Выбрать главу

– Гэтак яны рабілі ва ўсіх гарадах і мястэчках, – адказаў Каэтан. – Тое ж было ў Варшаве, Беластоку, Берасці. Знішчэнне адрознівалася невялікімі нюансамі.

– Яны заплоцяць за ўсё. Крах іх будзе страшны, – усміхнуўся Цэзарый. – Не можа зло ўладыць светам. А ты адкуль цяпер?

– Проста з Варшавы. А перад гэтым быў у Вільні, пазнаёміўся з начальнікам штаба Вількам. У якім стане падполле цяпер?

– Інспектарат мае развітую канспіратыўную сетку, можам працаваць. Здзяйсняем час ад часу сабатажныя акцыі. Безумоўна, жаўнераў не хапае. Таму трэба добра папрацаваць для стварэння партызанскіх атрадаў, але думаю, што спярша табе варта пазнаёміцца з мясцовасцю і нашымі людзьмі, якія займаюць розныя пасады і чакаюць канкрэтных загадаў да дзейнасці. Сам пабачыш, яны любяць Айчыну і гатовыя змагацца за яе вольнасць.

– Я рады гэтаму. Хачу папярэдзіць, са мною будзе мой ад’ютант, псеўданім Базан. З гэтым хлопцам мы знаёмыя даўно, разам бралі ўдзел у вызваленні з Пінскай турмы, мо чуў?

– О, гэта легендарная акцыя. Зроблена дасканала! У нас пра той подзвіг ведаюць усе! Яна з’яўляецца прыкладам для барацьбітоў.

– Што гэта мы насуха гутарым, пойдзем да стала, калі шчодры пан Гарушчык частуе нас, а сам пры гэтым не прысутнічае? – прапанаваў Каэтан.

– Прытрымліваецца канспірацыі і правільна робіць.

Мужчыны падняліся, селі за стол, выпілі па фужэру віна пад тост "за вольнасць Польшчы", да ежы так і не дакрануліся, а прыняліся распрацоўваць маршрут, па якім належала праехаць Каэтану з ад’ютантам. Пан Груздзіловіч выдраў з нататніка лісток паперы, напісаў назвы вёсак, маёнткаў і іхніх уладароў, якіх належала наведаць Руткоўскаму.

– Дам табе каня з возам, сувязных, якія будуць мяняцца, – паабяцаў Цэзарый. – Не мінай касцёлаў, ксяндзы цалкам на нашым баку, таму заўсёды можаш разлічваць на іхнюю дапамогу.

– Дзякую, пан маёр. Быў шчаслівы сустрэцца з даўнім таварышам. Трэба выпіць за сустрэчу, – прапанаваў Каэтан.

Паны заўзята чокнуліся фужэрамі і нарэшце, калі ўсё было абгаворана, прыняліся за стравы.

– Ты ўсё яшчэ не жанаты? – спытаў Цэзарый.

– Халасцякую пакуль. За войнамі няма калі пра сябе падумаць, але, спадзяюся, настане некалі лепшая часіна. Мо аддасі за мяне якую са сваіх дачок.

– Добрая ідэя. У мяне Ірэна і Эвеліна – прыгажуні, а замуж не спяшаюцца па той самай прычыне, што вайна ідзе. Жыццё спынілася на трагічнай ноце. Калі табе шчыра прызнацца, дык хочацца ўнукаў паняньчыць.

– За шчаслівую будучыню тваіх дачок, за ўнукаў і праўнукаў пана маёра Груздзіловіча я вып’ю з асабліваю насалодаю, – абвясціў новы тост Каэтан і міжвольна падумаў: "Няхай яна гарыць, гэтая вайна, ніякай пэўнасці ў жыцці, ніякай надзеі на шчаслівы заўтрашні дзень…"

38

Раніцай Каэтан і Тадзік у суправаджэнні сувязнога Генрыха прыехалі на возе ў маёнтак Зводы, які хоць і кантралявалі немцы, але ўпраўляючым там быў паляк Лявон Турскі па клічцы Скіф: высокі, худы, загарэлы, як пастух, бо праца вымагала шмат часу праводзіць на адкрытым паветры. Мо таму і атрымаў менавіта такі псеўданім. Маёнтак знаходзіўся за тры кіламетры ад Ашмянаў, якія моцна ахоўваліся немцамі, таму што праз гарадок праходзіў старадаўні шлях з Вільні на Мінск. Тут часта правяралі дакументы, у Ашмянах размясціўся даволі вялікі нямецкі гарнізон. Пасля сняданку з каваю гаспадар прапанаваў сустрэцца з людзьмі навакольных вёсак. Маладыя мужчыны якраз былі занятыя на касавіцы. Сувязнога з возам адпусцілі дахаты, а на брычцы Турскага паехалі проста на луг. Сяляне ішлі пракосамі адзін за адным. Толькі косы шоргалі аб траву. Лугавыя кветкі – жоўтыя, белыя, малінавыя – падалі, падрэзаныя вострым лязом, і ператвараліся ў траву, якой належала стаць сенам. "Так і людзі падаюць, скошаныя кулямі, становяцца аднолькавымі мерцвякамі", – падумаў Тадзік, назіраючы за працаю касцоў. Яму раптам стала шкада кветак, якія вымушаныя ў самай красе развітвацца з жыццём, ператварацца ў безаблічную масу, толькі водар пасля будзе нагадваць пра іхняе колішняе існаванне. "Што застанецца ад мяне, калі я загіну ў маладым узросце. Мо трэба было ажаніцца з Вераю, калі яна прасіла, хоць які нашчадак застаўся б. Чаго гэта я раптам успомніў? Няўжо кахаў яе? Быццам не. Проста нічога іншага не было яшчэ ў маім жыцці, няма чаго ўспамінаць…"

Пан Турскі спыніў касьбу, дзецюкі сабраліся гуртам. Чакалі, што ім паны скажуць.

– Якой вы веры, хлопцы? – спытаў Каэтан.