Выбрать главу

– Нешта тут не так, – сказаў адзін.

– Чаму? Мо які паляўнічы пайшоў у лес па дровы.

– Кідай зброю, рукі ўгору, – скамандаваў Марэк, хаваючыся за густым кустом арэшніка.

Адзін з бульбоўцаў стрэліў у той куст, адкуль пачуўся загад, астатнія кінуліся наўцёк. Марэк пачаў страляць, але, мусіць, няўдала, бульбоўцы зніклі ў зарасніку.

Жаўнеры кінуліся за імі, але тыя як скрозь зямлю праваліліся.

– Няўдала мы паваявалі, – сказаў Марэк. – Трэба хутка паесці і сыходзіць, пакуль яны не прыйшлі з падмогаю. Хаця перад боем есці не варта. Але мо абыдзецца без сутычкі…

На паляну прыбег Болек, спытаў:

– Што здарылася?

– Бульбоўцы на нашу кашу паквапіліся, мы іх прагналі, – адказаў Люцыян.

Хлопцы знялі кацёл з агню, пабралі лыжкі і сёрбалі недавараную гарачую кашу, апякаліся, але спяшалі апаражніць пасудзіну і напоўніць жываты. Калі кацёл апусцеў, Тадзік агледзеў яго, працёр травою, сказаў Люцыяну:

– Мыць не буду, і так вылізалі.

– Хутка збіраемся і сыходзім, – загадаў Марэк, затоптваючы вогнішча.

Праз пяць хвілін усе стаялі з заплечнікамі за спінамі і па камандзе рушылі ў бок чыгункі. Рапатам лясны гоман парушылі стрэлы. Жаўнеры залеглі, агледзеліся, убачылі наперадзе бульбоўцаў. Іх было шмат.

– Скідаем рэчмяшкі, займаем абарону, – загадаў Марэк і пачаў страляць з пісталета.

У адказ пачалася густая страляніна. Тадзік таксама выхапіў пісталет, некуды страляў ад страху без перапынку, пакуль не скончылася абойма. Толькі зараз ён агледзеўся і ўбачыў, што застаўся адзін. Марэк ляжаў забіты справа, Люцыян – злева, Вацэка і Болека не было відаць. Бульбоўцы працягвалі страляць. Тадзік засунуў небоездольны пісталет у кішэню, падняўся і кінуўся бегчы прэч. Ззаду пачуў каманду:

– Не страляйце, узяць жывым! Дагнаць! Давай ты, у цябе ногі доўгія!

Тадзік бег гэтак жа, як некалі ад таго немца, які яго хацеў расстраляць. Толькі цяпер было цяжэй, галлё неміласэрна хвастала па твары, карчы чапляліся сухімі галінамі, дралі адзенне, скуру на твары і руках. Але той, хто бег ззаду, быў дужэйшы і спрытнейшы. Яшчэ імгненне, вораг збіў з ног Тадзіка, наваліўся худым гнуткім целам, прыціснуў да зямлі, цяжка дыхаючы ў патыліцу, заламаў рукі за спіну, пачаў звязваць. Як палонны ні тузаўся, ні выкручваўся, вызваліцца не мог, толькі выкрыкваў:

– Пусці! Пусці!

– Зараз! Разагнаўся! – адказаў бульбовец, устаючы з зямлі і падымаючы Тадзіка.

Толькі цяпер яны сустрэліся позіркамі. Тадзік са здзіўленнем пазнаў Сяргея, таго самага хлопца з вёскі Вялікая Багна, які прыводзіў жывёлу на здачу да пана Руткоўскага.

– Ты? Тут? У бульбоўцаў? – спытаў ён уражана.

– А ты з ляхамі, паніч?

– Я ж табе казаў, што буду змагацца з акупантамі. А з кім змагаешся ты?

– Таксама з рознымі акупантамі, у тым ліку і з палякамі!

– Дык забі мяне, забі! Чуў я, што вашы рэжуць палякаў на кавалкі!

– А ты думаў, што толькі вам дазволена смактаць сялянскую кроў?

– Я жыву, як лічу патрэбным, маё сумленне чыстае перад Радзімаю.

– Розныя ў нас Радзімы, паніч. Чаго ты ўвесь час мне на вочы трапляеш, га? – спытаў Сяргей насмешліва. – Помніцца, ты аднойчы мяне ад фрыцаў выратаваў.

– І ты мяне паратуй, забі, каб не пакутаваць, не трываць прыніжэнне і ганебную смерць.

– Годзе табе… Ідзі ўжо… Бяжы, каб хто іншы не дагнаў, – махнуў рукою Сяргей. –Уцякай хутчэй! Пакуль я не перадумаў.

Сяргей развязаў рукі Тадзіку.

– А як ты? Што табе будзе?

– Нічога, скажу, што не дагнаў.

– Бывай, Сяргей, дзякую…

– Бяжы хутчэй, бо будзе нам абодвум ліха, калі заспеюць за прыемнаю гамонкаю.

Тадзік узмахнуў на развітанне рукою і знік у гушчары. Сяргей патаптаўся на месцы і нетаропка павярнуў да сваіх казакоў. Па дарозе падняў рагатую шапку з арлом, падумаў: "Занясу, як доказ, што не дагнаў акаўца, толькі шапку знайшоў…"

32

Тройчы па вечарах хадзіў пан Руткоўскі ў рэстаран "Гэта тут" да пані Казіміры Яжэмбоўскай, пацягваў піва, прыслухоўваўся да размоў нямецкіх афіцэраў, спадзяваўся пачуць пра падрыў чыгункі, чакаў сваіх хлопцаў. Менавіта тут ім прызначыў сустрэчу пасля выканання задання. Аднак чаканне ягонае было дарэмнае. Афіцыянткаю ў рэстаране працавала дачка гаспадыні, панна Марыся, і яшчэ тры бялявыя дзяўчыны, мусіць, з тутэйшых. Усе былі хораша апранутыя ў нацыянальныя польскія строі, чыстыя, беленькія, з вышыўкаю на каўнерах, рукавах і фартушках. Прыемна было глядзець на гэтую цнатлівую прыгажосць, вельмі прывабнаю была яна для гітлераўскіх афіцэраў. Хто ведае, як удавалася дзяўчатам адстойваць сваю годнасць? Марыся падышла да стала пана Руткоўскага, прыязна ўсміхнулася, спытала, што яму прынесці.