– Палуднуй, сынок, сілкуйся.
Сяргей узяў лыжку і пачаў есці хутка і прагна.
– Згаладаўся? – спытала маці. – Хто ж цябе там корміць?
– Усяляк бывае, але ж бачыш – жывы вярнуўся.
– Такі ты благенькі, толькі што доўгі вырас.
– Нічога, мама, былі б косці, мяса нарасце.
– Дзе ж ты быў увесь гэты час?
– На Украіне, а зараз сюды прыйшлі, толькі гэта вайсковая таямніца, – усміхнуўся Сяргей, разломваючы вялікую лусту самапечанага хлеба папалам. – Нікому пра гэта не трэба казаць. Чуеш, Кастусь?
– Добра, ці я не разумею? А ваяваць табе даводзілася? Ты, вунь, са стрэльбай, – спытаў малодшы брат.
– Дык трэба ж зайцоў на абед настраляць, вось мне і далі зброю. Зайцам толькі папусціся, дык яны на галаву сядуць, – засмяяўся Сяргей.
– Ведаю я тых зайцоў.
– Ці надоўга ты, сынок? – спытала маці.
– Толькі да раніцы...
Маці заплакала, выціраючы вочы ражком хусткі, пабожкала, пасля сказала:
– Трэба прымаць усё, што Бог пасылае. Пэўна, такі наш лёс.
– Я ж зусім забыўся, што гасцінцы вам прынёс, – схамянуўся Сяргей.
Ён дастаў з заплечніка квяцістую хустку і падаў маці.
– Вой, дзіцятка, мне цяпер давеку такое на галаву не завязаць, а толькі ў чорным трэба хадзіць. Сына і мужа пахавала, і ты невядома дзе блукаеш па свеце, ад ліхіх людзей хаваешся.
– Не варта раней часу старэць і паміраць, тым больш, што смерць прыходзіць заўсёды, калі яе не клічуць, таму трэба радавацца кожнаму дню. На вайне столькі моладзі заўчасна гіне! А гэта табе, Кастусь, – Сяргей падаў вышытую сарочку брату.
Той разгарнуў абнову, сказаў:
– Дзякую, вельмі прыгожа. Толькі куды ж яе апранаць?
– Хутка на вячоркі пачнеш хадзіць, дык ад дзяўчат адбою не будзе.
Кастусь пачырванеў, яшчэ саромеўся гаворак пра будучае дарослае жыццё.
– Ну, як тут наша гаспадарка?
– Ды неяк жывём. Кароўку трымаем, парсючка, курэй, качак. Пакуль не галадаем. Хоць аббіраюць нас усе, хто не лянуецца.
– Пойдзем глядзець, – прапанаваў Сяргей.
– Пойдзем, – згадзілася маці. – Толькі ты, Кастусь ідзі на вуліцу, ды паназірай, каб каго чужога ў вёску не прынесла. Як пабачыш паліцаў, немцаў ці партызанаў, папярэдзь.
Малодшы брат, які прыкметна падрос за гэты год, згодна кіўнуў галавою і знік за дзвярамі. Сяргей павярнуў галаву, паглядзеў на маці і толькі зараз, калі яна не ўсміхалася, убачыў, як пастарэла за гэты год. "Мусіць, зусім спрацавалася, – падумаў ён, – вунь, які твар стомлены, а з мяне памочнік ніякі. Зноў мушу ісці гойсаць па лясах, галадаць і мерзнуць. А дзеля чаго? З-за каго? З-за нейкіх вылюдкаў, што самі не жывуць і іншым жыць не даюць. Схавацца б ад усіх, ад усяго свету, каб нікога не чуць і не бачыць, а толькі працаваць у насалоду, араць, касіць, проста жыць, нікому не шкодзіць. Дык нельга, іншыя гаспадараць на нашай зямлі…"
34
Раніцай Сяргей прыйшоў на лясную паляну, дзе было шмат казакоў, большасць незнаёмых. Лёня Парахнюк размаўляў з прывабнаю маладзіцаю. Каштанавыя валасы яе былі заплецены ў тоўстую касу, якая абвівала галаву два разы. Вельмі пасавала ёй гэтая прычоска. Ды і Лёня побач з ёю глядзеўся вельмі хораша: высокі, стройны, плячысты, светлавалосы, прыгожы з твару. Умеў ён з густам апрануцца, нават па цяперашнім часе мундзір глядзеўся на ім выдатна. Раней таксама ён быў першы хлопец на вёсцы, граў на гармоніку, дзяўчаты за ім цугам бегалі. Жонка яго была дачкой багатага селяніна, а як закахалася, дык дамаглася, каб бацька дазволіў ім пабрацца. Лёня падаўся ў прымы. Але не пайшло на карысць сям’і тое багацце. Пакуль ён быў у палоне, яго жонку, дачку, цешчу і цесця вывезлі Саветы. Было падобна на тое, што Лёня знайшоў новае захапленне на час вайны, а, можа, і назаўсёды, бо віламі па вадзе пісана, што адновіцца яго старая сям’я. Сяргей падышоў да Ціта, каб паведаміць пра сваё з’яўленне.
– Ага, добра, што прыйшоў, зараз адыходзім, – сказаў Камар.
– Куды цяпер?
– Накіроўваюць у раён Ратна.
– Выдатна, гэта ж блізка ад нашай вёскі. Можна раз на тыдзень дамоў наведвацца, – узрадавана сказаў Сяргей.
– Без дазволу забараняю што-небудзь рабіць.
– Зразумеў. А з кім гэта наш Лёня шуры-муры заводзіць?
– Настаўніца з-пад Антопаля, мянушка Аксана, кіруе жаночай секцыяй акружнога провада. Дзяўчына здатная, на канферэнцыі добра выступала.
– Як у вас тут усё прайшло?
– Выдатна, будзем змагацца да перамогі над ворагамі. Збірай нашых, няма чаго тут час марнаваць.
– Будзе зроблена, брат Камар, – адказаў Сяргей і пайшоў між казакамі шукаць сваіх, каб перадаць загад Ціта.
Хутка сабраў усіх, два разы палічыў, перадаў загад сабрацца ў адзін гурт, толькі Сцёпу ніяк не мог адшукаць, нарэшце ўбачыў, што той сядзіць за высокаю разлапістаю елкаю. Сяргей падаўся туды і са здзіўленнем убачыў побач з ім Санду.