31
Вясной гестапа распачало новыя арышты ў Брэсце. Трапілі ў турму дзясяткі два акаўцаў з Палескай акругі, гітлераўцы адразу расстралялі адзінаццаць чалавек, астатніх трымалі ў турме, вялі допыты. Наглядчыкі-палякі ўпотай, як маглі, дапамагалі арыштантам, але ад здзеку нямецкімі следчымі над падпольшчыкамі не маглі выратаваць. Тым, хто застаўся на волі, трэба было працягваць барацьбу, каб даказаць акупантам, што людзі, якіх яны арыштавалі, не маюць дачынення да падполля. На сваю рызыку пан Руткоўскі сабраў пяць чалавек, уключыў туды Тадзіка і накіраваў на чыгунку ў раёне Бярозы. Хлопцы неслі з сабой узрыўчатку, ішлі глухімі дарогамі, абміналі вёскі, за два дні амаль дасягнулі месца дзеяння. Заставалася яшчэ прайсці якіх кіламетраў пятнаццаць. У чарговы раз спыніліся адпачыць у лесе каля Тэўляў. Пападалі на зямлю, паскідалі заплечнікі, так і ляжалі з паўгадзіны, даючы адпачынак нагам і целу.
Лес толькі ўбраўся ў першую маладую зеляніну, выглядаў па-святочнаму прыгожым і абноўленым. Самавіта снавалі рудыя мурашы, носячы нешта ў жытло з ігліцы. Лёталі сінія маленькія матылі. У вяршынях стаяў такі прыемны гул, быццам дрэвы ўвесь час пра нешта гаманілі. Тадзік расшпіліў куртку, адчуў, што вельмі разгарачыўся ў час хады. Паляжаў так трохі, потым распрануў куртку наогул. Ветрык астуджваў прыемна спіну праз сарочку, не хацелася варушыцца і што-небудзь рабіць, але ён быў у гурце самы малодшы, лічыў неабходным даказваць сваю патрэбнасць, таму спытаў:
– Мо раскладзём вогнішча?
– Калі ёсць жаданне, дык раскладзі, – адказаў кіраўнік, якога ўсе называлі Марэкам.
Тадзік здагадваўся, што гэта толькі клічка. А зрэшты, якая розніца, як каго завуць? Са знаёмых у групе быў толькі Люцыян – Люцік. Ён адзін выжыў з таго ранейшага падпольнага гурта, з якім упершыню пазнаёміў Тадзіка пан Руткоўскі. Іх звязвала мінулае, пра якое іншыя прысутныя тут не ведалі. Тадзік трымаўся Люцыяна, у гаворкі асабліва не кідаўся. Не прынята гэта ў падпольшчыкаў, аднак яны абменьваліся позіркамі, гэта была такая прыемная гаворка вачамі, калі блізкі табе чалавек разумее твой настрой без лішніх словаў. Зараз яны разам падняліся і пайшлі збіраць ламачча, потым распальвалі вогнішча, усміхаліся, бо ўсё выдатна атрымлівалася.
– Можна і кашу зварыць, два дні варанага не елі, – прапанаваў Тадзік.
– Варыце, – дазволіў Марэк, які ўсё яшчэ ляжаў нерухома, нават вочы не расплюшчваў, востры падбародак вытыркаўся ўгору. Было яму гадоў пад сорак, самы старэйшы, мусіць, ён найбольш стаміўся. – Вацэк і Болек – на варту, калі каша зварыцца, вас заменяць.
Стражнікі неахвотна падняліся і пайшлі ў лес у два розныя бакі і хутка зніклі за зелянінаю.
– Дзе возьмем вады? – спытаў Тадзік, які толькі зараз схамянуўся, што без вады кашу не зварыш.
– У тым баку балотца бачыў, – паказаў Люцыян. – Можна будзе набраць, працадзіць ды і карыстацца.
– Займіся, а я буду майстраваць канструкцыю, на якую можна кацёл падвесіць.
Люцыян узяў кацёл і кубак і пайшоў, а Тадзік выламаў з сухастоін дзве стойкі-рагулі і папярэчыну, прымацаваў усё, як след, каб можна было павесіць кацёл. Не прайшло і паўгадзіны, як каша забулькала над агнём, смачным пахам абуджаючы апетыт у падарожнікаў. Марэк нарэшце сеў, задаволена зірнуў на вогнішча і сказаў:
– Маладыя жаўнеры ў нас самыя ўвішныя. Аб’яўляю падзяку за іныцыятыву. Калі варыва будзе смачнае, дык яшчэ адну падзяку атрымаеце, а заадно – кваліфікацыю кухараў. Як ні круці, а пры кухні галодны не будзеш, ганаровая пасада.
– Гэта не падзяка, а абраза, – азваўся Люцыян. – Ці дзеля гэтага мы пераадолелі столькі кіламетраў?
– Як не паясі, дык не папрацуеш, – спакойна адказаў Марэк. – А на вайне жаўнеру нічога, акрамя ежы і боепрыпасаў, не трэба. Там жыццё іншы раз хвілінамі лічыцца.
Раптам з кустоў выскачыў Вацэк, і таропка сказаў:
– Проста на нас ідуць бульбоўцы.
– Адкуль ведаеш, што яны? – спытаў Марэк.
– На шапках – трызубцы.
– Непажаданая сустрэча. Ідуць на пах кастра. Колькі іх?
– Трое, мусіць, разведка.
– Няхай толькі падсунуцца, сустрэнем агнём. Заняць абарону, – загадаў Марэк.
Жаўнеры пайшлі насустрач украінцам, залеглі па перыметры паляны. Болека вырашылі не клікаць, былі перакананыя, як пачуе стрэлы, сам прыбяжыць. У хуткім часе сапраўды тры постаці замільгалі між дрэў, ішлі асцярожна, прыслухоўваліся, пераглядваліся. Марэк даў знак нікому не варушыцца, не падаваць ніякіх прыкмет жыцця. Між тым бульбоўцы зусім асмялелі і пайшлі напрасткі да вогнішча, трымаючы напагатове вінтоўкі, на паляне спынілі, здзіўлена азіраліся, што нікога няма.