Выбрать главу

– Неадкладна не атрымаецца. Мы і не заўважылі, што ўжо на дварэ сцямнела і пара нам павольна ад абеду перайсці да вячэры.

Ён пазваніў званочкам. Увайшла сімпатычная маладая служанка, якой ён загадаў несці ежу на стол. Дзяўчына зрабіла рэверанс і знікла за дзвярыма. Тадэвуша здзівілі такія паводзіны, але ён зразумеў: так яна была прывучана. Вера ніколі не зрабіла б рэверанс, бо не ведала наогул, што ён існуе. Дзіўная рэч, варта яму было ад’ехаць з маёнтка Рута, як ён ужо з цеплынёю згадваў жыццё там. А было ж, што нудзіўся і хацеў пакінуць той гасцінны куток, бо не жадаў сядзець без дзеяння. І па Веры трохі сумаваў. Як яна там з мужам? Мо і дзяцей хутка нараджае сабе, а Тадэвуш усё будзе туляцца па чужых хатах. І колькі гэта будзе доўжыцца?

З’явілася служанка. Паставіла талеркі для гасцей і гаспадара, прынесла смажаную бульбу, салату з зяленіва, варанае мяса і яйкі і непрыкметна знікла.

– Прашу, госці дарагія, частуйцеся, – запрасіў гаспадар. – Чым багатыя, тым і радыя. Наогул, я люблю простую ежу.

– А нас, жаўнераў, усялякая задавальняе. У Варшаве даволі голадна, – заўважыў Каэтан. – А ў вас у гэтым плане проста рай.

– Самі вырошчваем і спажываем.

Усе селі за стол і працягвалі гаворку пра тое, як лепш сабраць людзей у лесе ды пачаць дзейнічаць. Планаў было шмат, вырашылі карыстацца рознымі спосабамі, каб толькі дасягнуць мэты.

39

Прамінула тры тыдні, і партызанскі атрад Ашмянскага абводу сабраўся ў лесе, хлопцаў назбіралася каля двух дзясяткаў. Яны стаялі на паляне, узброеныя, хто чым здолеў. У іншых было паляўнічае ружжо ці сякера за паскам, іншыя наогул нічога не мелі пры сабе, але твары ва ўсіх былі ўзбуджана вясёлыя. Яны адважыліся на адказны ўчынак, прыйшлі сюды, каб бараніць Радзіму ад захопнікаў, аддаваліся пад уладу камандзіраў і тых мудрых людзей, якія сядзелі ў Варшаве і Лондане і вырашалі іхні лёс. Маёр Цэзарый Груздзіловіч загадаў усім стаць у шэраг, скамандаваў "Смірна" і прыдзірліва агледзеў ваяроў, апранутых у сарочкі і нагавіцы з даматканага палатна, абутых хто ў боты, хто ў лапці.

– Жаўнеры Арміі Краёвай, сёння ў нас радасны дзень, мы ўліваемся ў барацьбу супраць захопнікаў. Шлях, абраны намі, давядзецца паліваць уласнаю крывёю, каб урэшце рэшт вырасла цудоўная кветка вольнасці роднай Польшчы і нашага пакутнага народа. Мы павінны прайсці яго з гонарам пад сцягам, які даў нам Бог. Унесці сцяг!

Па ягоным загадзе з-за яліны выйшаў Уладзіслаў Бандарчык з бела-чырвоным сцягам. Ад хвалявання ў Тадэвуша перахапіла дыханне, а на вочы навярнуліся слёзы. Ён міжволі зірнуў на Каэтана. Той стаяў спакойна, ні адна рыса твару не выдавала хвалявання. "Загартаваны, сапраўдны ваяр, – падумаў Тадзік. – Можа, і я калі-небудзь навучуся быць гэтакім жа самавітым і ўпэўненым у сабе".

Жаўнеры падыходзілі да камандзіра, чыталі клятву, станавіліся на адно калена, цалавалі сцяг, хрысціліся і адыходзілі.

– Нам таксама трэба будзе прыняць клятву, – шэптам спытаў Тадзік. – Мы ж застаёмся тут?

– Не, нам трэба ехаць у іншы абвод і ствараць новыя атрады, тым больш, што нейкі вопыт у гэтай справе маем.

– Але ж не будзем мы ўвесь час вандраваць, трэба ж сапраўднаю справаю заняцца…

– Жыццё пакажа, усё ў нас яшчэ будзе.

Урачыстаць скончылася. Маёр скамандаваў "Вольна" і загадаў навабранцам рабіць сабе буданы, бо нават самыя адважныя і загартаваныя воі не могуць жыць пад адкрытым небам. Тадзік адышоў да краю паляны, дзе рос чарнічнік, назбіраў жменю дробных ягад, усыпаў у рот і з насалодай падумаў: "Якая смаката! Зараз бы міску чарніц з малаком ды белым хлебам, смачнейшага наедку зроду не каштаваў".

Уладзіслаў усё стаяў са сцягам. Цэзарый загадаў яму:

– Перадай сцяг падхарунжаму Жукоўскаму.

Падхарунжы выцягнуўся ў струнку перад афіцэрамі, адрапартаваў пра сваё з’яўленне, забраў сцяг у Бандарчыка, адышоў крокаў на дзесяць і застыў, як належыць ганароваму вартавому. Маёр паціснуў руку Каэтану і сказаў:

– Дзякую, пан паручнік, добра ты ўсё зладзіў. Я і не спадзяваўся, што так хутка атрымаецца сабраць людзей. А ці праўда, што ты ў адозвах пагражаў смерцю тым, хто не з’явіцца?

– Было. Чаму б і не? Па ваенным часе ўсе мы ходзім па лязе нажа. Не хочаш загінуць ад рукі акупанта, дык прыходзь да нас, інакш ты здраднік, варты кулі ад сваіх. Лагічна?

– Яно так, але я не прыхільнік такіх жорсткіх метадаў, – адказаў Цэзарый. – Мы павінны паводзіць сябе больш гуманна са сваімі людзьмі. Трэба ціснуць на патрыятызм, маўляў, калі не ты, дык хто абароніць край ад навалы…