– Заўтра ў канцы дня паедзем у Руту, – сказаў Франц.
– Добра, у мяне ў горадзе ёсць такія-сякія дробныя справы, думаю, што за дзень я ўсё зраблю.
– Пакажы, якія ў цябе паперы. Мо табе трэба выпісаць новы аўсвайс?
Каэтан дастаў з гарнітура дакументы, у якіх было напісана, што ён займаецца гандлем дробнай галантэрэяй.
– Дык ты цяпер польскі камерсант, – усміхнуўся Франц.
– Выходзіць, што так. Справа мая дробная, але з драбніц складаюцца вялікія падзеі.
– Заўтра я выпішу табе новы пропуск, каб тутэйшая паліцыя і жандармерыя не мела да цябе ніякіх прэтэнзій. А цяпер – спаць, пасцялю табе на канапе.
– Дзякую, Франэк, я так стаміўся, што і пад плотам засну, – засмяяўся Каэтан, было відно, што ён прыкметна захмялеў.
Пан Руткоўскі падрыхтаваў пасцель брату, пажадаў яму добрай ночы. Пайшоў у спальню, але доўга не мог заснуць. Успаміны наплывалі адзін за адным, думкі трывожылі, не давалі магчымасці заспакоіцца. Брат атрымаў новае заданне, а што чакае яго там, на новым месцы дзеяння? Не ў прыемнае падарожжа сабраўся. Хоць бы яму ўдалося выжыць у гэтых мітрэнгах, дзе на кожным кроку падпільноўвае смерць ад немцаў і ад савецкіх партызанаў. Дзякаваць Богу, няма там украінскіх нацыяналістаў, затое ёсць літоўская паліцыя, ад якой таксама нічога добрага чакаць не даводзіцца, бо яна ўзялася верна служыць Гітлеру. Наіўныя літоўцы спадзяюцца атрымаць з рук фашыстаў незалежнасць. Ніколі не было такога на свеце, каб акупанты прыносілі волю захопленаму народу…
36
Тадзік ехаў у самаходзе на заднім сядзенні, быў бязмерна шчаслівы, што нарэшце яго ў чарговы раз паклікалі на сапраўдную справу, і рабіў выснову: свайго дня трэба ўмець дачакацца. Кіраваў машынаю мажны камерсант пан Холуб-Заворскі, побач з ім сядзеў паручнік Каэтан Руткоўскі. Яны зрэдзь калі перакідваліся словам, а болей маўчалі ды пільна сачылі за дарогаю. Дакументы ва ўсіх былі сапраўдныя, як быццам не мелася падстаў для хвалявання, але ўсё роўна напружанне, якое валодала людзьмі, вісела ў паветры. Толькі Тадзік быў цвёрда перакананы ў тым, што ніхто ім не перашкодзіць здзейсніць заданне, бо сам Бог клапоціцца пра Польшчу і спрыяе яе вызваліцелям. Не можа такая цудоўная краіна быць пад прыгнётам звяроў, якія гатовыя знішчыць усё на сваім шляху дзеля дасягнення панавання над светам. Самаход кіраваўся ў Ашмянскі абвод Віленскай акругі Арміі Краёвай. Выехалі рана, яшчэ да ўзыходу сонца. Таму Тадзік паўдарогі праспаў, а пасля ўжо глядзеў у акно, як праплывалі міма лясы і далёкія вёсачкі, як квітнела па-летнему шчодра зямля. Узбочыны дарогі былі падобныя да тых вышытых ручнікоў, якія Юхімка прасушвала перад Вялікаднем. Ехалі шмат гадзін. Нават не думалася хлопцу, што Усходнія Крэсы могуць займаць такую вялікую тэрыторыю. Толькі па абедзе спыніліся каля касцёла з гатычнымі вежамі, упрыгожанымі крыжамі. Звонку ён нагадваў касцёл у яго родных Лазняках, дзе бацька служыў арганістам.
– Тут мы і затрымаемся, – сказаў Каэтан.
Пан Холуб-Заворскі спыніў машыну. Пасажыры выйшлі, тупалі, разміналіся. Нават такая камфортная язда стамляе, тым больш што даймала гарачыня, хоць вокны ўвесь час былі прыадчыненыя. Кіроўца таксама адчуваў сябе не лепшым чынам, бо пайшоў ў цянёк і сеў проста на траву пад старымі ліпамі.
– Пабудзьце тут, я пайду пашукаю ксяндза, – прапанаваў Каэтан і падаўся ў касцёльны двор.
– Прыгожая мясціна, – сказаў пан Холуб-Заворскі, азіраючы з узгорка, на якім стаяў касцёл, ваколіцы: шырокі луг, вузкую рачулку, сіняватую сцяну лесу. – І паветра тут нейкае асаблівае, духмянае…
– Дык вунь ліпа цвіце, – адказаў Тадзік, назіраючы, як пчолы шчыруюць каля жаўтаватых някідкіх кветачак.
Каэтан вярнуўся хутка з ксяндзом панам Якімам Гарушчыкам, які дзелавіта запрасіў гасцей да сябе на абед. Хата гаспадара стаяла побач з касцёлам, пабеленая, чысценькая. Гаспадарыла там аканомка пані Альжбета, увішная стараватая кабета. Яна з сардэчным зычаннем "смачна есці" хутка паставіла стравы на стол і непрыкметна знікла.
– Як даехалі? – спытаў ксёндз.
– Выдатна, ніхто нас не спыняў, – адказаў пан Холуб-Заворскі, – але ўсё роўна такое адчуванне, што не па сваёй зямлі едзеш, што тут уладарыць нехта чужы.
– Якія маеце намеры?
– Я з хлопцам застаюся, пра гэта пагутарым пазней, а пан Холуб-Заворскі паедзе займацца сваёй камерцыяй, – адказаў Каэтан.
– Калі не надта спяшаецеся, дык адпачніце ў мяне колькі дзён. Я буду рады бавіць з вамі час, каб распытаць, што там чуваць у Берасці і Варшаве, – прапанаваў гаспадар.