Выбрать главу

– Я ўлічу твае парады ў наступнай сваёй дзейнасці.

– Куды цяпер?

– Куды пашле кіраўніцтва, – ухіліўся ад канкрэтнага адказу Каэтан.

– Заставайся з намі. Пачнём дзейнічаць, вяселей жыццё пойдзе, – прапанаваў Уладзіслаў Бандарчык.

– Дзякую, але я прымацаваны да штабу Віленскай акругі, толькі Вільк можа вырашыць, куды мяне накіраваць.

– Дык ты цяпер – у Вільню? – усё дапытваўся маёр Груздзіловіч.

Каэтан і на гэты раз ухіліўся ад адказу. Уладзіслаў прапанаваў:

– Няхай нашы партызаны тут уладкоўваюцца, а мы паедзем да мяне ды паабедаем па-чалавечы, калі яшчэ давядзецца зноў сабрацца ўсім разам.

Афіцэры размясціліся ў дзвюх брычках і пагналі коней па лясной дарозе, абапал якой стаялі высозныя сосны, хісталі ўверсе вяршынямі, шумелі, быццам абмяркоўвалі людзей, якія ехалі ўнізе, глядзелі на іх гэтак жа, як мы звычайна назіраем за мурашамі і дазваляем ім жыць ды рабіць свае мурашыныя справы. Лес скончыўся, пацягнуліся дбайна засеяныя палі. У гэты сонечны ліпеньскі дзень зямля выглядала святочна ўбранай, кожны лапік быў расквечаны ў пэўны колер. У прыроды свае законы прыгажосці і непераўзыйдзеная гармонія спалучэння цёмнага і светлага.

– Хораша! – выкрыкнуў Цэзарый Груздзіловіч. – Колькі жыву, не магу нагледзецца на гэтае хараство!

– Таму людзі і не хочуць паміраць, – гукнуў з другой брычкі Уладзіслаў. – Што гэта мы цягнемся, як на пахаванні? Ну, пагналі!

Ён без жалю сцебануў свайго каня і паімчаў наперадзе. Цэзарый толькі прыкрыкнуў на сваю паслухмяную кабылку, яна памкнулася следам. Тадзік аглядаў дагледжаныя палеткі і з тугою спрабаваў уявіць, як там мама ўправілася з сяўбою, пакуль яе сын валэндаецца па свеце. Было шкада яе і тату, горка ад таго, што неміласэрны лёс раскідаў сям’ю і пакінуў мала надзеі на з’яднанне.

– Чаго засумаваў? – спытаў Каэтан у Сапранецкага. – Ці стаміўся?

– Не, нічога, – адказаў юнак.

І між волі падумаў, што апошні тыдзень быў асабліва напружаны. Яму даводзілася праходзіць дзясяткі кіламетраў за дзень, каб сустрэцца з сувязнымі, перадаць ім дакладную інфармацыю аб месцы і часе збору жаўнераў-навабранцаў, ды пры гэтым асцерагацца, каб не трапіць у рукі немцаў ці літоўскіх паліцаяў. Адзін раз ён ледзь не наскочыў на матацыклістаў, якія раптам выехалі з-за павароткі ў лесе. Тадзік ледзь паспеў схавацца за карчамі, а потым ужо разгледзеў, што матацыклаў было два, на кожным сядзела па тры фрыцы, двое – узброеныя аўтаматамі, у калясцы мясціўся немец з кулямётам. Другі раз памыліўся адрасам і ледзь не зайшоў у хату, дзе жыў літовец-солтыс. Добра, што ішла дзяўчына па ваду. Ён спытаў пра патрэбнага яму чалавека, і тая паказала на іншую хату.

– А тут, – сказала яна, – солтыс жыве, – і дзіўна ўсіміхнулася, мусіць, зразумела, што чужы юнак можа незнарок трапіць у пастку.

Тадзік з удзячнасцю ўспомніў тую дзяўчыну. Каб не яна, невядома што з ім было б зараз. Мо малацілі б яго цяпер гестапаўцы, выбіваючы патрэбныя звесткі. Тадзік адагнаў ад сябе непрыемныя думкі, заплюшчыў вочы, падставіў твар ветру і сонцу, так і ехаў, радуючыся гэтаму ўдаламу дню.

Служанка Уладзіслава хутка зладзіла абед. Госці не затрымаліся, у кожнага была справа. Маёр Груздзіловіч спяшаў да сваіх партызанаў, развітаўся з усімі сардэчна, кожнаму хаўрусніку паціснуў руку і абняў за плечы, не абмінуў увагаю і Тадзіка, сеў у брычку і падаўся ў бок лесу.

Каэтан таксама меў намер сёння ж рушыць у дарогу, вядомая рэч: адклад не ідзе на лад. Хоць знешне ён выглядаў спакойна, але ў душы панавала нецярплівасць, хацелася хутчэй вяршыць сваю справу ў іншым рэгіёне, таму папрасіў у гаспадара каня з возам і правадніка.

– Куды ж мы паедзем? – пацікавіўся Тадзік.

– Пабачыш… Такая нясціплая цікаўнасць не да твару ад’ютанту, – пасміхнуўся Руткоўскі, які быў перакананы: чым меней людзей будзе ведаць пра ягоную далейшую дзейнасць, тым лепш будзе ўсім.

– Прашу прабачэння, – вінавата адказаў Тадзік.

Конюх прывёў з канюшні каня, запрэжанага ў воз, на якім ляжала сена, каб мякчэй было ехаць.

– Выдатна! – усклікнуў Каэтан. – Гэта проста каралеўская карэта! Дзякую, Уладзіслаў, за гасціннасць. Мы шмат працавалі, але мелі магчымасць спакойна жыць і адпачываць, а гэта полова поспеху, затое маем добрыя вынікі.

Ён паціснуў руку гаспадару, ускочыў на воз. Побач прымасціўся Тадзік, вазніца пацягнуў за лейцы, конік паціху крануўся і павёз іх у новы невядомы шлях.

40

Лета 1943 прынесла казакам атамана Грака шмат перамен. Па-першае, яго самога павысілі ў пасадзе, прызначылі кіраўніком надраённага провада. На развітанне сказаў сваім, цяпер ужо былым падначаленым, прамову, а ён, былы настаўнік, умеў гэта рабіць бліскуча, значна лепш, чым ваяваць, у чым употай сам сабе не раз прызнаваўся. Адзначыў, што самая галоўная задача іхняй барацьбы – стварэнне Самастойнай Украінскай дзяржавы, незалежнай ні ад якіх захопнікаў. Для канчатковага вырашэння гэтай задачы трэба трохі пачакаць, пакуль немцы і Саветы, два лютыя драпежнікі, перагрызуць адзін аднаму горлы, тады можна будзе вырваць з іхніх крывавых лап родную шматпакутную зямлю і замардаваны ўкраінскі народ, ды нарэшце ўзяцца за мірнае будаўніцтва светлага і шчаслівага жыцця. А пакуль трэба весці выведку, вышукваць здраднікаў, якія супрацоўнічаюць з савецкімі партызанамі і гестапа, знішчаць іх, каб ніводнага паўзучага гада не засталося на нашых прасторах.