Выбрать главу

– Пакуль нічога добрага. Скрозь немцы і іхнія памагатыя чыняць, што хочуць. А нам застаецца трываць ды збіраць сілу. Няма асаблівага сакрэту, дзеля гэтага я сюды і прыехаў, – адказаў Каэтан.

– Дзякую за запрашэнне, я з задавальненнем пажыў бы тут, але справы не чакаюць. Паеду ў Ашмяны. Мо ўдасца наладзіць якія гандлёвыя кантакты, – прамовіў Холуб-Заворскі. – Гандаль па ваенным часе ніякі, але ж трэба трохі варушыцца, бо пад ляжачы камень вада не цячэ. А мясціна ў вас цудоўная!

– Поспеху ў справах, няхай памагае Бог.

Па абедзе ксёндз прапанаваў усім паспаць, мужчыны згадзіліся, асабліва пан Холуб-Заворскі, які сапраўды вельмі стаміўся, а Тадзік прайшоўся па доўгай вёсковай вуліцы, паўзіраўся ў маленькія вокны хатак, паглядзеў на дзяцей, якія гулялі каля весніц, на курэй, што заўзята грэбліся ў пяску – і на сэрца навалілася туга, страшэнна захацелася дамоў. Як там? Што робіць мама? Як там сябар Яська ўпраўляецца з гаспадаркаю?

Ён вярнуўся да касцёла, убачыў, што дзверы ў храм адчыненыя, увайшоў у прахалоду муроў, агледзеў іконы, заўважыў усё тую ж пані Альжбету, якая прыбірала агаркі свечак з падсвечнікаў, усміхнуўся ёй і падаўся да аргана. Ажно захвалявалася сэрца: вельмі даўно не краналіся ягоныя пальцы клавішаў! Тата вучыў сына музычнай грамаце і праводзіў заняткі па музыцы. Усё тое, што яшчэ не выветрылася за гады разлукі, Тадзіку раптам захацелася ўспомніць. Паставіў ногі на педалі, крануў рукою клавіятуру. Душа сама выбірала мелодыі. Іграў натхнёна і самазабыўна, быццам свята пасялілася ў сэрцы. Успаміны праплывалі ў памяці: мама, тата, сябры – усе раптам сабраліся і слухалі яго гранне. А ён стараўся, дзіву даваўся, што здаецца нават не фальшывіў. У якіх закутках свядомасці захаваліся тыя ноты? Неспасціжна… Музыка напаўняла касцёл урачыстымі і радаснымі гукамі. Пані Альжбета села на лаўку, паклала рукі на Біблію і замерла, слухаючы юнага музыку. Тадзік спыніўся толькі тады, калі адчуў нечыю руку на сваім плячы. Ён павярнуў галаву і ўбачыў ксяндза.

– Прабачце, што я без дазволу крануў арган. Мой тата быў арганістам. Мяне і пацягнула…

– Добра ты граеш, сын мой. Заставайся пры нашым касцёле. Наш стары арганіст, на вялікі жаль, пакінуў гэты свет. Арган маўчыць ужо трэці месяц. Без яго імша – не імша. Ды што і казаць, арган – душа касцёла. Калі ён грае – дык свята апаноўвае людзей.

– Хацеў бы вам дагадзіць, але прыехалі мы сюды бараніць Айчыну, – адказаў Тадзік.

Сапраўды, ён адчуваў важнасць той справы, дзеля якой яго прывезлі сюды. Пра канкрэтную задачу Каэтан пакуль маўчаў, ды якая розніца, што давядзецца рабіць. Тадзік быў гатовы да ўсяго, толькі б не сядзець у маёнтку без руху.

– Бараніць Айчыну можна нават арганнай музыкай і пропаведдзю. Мяне моладзь слухаецца. І калі заўтра я скажу, што пратрэбны добрахвотнікі для Арміі Краёвай, дык не сумняваюся, што шмат хто з дзецюкоў пажадае стаць у шэрагі абаронцаў.

– Тадэвуш – жаўнер і па сутнасці мой ад’ютант, у яго задачы іншыя, – прагучаў за спіною Тадзіка голас Каэтана Руткоўскага. – Калі скончыцца вайна, тады ён можа абраць сабе які заўгодна шлях, а пакуль павінен быць на падпольнай вайсковай службе.

Хлопец здзіўлена азірнуўся і ўсміхнуўся паручніку ў знак згоды.

– Што ж, у кожнага свой лёс, але ўсе мы дзеці Божыя, таму найперш павінны слугаваць яму, калі надзелены пэўнымі здольнасцямі, – адказаў ксёндз. – Іншы чалавек сапраўды нараджаецца ваяром, у яго і душа мае адпаведны склад, і кулакі пудовыя, і плечы шырокія, а ў гэтага падлетка пальцы тонкія, здатныя да музыкі, слых выдатны і душа светлая. Ягонае імя перакладаецца, як хвала, ён павінен спяваць хвалу Богу. Мо і давядзецца яму забіць якога ворага, але потым усё астатняе жыццё будзе ягоны дух пакутаваць. Бо сказана ў Бібліі: "Не забі".

– На вайне такі расклад: калі не заб’еш ты, заб’ць цябе. Спрацоўвае інстынкт самазахавання. А ўжо хто загіне, а хто выжыве, вырашае шанцаванне, спрыт ці кемлівасць, – цвёрда прамовіў Руткоўскі.

– Не будзем пра благое, няхай беражэ вас Бог і спрыяе вам фартуна. А я заўсёды буду рады памагчы жаўнерам, якія змагаюцца за вольнасць Айчыны. Бо сапраўды, зло іншы раз трэба забіць, каб яно не ўваскрэсла зноў. Я паслаў па патрэбнага табе чалавека, пан Руткоўскі. Ён павінен прыйсці ўвечары.

– Дзякую, гэта было б выдатна, нам трэба дзейнічаць, – адказаў Каэтан і цвёрдым крокам пайшоў з касцёла.

– Адкуль ты родам? – спытаў у юнага арганіста ксёндз.

– З-пад Беластока. Мой бацька – Эдмунд Сапранецкі – быў вывезены Саветамі, а мы з мамай засталіся. Мусіць, не паспелі нас выслаць.

– Бог літасцівы…