– Каталіцкай, каталіцкай, – пачулася ў адказ.
– А па нацыянальнасці хто?
– Тутэйшыя мы, спрадвеку тут жылі нашы дзяды і прадзеды, – сказаў старэйшы ў гурце мужчына.
Людзі гаварылі па-беларуску. Каэтан разумеў, што інакш і быць не магло, адкуль тут узяцца палякам. Хаця маглі б мову вывучыць у школе. Але хто ж у школе вучыўся? Адзінкі. Найчасцей бацькі лічылі, што сялянскім дзецям навука без патрэбы. Усё, што трэба ведаць земляробу, яны пераймалі ад старэйшых у штодзённай працы, якой было шмат, што хапала на ўсялякую пару года. Нават зімой, калі было трохі вальней, дык і тады знаходзіўся занятак, каб сплесці каша ці паладзіць воза і вупраж.
– Ці згодныя вы трываць далей нямецкую акупацыю?
– Не! Не! Набрыдла…
– Ці гатовыя вы змагацца за вольнасць Айчыны?
– Дайце зброю! Будзем змагацца! Толькі паклічце! – адгукнулася некалькі маладых галасоў.
Старэйшыя мужчыны прамаўчалі, па ўсім было відаць, што ім адмаўляцца ад спакойнага жыцця не хацелася, бо вісела адказнасць за сям’ю і гаспадарку, якая нажывалася цяжкаю працаю.
– Дамо зброю і паклічам, рыхтуйцеся. А калі не знойдзецца зброі, дык забяром яе ў нашых ворагаў. Мы перакананыя, што захопнікі з захаду і ўсходу будуць разбітыя, а Польшча расквітнее, як не красавала яшчэ ніколі, бо народ яе непераможны і мужны. Ён здабудзе волю, нават калі за гэта давядзецца заплаціць вялікай крывёю.
Прамоўца з Каэтана быў слабаваты, але ён дамогся галоўнага: людзі, хоць і размаўлялі па-беларуску, былі праз веру звязаныя з польскім духам і рухам за незалежнасць, а таму марылі пра паразу акупантаў. Пан Турскі загадаў сялянам працягваць працу, а агітатары на брычцы падаліся абедаць у маёнтак.
Пасля абеду накіраваліся ў маёнтак Бэлькі, уласнікам якога быў яшчэ даволі малады пан Уладзіслаў Бандарчык, былы студэнт Віленскага ўніверсітэта, які на правах гаспадара гасцінна прыняў Каэтана і Тадзіка. Яны доўга сядзелі ў сталовай, абмяркоўвалі план будучай працы. З размовы высветлілася, што моладзь быццам і жадае змагацца з ворагамі, але не хапае арганізуючай сілы, каб сабраць усіх разам.
– Я дзеля гэтага сюды і прыехаў, – сказаў Каэтан. – Толькі няўжо мне трэба ездзіць па маёнтках і вёсках, каб сабраць атрад? Мо прасцей паслаць адозвы?
– Цікавая ідэя. Але ж трэба ведаць, каму пасылаць.
– Дзе мы можам узяць такія звесткі?
– У ксяндзоў праз сувязных, – адказваў Уладзіслаў. – Толькі як на гэта паглядзіць пан маёр Груздзіловіч?
– Ён даў мне поўную волю дзеяння на сваёй тэрыторыі.
– У такім разе ў нас развязаныя рукі. Але тут складваюцца асаблівыя акалічнасці. Пад эгідай немцаў для барацьбы з савецкімі партызанамі і атрадамі Арміі Краёвай створаны спецыяльны дапаможны корпус з літоўцаў, якім кіруе генерал Павілас Пляхавічус. Вільк спрабаваў дамовіцца з літоўскімі паліцаямі аб мірным суіснаванні, але прадстаўнікі Пляхавічуса выставілі наступныя ўмовы: палякі адмаўляюцца ад прэтэнзій на Вільню і пакідаюць тэрыторыю Літвы, або ўступаюць у літоўскае войска, каб разам змагацца супраць Саветаў. Мы на такія ўмовы не маглі пагадзіцца, у выніку не проста разышліся ў розныя бакі, а сталі ворагамі.
– І што цяпер? – спытаў Каэтан.
– А цяпер яны вышукваюць нашых людзей, каб знішчаць. Таму пакуль мы сядзім у глыбокім падполлі. І гэта пачалося, яшчэ ў час кіравання Антонаса Сметаны, які імкнуўся пазбавіць палякаў на Віленшчыне іх нацыянальнай прыналежнасці. Аднойчы літоўскія ўлады абвясцілі пра замену пашпартоў, пры гэтым польскія прозвішчы пачалі перакладаць на літоўскую мову ды яшэ запісваць на свой манер. Калі ты Казлоўскі, дык становішся Авінусам, калі Сасноўскі – Пушыналісам. Хто не пагаджаўся, тых білі шомпаламі ад карабінаў – па дваццаць пяць удараў кожнаму нязгоднаму. Самыя ўпартыя – атрымалі па пяцьдзесят, але затое яны засталіся пры сваіх сапраўдных прозвішчах. Як бачыце, тая варожасць міжваеннага перыяду вельмі абвастрылася цяпер. Баявікі-шаўлюсы бязлітасна сваволяць на вуліцах Вільні і ў ваколіцах горада ў дачыненні да нелітоўцаў, а іхняя тайная паліцыя – саўгума, супрацоўнічае з гестапа ў справе ліквідацыі камуністычнага і польскага падполля. У такіх умовах нам даводзіцца гуртавацца і думаць, як абараніць сябе і сваіх блізкіх.
– Сітуацыя стварылася цяжкая, але мы не можам сядзець, склаўшы рукі, трэба дзейнічаць неадкладна. Так я кажу, Базан? – усміхнуўся Каэтан, калі заўважыў, што ягоны ад’ютант, як заварожаны, глядзіць на свайго начальніка.
Тадэвушу Сапранецкаму было чым захапляцца. Пана Руткоўскага-малодшага скрозь прымалі як ганаровага госця, з ім раіліся, дзяліліся праблемамі, шукалі разам выйсця з цяжкага становішча. І ён быў перакананы, што хутка ўзнікнуць акаўскія баявыя атрады, якія будуць бясстрашна змагацца з ворагамі.