Выбрать главу

– Не будзем пра дрэннае. Раскажы, што там здарылася падрабязней.

Тадзік расказаў пра ўсё, толькі чамусьці ўтаіў пра сустрэчу з Сяргеем. Навошта пану ведаць, як хлопец выратаваўся.

– Чаму ж ты так доўга не з’яўляўся? Ужо тры дні прайшло.

– Заблудзіўся я, убіўся ў нейкае балота, ледзьве выбраўся адтуль. Чыгунка скрозь ахоўваецца немцамі, трэба зашывацца ў нетры. Зрэшты, у лесе цяпер усіх трэба асцерагацца: і фрыцаў, і партызанаў, і хахлоў…

– Адзенне на табе ўсё ў лахманы ператварылася. Скажы Юхімцы, няхай дасць што-небудзь з майго гардэроба.

– Дзякую, пан Руткоўскі.

– Усе свае рэчы вы ў лесе пакінулі?

– Вядома, як я мог тыя заплечнікі вынесці, калі сам ледзь выратаваўся?

– Шкада ўзрыўчатку і зброю, з такою цяжкасцю мы іх здабываем…

– Можна было б туды вярнуцца, але, думаю, што хахлы ўсё наша дабро забралі. Хіба толькі таварышаў пахаваць?

– Там звяры ўжо ўсіх расцягнулі. Да таго ж, калі ў раёне чыгункі чуліся стрэлы, дык каго там ужо толькі ні было? Маглі немцы засаду ўчыніць. І чырвоныя, напэўна, не ўпусцілі магчымасць з цікавасці наведацца. Сам жа казаў, што лес цяпер густа населены, – разважліва адказаў Руткоўскі.

Пастукалі ў дзверы. Юхімка прынесла пану Руткоўскаму вячэру, паставіла на стол, сказала:

– Калі ласка, спажывайце на здароўе, пане, – пакланілася і пайшла.

– Папі са мною каву, – прапанаваў Руткоўскі Тадзіку.

– Дзякую, я трохі паеў кашы, а больш мне нельга, усе гэтыя дні галадаў. Дазвольце мне пайсці, каб памыцца ды пераапрануцца. Я ж толькі што прыйшоў.

– У такім разе памянём палеглых нашых таварышаў.

Пан Руткоўскі дастаў з шафы графінчык з каньяком, наліў два кілішкі, урачыста прамовіў:

– Вечная памяць і зямля пухам нашым сябрам, якія загінулі, абараняючы Айчыну ў яе цяжкі час.

– Вечная памяць і зямля пухам, – паўтарыў Тадзік, выпіў пякучы каньяк і паставіў кілішак на стол.

– Закусі, – прапанаваў гаспадар.

Тадзік узяў цукерку, нетаропка разгарнуў паперку, пачаў жаваць, чым выклікаў замілаванне ў Руткоўскага. "Ён яшчэ дзіця, цукерці любіць, такі самы недзе і мой Тадзік, толькі ніхто яго цукеркамі не частуе. Хоць бы выжыў у той Сібіры. А мая каханая Анэля?.. Што з ёю і з дачкою? За што нам усім такія пакуты? Ці мы мала любілі Польшчу, ці не шанавалі, ці не ганарыліся ёю? А не ўбераглі…"

– З вашага дазволу, пайду, – сказаў Тадзік,

– Ідзі, ідзі, адпачывай, набірайся сілы, сапраўдная барацьба толькі пачынаецца. Яшчэ нагаворымся. А па забітых не бядуй, у кожнага чалавека свой лёс. І ніхто не ведае, каму і што належыць перажыць. Можа, ты мусіш дажыць за іх усіх. Прынамсі, я веру ў гэта, – усміхнуўся хлопцу пан Руткоўскі, думаючы ў жалобе пра невымерныя страты, якія трывае яго народ дзеля далёкай і пакуль прывіднай перамогі.

Тадзік падзякаваў і выйшаў. Хацелася хутчэй скінуць з сябе бруднае падранае адзенне, добра вымыцца, пераапрануцца ва ўсё чыстае, легчы ў белую пасцель і доўга-доўга спаць.

33

Сяргей ужо болей за год не быў дома, вельмі засумаваў па матчыных драніках і зацірцы. У лесе з ежаю ці густа, ці пуста. Іншы раз па тры дні адну ваду хлопцы спажываюць. На соснах хлеб не расце, і з неба манна не падае. Ежу можна здабыць толькі ў вёсцы. Сялян аббіраюць немцы, савецкія партызаны, украінскія казакі, польскія жаўнеры, – усе хочуць есці. Адмовіць нікому нельга, і першыя, і другія, і трэція, і чацвёртыя могуць забіць, вынішчыць усю сям’ю. Прыходзяць да гаспадара, а ён адказвае: "Бярыце, што вам трэба, каб не казалі, што гэта я вам даў. Бо за гэта мяне расстраляюць". Уваходзяць казакі ў чужую камору, забіраюць, што хочуць, ідуць далей ад хаты да хаты, напаўняюць два ці тры вазы і знікаюць. Пры гэтым ведаюць, што хітрыя сяляне нешта прыхавалі і для савецкіх, і польскіх партызанаў, і немцам пастаўкі забяспечаць. Вёска, як невычэрпная скарбніца, адкуль усе кормяцца. Сяргея вельмі турбавала, як там маці выжывае? Да яе ж таксама ходзіць розная набрыдзь. Напэўна, вымушана карміць забойцаў свайго сына, куды падзенешся? Ён быў перакананы, калі б зараз быў дома, дык ніяк не здолеў бы агарадзіць сваю гаспадарку ад пабораў і сам бы ўжо, напэўна, стаў бы ахвярай чужынцаў. Пра гэта ён думаў штодня, кладучыся спаць. Адна мара грэла яго, што аднойчы ён вернецца ў родную вёску, каб хоць на пяць хвілін забегчы ў хату, абняць родных, паглядзець на іх, а потым зноў можна хавацца ў лесе, жыць адным днём, бо ўжо нагледзеўся на смерць паплечнікаў і ворагаў. Ні кроў, ні мерцвякі больш не палохалі і не ўражвалі яго. Чалавек вымушаны да ўсяго прывыкаць, інакш не вытрымае, звар’яцее ад жудаснай рэчаіснасці. Аднойчы ягоная мара замільгала магчымым здзяйсненнем, загарэлася ў сэрцы чароўнаю прагаю. Ціт сказаў, што ў чэрвені адбудзецца канферэнцыя, на якую збяруцца кіраўнікі надраённых провадаў. Месца правядзення – лес каля вёскі Вялікая Багна. Грака будуць суправаджаць чалавек дваццаць казакоў. Ціт, як кіраўнік службы бяспекі, збіраецца ўзяць з сабою ўсіх землякоў, каб яны хоць ненадоўга вярнуліся да родных хат, пабачыліся з бацькамі ды паказаліся не абы-як, а ў найлепшым выглядзе, сапраўднымі ваякамі за вольнасць Украіны.