Выбрать главу

– Падвёз адзін камерсант на сваім самаходзе. Але ў машыне невыносна горача, як на патэльні.

– Спачуваю, ну ідзі, а я падрыхтую што-небудзь паесці.

– Прыслугу тут не трымаеш?

– Апошнім часам палюбіў адзіноту. Сам разумееш, лішнія людзі на кватэры – лішнія сведкі. Калі са мною што здарыцца – іх пачнуць катаваць, каб выбіць кампрамат супраць мяне. Як я рады цябе пабачыць! Гэта ж мы засталіся толькі двое, калі не лічыць розных стрыечных сясцёр і братоў, з якімі мы і ў лепшы час бачыліся гады ў рады.

– Не бядуй, Франэк, у нас ёсць родны польскі народ. Не час нам маркоціцца і бедаваць, трэба дзейнічаць, змагацца з ворагамі.

– Нешта наша змаганне ледзь разгарыцца, дык адразу ці патухне, ці пагасне… За вячэраю пагутарым, чакаю цябе, – абняў брата за плечы гаспадар і накіраваўся ў сталовую, дзе агледзеў харчы, прывезеныя Альбертам, і застаўся задаволены.

Пан Руткоўскі растапіў прымус, паставіў на агонь патэльню, нарэзаў сала з праслойкамі, падсмажыў яго з двух бакоў, пасля ўбіў туды некалькі яек і пасаліў. Яечня хутка напоўніла прыемным пахам кухню. На талеркі паклаў твораг, нарэзаў кумпяк акуратнымі скрыдлікамі і хлеб, занёс усё ў сталовую. Потым узяўся за гародніну, не рэзаў, а толькі памыў зялёную цыбулю і гуркі, якія паспела вырасціць у цяпліцы Юхімка, паклаў у вялізны салатнік і застаўся задаволены сервіроўкай стала: "Выдатная сялянская вячэра. Дадам сюды яшчэ масла, слоік малака ды пару пляшак віна на выбар і каньяку. І хопіць з нас…" Калі з’явіўся Каэтан, апрануты толькі ў майку і шорты, стол ужо быў зладаваны.

– Што тут робіцца! Даўно я так смачна не еў! – усклікнуў госць.

– Сядай да стала, будзем баляваць. Што табе наліць – віна ці каньяку?

– Пачнём з каньяка, а пасля пабачым.

– За вольную Польшчу, – абвясціў першы тост гаспадар.

– Так, няхай яна жыве тысячу гадоў, а нам і па сотні хопіць, – адказаў Каэтан і кульнуў чарку.

Пан Руткоўскі закурыў цыгарку, есці яму не хацелася, бо тое-сёе, як звычайна, перахапіў у рэстаране "Гэта тут", дзеля кампаніі сядзеў пры стале. Каэтан, мусіць, быў вельмі галодны. З апетытам наваліўся на ежу. Гаспадар цярпліва чакаў, калі ж брат здаволіцца, ды яшчэ разы тры наліваў каньяк у чарачкі пад розныя тосты.

– Што наш урад у Лондане і Варшаве збіраецца рабіць? – нарэшце спытаў гаспадар.

– Ваяваць з ворагамі з захаду і ўсходу. Мяне накіравалі ў распараджэнне штаба Віленскай акругі Арміі Краёвай ствараць новыя партызанскія атрады. Некалькі добраахвотнікаў магу ўзяць з Брэста.

– У нас прайшлі вялікія арышты. Не ведаю, як мне ўдалося ўтрымацца. Усіх хлопцаў з былога "Вахляжа", якія з табою бралі турму, арыштавалі і расстралялі. Рацыю запеленгавалі, радыст, калі па яго прыйшлі гестапаўцы, паспеў раскусіць ампулу з атрутаю, зашытую ў каўнер. Ці паверыш, я радаваўся, што гэтага хлопца не загрэблі на пакуты. Ён мог не вытрымаць катаванняў і шмат расказаць. Яшчэ больш ахвяр было б, і не толькі ў Брэсце. Пацягнуліся б ніткі ў Беласток, Варшаву, Вільню…

– Сумныя навіны, а ў Варшаве пра гэта нічога не ведаюць.

– Усе сувязі абарваліся. Людзі палеглі, няма на каго абаперціся, трэба ўсё пачынаць спачатку.

– А як жа наш ваяка Тадэвуш?

– Тадзік жывы, мо таму і ацалеў, што ўвесь час сядзіць у маім маёнтку.

– Магу ўзяць яго з сабою.

– Шкада мне яго адпускаць. Гляджу на яго, і ўяўляю, як расце мой сын, убіраецца ў сілу. Добры хлопец удаўся…

– Ну, калі не хочаш…

– Што ты, брат, забірай, калі ён табе трэба. Гэта я так… Сентыментальны раблюся з узростам. Вельмі мне сям’і нестае. Ты не быў жанаты, мо табе цяжка мяне зразумець.

– Не цяжка, мне таксама хацелася б, каб мяне чакала недзе любая жанчына, а, можа, і дзеці, але ж за войнамі няма калі пра сябе падумаць…

– Што і казаць, на кожнае новае пакаленне прыходзіцца па вайне. Народ трывае вялікія чалавечыя і матэрыяльныя страты. І канца гэтаму не відно…

– У вайне настаў пералом. Немцы пакаціліся на захад, нам трэба добра падрыхтавацца да прыходу Саветаў, каб паказаць, хто тут сапраўдны гаспадар.

– Ідэя добрая. Няхай людзей мы зможам арганізаваць, а дзе браць зброю? На танкі з голымі рукамі не пойдзеш. Вінтоўка і аўтамат таксама дрэнныя памочнікі, патрэбна мець супрацьтанкавую зброю.

– Пачнём паціху ствараць партызанскія атрады, а пасля граміць нямецкія гарнізоны, здабываць зброю, хавацца ў лясах. Такім бачыцца мне план будучых дзеянняў.

– Я жадаю табе, Каэтан, удачы і поспеху ў гэтай адказнай справе. Радуюся, што стаў ты важным чалавекам, афіцэрам, які аддана служыць Айчыне. За цябе!

Яны выпілі і яшчэ доўга сядзелі і размаўлялі. Ужо апоўначы пан Руткоўскі спахапіўся і сказаў, што госцю трэба добра выспацца.