– І мяне вазьмі, калі ласка, – папрасіў Сяргей.
– Паглядзім на твае паводзіны, – пасміхнуўся Ціт.
– А што мае паводзіны? Што я не так раблю? – абурыўся Сяргей.
– Не хвалюйся, гэта я так, да слова, вазьму і цябе. Мо ты хочаш дома застацца?
– Як я магу, што мяне там чакае? Партызанская куля, асабліва калі людзі дазнаюцца, што я быў з вамі?
– Праўду кажаш, – згадзіўся Ціт.
З таго дня Сяргей пачаў рыхтавацца да сустрэчы з роднымі, нават падарункі падрыхтаваў. Для маці раздабыў прыгожую хустку, брату сарочку-вышыванку. Не забіраў гэтыя рэчы гвалтам, а заплаціў сялянам, колькі ў яго было грошай, якія раптам вырашыў выдаць Грак сваім казакам за верную службу. Безумоўна, шмат хто з ягоных хаўруснікаў браў у людзей, у чым меў і не меў патрэбы, але тыя рэчы былі праклятыя, бо ніхто не хоча проста так страчваць сваё дабро.
Нарэшце доўгачаканы дзень настаў. Чалавек трыццаць казакоў, пераважна жыхары Берасцейшчыны, рушылі ў паход на чале з атаманам. Сяргей адчуваў хваляванне, калі пабачыў родныя мясціны. Побач з ім апынуўся Сцяпан, той самы хлопец з суседняй вёскі, з якім упершыню разам з Цітам пайшлі на Украіну.
– Ты амаль дома, – сказаў Сцяпан.
– І твая вёска побач. Шкада Колю, не пашанцавала яму, – адказаў Сяргей.
– Не ведаю, як ягоным бацькам занесці навіну пра смерць сына.
– Дык не нясі, няхай думаюць, што жывы, чакаюць…
– Нельга так. Трэба па хлопцу службу справіць у царкве… Нясу жменю зямлі з ягонай магілы. Ведаеш, Сяргей, дзяўчына ў мяне была з Вялікай Багны, кахаліся мы моцна, толькі бацькі прымусілі яе за іншага пайсці замуж, а я пасля так і не здолеў сабе пару падабраць. Так і халасцякую да дваццаці васьмі гадоў.
– Хто ж тая дзяўчына? – пацікавіўся Сяргей.
– Санда Мазалёва.
– У Санды ўжо і сынок расце. Замужам яна за Аверкам, цяпер ён солтысам у сяле служыць. Неблагі мужык, але ж мусіць выконваць загады немцаў: моладзь у Германію пасылае, пастаўкі спаганяе.
– Душыць такіх гадаў трэба!
– Зрэшты, калі не ён, дык нехта іншы павінен быў бы рабіць гэтую брудную і няўдзячную справу.
– Добры ты хлопец, але нейкі абыякавы да ўсяго.
– Супраць сілы не папрэш. З гэтым трэба лічыцца.
– Цяпер няхай і з намі лічацца, мы – таксама сіла!
– Бывай, Сцяпане, я ў Ціта адпрасіўся, на канферэнцыю не пайду, шыбую дамоў.
– Шчаслівы ты…
– Паспрабуй і сам адпрасіцца. Хто стукаецца, таму адчыняюць… – адказаў Сяргей, не жадаючы затрымлівацца, ягоная душа ўжо ляцела насустрач роднаму дому.
Адсюль з лясной паляны яшчэ нельга было разгледзець родную хату, але ён яскрава ўяўляў яе і не пайшоў, а пабег насустрач жаданай радасці. Нарэшце першая хата, другая, дзясятая. Вось яна, дамоўка, плот трохі пахіліўся, а ўсё астатняе без перамен. Ён прабег па двары, адчыніў дзверы ў сенцы, ступіў у іхні паўзмрок, нарэшце апынуўся ў пакоі. Сямейнікі палуднавалі.
– Добры дзень у хату! Вось і я, – сказаў Сяргей і задыхнуўся ад радасці.
Маці і брат кінуліся да яго. Ён абдымаў сваіх родных, адчуваў цяпло іхніх плячэй і рук, і, здаецца, нічога іншага яму ў жыцці не трэба было.
– Як ты, сынок? Дзе? Што? – спытала маці, выціраючы слёзы.
– Усё добра. Прыйшоў з хлопцамі па справе ў нашы мясціны.
– Дык мо і застанешся?
– Як жа я застануся? Калі не немцы, дык партызаны прыйдуць па маю душу.
– Вой, Божа, Божа, які ж лёс да нас неміласэрны! Але ты жывы, дык і няма чаго Богу грашыць. Папалуднуй з намі. Каб ведала, што ты прыйдзеш, дык чаго мудрэйшага зварыла б, а так частуйся тым, што маем.
– І што ж вы маеце?
– Крышаны з бобам, таўкеня з малаком. Схадзі, Кастусь, на вышкі, адрэж кавалак кумпяка, што на касавіцу ды жніво трымалі. Сёння ў нас вялікая радасць.
Маці даставала з печы чыгункі са стравамі, а Сяргей сядзеў за сталом, удыхаў звыклыя пахі малака, зёлак, грыбоў, азіраў памяшканне, дзе ўсё было знаёмае да драбніц з самага маленства і востра адчуваў, як не хочацца яму нікуды адсюль ісці. Маці наліла ў міску Сяргею крышаноў, паклала на талерку вялікі кавалак таўкені, паставіла кубак малака, парэзала кумпяк.