– Так мы і жылі, пакуль не прыйшлі немцы. Пры першай жа сустрэчы з імі загінулі мае сябры, таму я рынуўся помсціць…
– Нянавісць – не самае лепшае пачуццё. Свет трымаецца на любові. Бог – ёсць любоў. Гэты выраз я разумею так: менавіта з любоўю павінны нараджацца і паміраць людзі, гэтае пачуццё павінна весці нас па жыцці. Любоў да бацькоў, да роднага селішча, да сяброў і суседзяў – вось галоўнае, што ахоўвае чалавека, інакш дзеля каго і дзеля чаго яму жыць, калі нішто яго не трымае, ні да чаго не прывязаны?..
Ксёндз гаварыў мудра і доўга, быццам чытаў пропаведзь цэламу сходу, хаця перад ім быў толькі адзін уважлівы і ўдзячны вернік.
– Я запомню вашы словы, што любоў важней за ўсё, бо яна дае жыццё і доўжыць існаванне свету, – адказаў Тадзік. – Дзякую за навуку, мусіць, гэтак жа мог бы прамаўляць да мяне мой тата.
Ксёндз усміхнуўся, правёў рукою па твары, быццам сціраў нябачную павуціну і паказаў рукою, запрашаючы да выхаду. Тадзік паслухмяна падпарадкаваўся гэтаму жэсту.
37
Каэтан Руткоўскі трохі хваляваўся перад сустрэчай з кіраўніком Ашмянскага інспектарату, ведаў толькі ягоны псеўданім Лось, а што за чалавек мог аказацца на такой адказнай пасадзе, пакуль заствавалася загадкай. Гэта прымушала нервавацца, бо калі адразу не складуцца адносіны, дык як пасля можна ладзіць агульную справу па стварэнні новых баявых дружын Арміі Краёвай? Аднак быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў свайго даўняга знаёмага па афіцэрскай службе Цэзарыя Груздзіловіча, пра якога ён ведаў шмат. Клічка Лось яму цалкам адпавядала. Гэта быў высокі і мажны чалавек, якому ледзь пераваліла за сорак.
– Каго я бачу! – радасна ўсклікнуў Груздзіловіч. – Колькі зімаў, колькі летаў!
– І я бяўзмерна рады, што менавіта з табою давядзецца вяршыць вялікія справы! – адказаў Каэтан, абдымаючы Цэзарыя.
Пакуль мужчыны абменьваліся звычайнымі вітальнымі фразамі, Альжбета паставіла на стол дзве пляшкі з віном і закуску, паціху сышла, каб не замінаць сустрэчы. Але госці не спяшаліся частавацца. А ўмасціліся на канапе і ціха абмяркоўвалі цяперашняе жыццё-быццё.
Пан Груздзіловіч быў з ваякаў, шчыра адданых Польшчы, які гімназістам уступіў у 1919 годзе ў легіён, у першы полк лёгкай артылерыі. За кампанію 1919-1920 гадоў атрымаў высокія ўзнагароды: ордэн Віртуці Мілітары і Крыж Валечных. Дакладна такія ж самыя ўзнагароды меў і Каэтанаў брат Франц Руткоўскі. Лёсы гэты людзей у маладосці былі вельмі падобныя, толькі пасля ў мірны час яны ўжо будавалі сваё жыццё кожны, як таго жадала душа. Па заканчэнні польска-бальшавіцкай вайны Цэзарый прадоўжыў службу ў войску камандзірам узвода ў падраздзяленні, якое было ў асабістым распараджэнні маршала Пілсудскага. Пасля дэмабілізацыі скончыў у Варшаве Вышэйшую школу сельскай гаспадаркі, атрымаў дыплом інжынера-агранома, уладкаваўся на працу ў Вільні, узяў шлюб, апошнія шэсць гадоў у перадваенны перыяд з’яўляўся дэпутатам Сейма і на гэтай ганаровай службе быў высока ацэнены дзяржаваю і зноў узнагароджаны – на гэты раз ордэнам Палонія Рэсцітута. Каэтанаў брат адразу пасля дэмабілізацыі з войска заняўся сельскаю гаспадаркаю, гэтая справа, знаёмая змалку, найбольш падабалася яму, але ніякіх узнагарод у мірны час ён не атрымаў за няхай і не навуковае, але ўсё ж разумнае выкарыстанне зямлі, падараванай ва ўласнасць дзяржавай ва Усходніх Крэсах за вайсковыя заслугі. Ён стаў асаднікам і ніколі не шкадаваў пра гэта. Каэтан хоць і вырас на зямлі, аднак не адчуваў цягі да земляробчай справы, яму падабалася вайсковая служба з яе разумным парадкам і дысцыплінаю.
– З якімі намерамі да нас? – спытаў Цэзарый.
– Паслалі мяне з Варшавы па папярэдняй дамоўленасці з камендантам Віленскай акругі палкоўнікам Вількам ствараць баявыя аддзяленні на Ашмяншчыне.
– Выдатная задума! А ведаеш, Вільк – мой даўні сябар, выдатны чалавек, шчыра табе скажу. Умее ладзіць з прадстаўнікамі розных партый, гуртуюцца вакол яго людзі. Думаю, што ён здатны выканаць усе пастаўленыя перад намі задачы.
– Будзем працаваць. А найперш раскажы, як склалася тваё цывільнае жыццё? – спытаў Каэтан. – Хаця ведаю: быў дэпутатам Сейма…
– Усё было добра, жылі і радаваліся. Жонка Гелена заўсёды мяне разумела, нарадзіла мне дзве дачкі. А з восені трыццаць дзявятага – мы ў віленскім падполлі, сам разумееш, спачатку – супраць Саветаў, а пасля – адразу супраць двух ворагаў: Гітлера і Сталіна. Пакуль рыхтуемся да барацьбы. Прызнаюся, не чакаў, што немцы могуць аказацца горшымі за звяроў. Звер знішчае ахвяру калі галодны, а гэтыя расстрэльваюць людзей без шкадавання. Тысячы віленскіх габрэяў вывезлі за горад і знішчылі, але папярэдне кантрыбуцыямі высмакталі з іх усё золата. Не грэбавалі нават залатымі зубамі і каронкамі, у мерцвякоў выдзіралі са сківіц усё, што блішчала.