Выбрать главу

– А вы калі паспелі знюхацца? – здзівіўся хлопец.

– Увечары з хлопцамі хадзілі на вячоркі і сустрэліся нарэшце, столькі гадоў не бачыліся, засумавалі… – адказаў Сцёпа, з любасцю пазіраючы на маладзіцу.

– І што цяпер будзе?

– Грак дазваліў мне ўзяць яе з сабой.

– Што робіцца! – засмяяўся Сяргей. – На каго Аверку пакінула?

– Ён дзве каровы мае, іх болей, чым мяне, любіць.

– У цябе ж сынок дома застаўся.

– Дзіця да маці завяла, няхай пабудзе, пакуль я вярнуся.

– Прабачце, што патурбаваў і ўлез не ў сваю справу. Мы зараз адыходзім, пайшлі да нашых, – адказаў Сяргей і пашыбаваў уперад.

Пакуль ён збіраў людзей, паляна прыкметна апусцела. Камар наляцеў на яго са злосцю:

– Дзе валочышся? Ужо ўсе разышліся, а мы раней за ўсіх пачалі збірацца, а пазней адыходзім. Грак гневаецца.

– Дык ніяк Сцёпу не мог адшукаць, а ён – з Сандаю…

– Бабы нам яшчэ не хапала! Дрэнная прыкмета…

Ледзь толькі Грак ускараскаўся на каня, як раптам пачуліся стрэлы. На паляну прыбег казак, закрычаў:

– Партызаны! Акружэнне.

Грак занепакоена прыслухаўся: з якога боку страляюць, паказваў рукою на поўдзень і загадаў:

– Туды будзем прарывацца, – выхапіў пісталет з кабуры, саскочыў з каня і пайшоў, напружана ўзіраючыся перад сабой.

Яго адразу акружылі целаахоўнікі, ардынарац павёў следам каня.

– Хлопцы, за мной, – крыкнуў Ціт, выскачыў наперад перад атаманам.

Прайшлі метраў трыста, ужо супакоіліся, што выбралі правільны кірунак, і раптам зусім блізка пачуліся стрэлы, засвісталі кулі, збіваючы галінкі. Казакі залеглі, адстрэльваючыся. Ціт, перабягаючы ад дрэва да дрэва, паліваў аўтаматным агнём прастору больш для запалохвання праціўнікаў, таму што нікога не бачыў, следам кінуўся Сцёпа, каб закрыць камандзіра ад кулі. Санда памкнула за ім.

– Схавайся, сядзі на месцы, пакуль не скончыцца страляніна, – крыкнуў ён жанчыне.

Яна прысела, схапілася за галаву ад страху, абаперлася аб сасну спіною і застыла нерухома. Сяргей толькі на адно імгненне зірнуў на яе і пабег за астанімі казакамі. Невядома, дзе партызаны зараз, мо наперадзе толькі разведка пастрэльвае, а ззаду раптам увесь атрад узнікне. "Горача сустракае нас радзіма! – падумаў ён злосна. – Усё ў нас забралі. Нават лес, які заўсёды бараніў тутэйшы люд, прысабачыла гэтая набрыдзь!"

Пасля кароткай перабежкі, казакі зноў залеглі, стараліся страляць прыцэльна. Бераглі патроны. Сяргей таксама, перш, чым стрэліць, доўга вышукваў мішэнь. Здалося, што наперадзе сапраўды не так шмат партызанаў. Ён падпоўз да Ціта і прапанаваў:

– Давай, рынемся ўсе разам уперад. Які сэнс ляжаць тут без руху? Колькі іх там страляе? Я прыкінуў, чалавек дзесяць, не болей.

– А калі ім дапамога прыспее?

– Пакуль мы будзем тут ляжаць, дык яны дакладна дапамогу атрымаюць.

– Зараз параюся з атаманам.

Ціт папоўз да Грака, пакуль казакі трохі пастрэльвалі і чакалі загаду. Ён хутка вярнуўся і загадаў:

– Падрыхтавацца да атакі.

Хлопцы прыўзняліся, гатовыя ва ўсялякі момант падняцца на поўны рост.

Ціт азірнуўся на хаўрус і загадаў:

– Уперад! За мной!

Ён падхапіўся і пабег на крываватых нагах, хлопцы паспяшалі за ім, крычучы і страляючы. Сяргей бег разам з усімі, лаяў ворагаў, праганяючы страх. Куля прасвістала каля вуха.

– Каб ты спрахла, – прабурчаў ён.

Наперадзе мільгала Цітава спіна. Сяргей ледзьве паспяваў за ім, ніколі не думаў, што на кароткіх нагах можна так хутка бегаць. Стрэлы чуліся наперадзе ўсё радзей. Побач упаў казак, пасля яшчэ адзін. Ніхто не азіраўся і не спыняўся. Нарэшце ўсё сціхла, партызаны зніклі. Сапраўды, гэта магла быць разведка ці невялікі гурт, які паслалі, каб затрымаць уцекачоў. Усе яшчэ доўга беглі, кіламетры чатыры, нарэшце задыханы Ціт спыніўся, азірнуўся, пачакаў Грака, які ўжо сядзеў на кані, сказаў, выціраючы пот:

– Здаецца, прарваліся. Удод, палічы, колькі нас засталося?

Сяргей абвёў хлопцаў вачыма, адказаў:

– Пяць казакоў не хапае. І Санда прапала. Сцяпана таксама няма…

– Гэтая закаханая парачка мо куды ўцекла, – выказаў сумненне нехта.

– Параненыя ёсць? – спытаў Грак.

– Я, – адказаў адзін казак, які трымаўся за плячо, залітае крывёю.

– Хто бачыў, яшчэ, мо, каго забіла ці параніла, – пацікавіўся Камар.

Хлопцы маўчалі. Усе былі так захопленыя атакаю, што нічога не чулі і не бачылі, толькі Сяргей успомніў: