Выбрать главу

– Добрыя навіны, – адказаў кліент.

– Такіх пакуль няма, – ціха адказала Марыся.

Гэта быў пароль. Калі б нейкія весткі дайшлі, Марыся адказала б: "Лепшыя навіны – у пані гаспадыні". Афіцыянткі падслухоўвалі размовы падпітых афіцэраў і ўсё перадавалі пані Казіміры.

– У такім разе прынясіце мне, калі ласка, мілая паненка, куфаль піва і якую-небудзь салату са смажанаю рыбаю.

– З вялікім задавальненнем, пачакайце колькі хвілін, – адказала дзяўчына і паспяшала ў бок кухні.

"Справа сарвалася, – зрабіў для сябе выснову пан Руткоўскі. – Што здарылася з людзьмі? Няўжо ўсе загінулі? Ад каго?" Гэтыя пытанні не давалі яму спакою, пакуль ён піў горкае піва, адразу ж прынесенае Марысяю, і не адчуваў яго смаку. Хутка з’явіліся на стале замоўленыя стравы. Есці не хацелася. Ён трохі пажаваў салату, пакалупаў занадта касцістую рыбу і вырашыў адразу ехаць дамоў, каб у сваім кабінеце, дзе ён вельмі добра пачуваўся, абдумаць далейшыя планы падпольнай працы, пакуль Беласток і Варшава не падавалі ніякіх знакаў. Як звычайна па суботах, пад вечар Альберт прыехаў па яго на брычцы.

– Што дома? – спытаў пан Руткоўскі.

– Усё добра.

– Тадэвуш вярнуўся?

– Няма, а куды вы яго паслалі?

– У камандзіроўку, – схлусіў Руткоўскі аканому, якому не тое што не давяраў, але не жадаў, каб слуга шмат ведаў, меней будзе сведкаў, калі што здарыцца.

Разам яны выправіліся дамоў. Пан Руткоўскі, едучы па вуліцы, толькі зараз заўважыў, што ў горадзе ўжо зацвілі каштаны, прыйшла вясна, а ён, заняты справамі, зноў нічога не заўважыў. Ды і якая розніца, што там творыцца ў прыродзе, калі ў душы беспрасветны змрок? На Кобрынскім мосце іх прыпыніў патруль, праверыў дакументы і дазволіў ехаць далей. Замільгалі хаткі прыгараднай вёскі Трышын, а далей абапал пацягнулася балота з карчамі ды рэдкімі нізкарослымі бярозкамі, знядоленыя постаці якіх там-сям вытыркаліся з купін. Пан Руткоўскі стомлена заплюшчыў вочы і, размораны півам, непрыкметна для сябе задрамаў. Абудзіўся ён толькі тады, калі коні спыніліся ў двары. На ганак выйшла сустрэць пана Юхімка.

– Што тут у вас? – спытаў аканом.

– Усё добра. Тадзік вярнуўся, абадраны ўвесь.

– Вярнуўся? Дзе ён? Адразу – да мяне! – нецярпліва сказаў пан Руткоўскі.

– Добра, паночку, зараз перадам яму.

– Прынясі нам туды каву з печывам, – загадаў пан кухарцы.

– Зараз усё зраблю, – адказала яна. – Але ж пану трэба ўмыцца з дарогі.

– Умыюся.

– Я прынясу цёплай вады з печы ў ванны пакой, – адказала Юхімка, крутнулася на адным месцы і знікла за дзвярамі.

– Увішная ў цябе баба, – пахваліў Альбертаў выбар Руткоўскі.

– Пасля таго, як Веру аддалі замуж, адна спраўляецца, хоць часам і скардзіцца, – адказаў аканом.

– Дык мо яшчэ якую кабету ўзяць?

– Не варта. Навошта нам тут лішнія вочы?

– І то праўда, – згадзіўся гаспадар маёнтка.

Юхімка ведала ўсе панскія звычкі і ўмела папярэджваць жаданні. Толькі пан Руткоўскі ўмыўся, сеў у зручны фатэль і распаліў цыгарэту, адразу з’явіўся Тадзік.

– Заходзь, заходзь, вандроўнік, – радасна ўсклікнуў пан Руткоўскі. – О, які ты размаляваны! Хто гэта цябе, каты дралі, ці што?

– Галіны абдрапалі, калі бег па лесе.

– Што ў вас здарылася?

– Напароліся на хахлоў, завязалася сутычка. Убачыў, што Люцыян і камандзір забітыя, а з нашага боку ніхто не страляе, мая абойма таксама пустая, нават для сябе апошняй кулі не засталося, дык кінуўся наўцёкі. Куды падзеліся Вацэк з Болекам, не ведаю. Мусіць, іх таксама пастралялі. Страшна падумаць, як яны засталіся там, у лесе, не пахаваныя. Што з імі будзе?

– Мёртвыя спяць спакойна і нікога не турбуюць, – адказаў пан Руткоўскі, якога здзівілі словы юнака пра апошнюю кулю, сам ён яшчэ не запасаўся ні атрутаю, ні якім іншым сродкам, каб знішчыць сябе ў безвыходным выпадку.

– Ты сапраўды думаеш пра ўласную смерць, Тадзік?

– А чым я лепшы за маіх палеглых сяброў. Іншы раз згадваю іх, і мне пачынае здавацца, што і мае дні злічаныя.

– Нельга сябе загодзь хаваць, – заўважыў гаспадар. – Так і смерць не доўга наклікаць.

– У смерці ёсць тысяча і адзін спосаб, каб забраць чалавека. Усё не прадугледзіш. Таму, мусіць, трэба думаць пра яе спакойна.