адступіць з вёскі да лесу. Што рабілася на пярэднім краі – Сяргей не бачыў, але вельмі нерваваўся: там быў яго сябар Грыня, баяўся, каб з ім чаго дрэннага не здарылася. Гэты хлопец быў вельмі вясёлы, меў прыгожы голас і пры ўсялякай нагодзе любіў спяваць. Найчасцей заводзіў "Катэрыну". Хацелася быць побач з ім, аднак ён вымушаны быў сядзець тут, нічога не рабіць, ахоўваць цела атамана. Бой цягнуўся да абеду, а потым партызаны адступілі, падпальваючы хаты вяскоўцаў. Усчаўся страшэнны пажар, якому дапамагаў моцны вецер. Полымя гуло, трашчалі дахі, іскры ляцелі ўгору жахлівым феерверкам, а над усім звінелі жаночыя галашэнні.
З поля бою на ўскраіну лесу пачалі прыносіць спачатку параненых, а пасля – забітых, чалавек дваццаць. Сяргей убачыў свайго Грыню з прастрэленай галавой і затросся худым целам, стрымліваючы плач, душачы ў сабе жалобу і паўтараючы ў думках: "На ягоным месцы мог быць я. Ён падараваў мне жыццё, ахвяруючы сабою. Ах, Грыня, Грыня, яшчэ не паспелі мы з табою з’есці пуд солі, а мусім ужо развітвацца назаўсёды. Даруй мне, што я выжыў. Даруй, і бывай назаўсёды. Я запомню тваю магілу, каб вярнуцца да цябе пасля вайны і расказаць табе, як і што ў нас было, калі сам дажыву да таго часу…"
– Удод, варушыся! Трэба капаць магілу, – пачуў Сяргей, нібы праз сон, голас Камара, павольна павярнуў галаву, пашукаў вачамі рыдлёўку, якая тырчэла, увагнаная ў зямлю, узяў у рукі, стаў побач з іншымі казакамі, пачаў капаць, пераадольваючы ў сабе стому і боль ад страты.
Ён пазбягаў глядзець на мерцвякоў, бо пасля яны стаялі ў вачах, але на Грыню час ад часу кідаў позіркі. Хлопец ляжаў з заспакоеным выразам твару, малады і прыгожы, пасма цёмных валасоў спадала на лоб, і прыкрывала маленькую рану пасярод ілба, вакол якой запеклася чорная кроў. У думках Сяргей развітваўся з сябрам: "Даруй, дружа, не паспелі мы з табою нагаварыцца. Нават не ведаю, дзе жывуць твае бацькі. Ты мне аднойчы назваў сваю вёску, а я пачуў – і адразу забыўся, даруй. Не здолею паказаць тваім бацькам, дзе ты пахаваны. А хто ведае, што чакае мяне? Мо такая ж невядомая магіла сярод лесу? Застаецца нам адно: сустрэцца на тым свеце і там працягваць наша сяброўства, якое так нечакана абарвалася…" Пад сэрцам сабраўся гарачы камяк і неміласэрна паліў, быццам клубок змей упіўся ў грудзі атрутнымі зубамі.