Выбрать главу

– Санда засталася сядзець пад сасною, Сцяпан загадаў ёй чакаць яго.

– Няхай чакае, – абыякава адказаў Ціт. – А Сцяпана мы знойдзем. Калі ён уцёк, вернем блуднага сына.

– Годзе размоў, трэба хутчэй выбірацца адсюль, – загадаў Грак.

– А як жа забітыя? Пахаваць іх трэба, – сказаў нехта.

– Маўчаць, – прыкрыкнуў Ціт. – Трэба ратаваць жывых, а мёртвыя застаюцца пад апекаю Бога. – Пайшлі, уперад. Сымон і Сідар – у разведку.

Два казакі подбегам кінуліся ў гушчар, толькі галіны за імі разгойдаліся. Гурт рушыў з месца, насцярожана пазіраючы па баках. Далей без прыгод прайшлі ўвесь шлях. Каля Ратна адшукалі сваіх паплечнікаў, якія паспелі ўжо добра атабарыцца. Усе былі задаволеныя, што ўдала дабраліся да месца, а цяпер нарэшце можна паесці і адпачыць, тым больш, што кухар Дзем сёння быў на дзіва шчодры і наклаў усім па поўнай місцы пшонкі са шкваркамі.

Сяргей жаваў кашу і ўсё думаў пра Санду: "Неяк занадта заспакоена яна ўмасцілася пад сасною, ці не трапіла ў яе якая куля. А што са Сцяпанам? Няўжо таксама загінуў? Вось яно чалавечае шчасце! Сустрэліся, узрадаваліся сустрэчы, вырашылі паяднаць лёсы, у выніку разам на неба накіраваліся. Што і казаць, там ціха і спакойна, ніхто не страляе. Гэта пустыя разважанні. Пяць казакоў і жанчына засталіся ў лесе непахаваныя. Што з імі будзе? Як можна так жыць, ці па-чалавеча гэта? А ўсе ядуць, быццам нічога не здарылася, нават памянуць палеглых забыліся. Што ж я так? Ці мне ўпершыню. І раней збягалі, пакідалі не толькі забітых, але параненых. Не толькі нашы, але і партызаны часам пакідаюць сваіх, калі не хапае часу і сілы вынесці з-пад куль, схаваць ад ворагаў. Вайна нікога не шкадуе. Нікому не спрыяе. Як выжыць, як выкараскацца з гэтае бяды..."

– Ты чаго такі пануры? – спытаў Ціт, седзячы насупраць і назіраючы за хлопцам.

– Шкода Сцяпана і Санду, толькі сустрэліся пасля доўгай разлукі і зноў…

– Па-першае, невядома, дзе яны, а па-другое, так Бог судзіў, – адказаў Лёня Парахнюк.

– Добра табе казаць, Варнак, калі ты сам ацалеў і дзяўчына твая своечасова сышла. А іх няма і ніколі не будзе…

– Скуль ведаеш?

– Здаецца мне, што Санда неяк вельмі нерухома засталася сядзець пад сасною, мабыць, застрэлілі яе. Сцёпа, мабыць, да яе вярнуўся ды і сам напароўся на кулю.

– Што ж, зямля пухам Сандзе, Аляксандры, дачцы Максіма Мазаля. Астатніх ніхто не бачыў ні параненымі ні забітымі, мо ў палон трапілі, дык памінаць зарана, – падвёў рысу ў размове Ціт. – Пераначуем, дык болей пачуем. Яшчэ будзе ў нас магчымасць адпомсціць Саветам за іхнюю лютасць. Не будуць яны хадзіць гаспадарамі па нашай зямлі. Адальюцца ім нашы слёзы. Заканчваем вячэру. Марш па палатках.

Ужо лежачы на мяккім падсціле з галля, Сяргей, нягледзечы на стому, усё ніяк не мог заснуць, а думаў пра Сцяпана і Санду, пра Аверку, які выпраўляў яго ў Германію, і не бачыў ніякага прасвету ў будучыні. Калі скончыцца гэтая калатнеча? Колькі часу чалавек можа, як звер, хавацца ў лесе? І хіба такое існаванне можна назваць жыццём? Пасля таго, як ён пабачыўся з роднымі, яму цяпер было асабліва цяжка і горка. Без яго пасадзілі бульбу, пасеялі зернавыя, без яго збяруць ураджай. А ён па-ранейшаму вымушаны карміць камароў у лесе, не разлучацца з вінтоўкай і забіваць людзей, якіх ён ніколі ў жыцці не бачыў. На яго думку, калі і змагацца, дык найперш з тымі, хто выдаў ягонага брата на смерць. Іх трэба знішчыць, ператварыць у пыл і развеяць па ветры, каб не пладзілася гнюснае насенне. Лютая злосць і нянавісць закіпалі ў Сяргеевым сэрцы.

35

У канцы чэрвеня 1943 года нечакана з’явіўся на кватэру пана Руткоўскага малодшы брат Каэтан, апрануты ў светла-шэры цывільны гарнітур пры гальштуку. Здарылася гэта пад вечар, калі гаспадар ужо збіраўся ўкладацца спаць пасля гарачага і турботнага дня. Апошнім часам Франц цяжка пераносіў спякоту, ад якой балела галава і адчувалася млявасць ва ўсім целе. Лекі, якія выпісваў нямецкі доктар, мала дапамагалі. Нямогласць спісвалася на ўзрост, як-ніяк чалавек пражыў амаль паўвека. Браты Руткоўскія пры сустрэчы радасна абняліся і доўга не адпускалі адзін аднаго. Па цяперашнім часе ніхто не можа быць упэўнены, што развітваючыся, можна мець надзею на будучую сустрэчу, таму, калі ўжо давялося яшчэ раз спаткацца, дык гэта, лічы, вялікае шчасце.

– Адкуль ты, дарагі мой, і куды? – спытаў гаспадар.

– Усё раскажу, Франэк. У нас будзе час на доўгія размовы.

– Сапраўды, што ж гэта я? Ажно разгубіўся! Заходзь, здымай гэты цяжкі гарнітур, ідзі ў ванны пакой, абмыйся з дарогі, а ў маім гардэробе падбяры сабе што-небудзь летняе. Чым дабіраўся?