Выбрать главу

Прамова была доўгая і натхнёная, так што немагчыма было не паверыць ёй, не пранікнуцца патрыятызмам і жаданнем дасягнуць мэты, якіх бы ахвяр гэта ні каштавала. Казакі слухалі моўчкі, і сэрцы іхнія поўніліся нянавісцю да ворагаў, якія забралі ў іх магчымасць спакойна жыць са сваімі сем’ямі і займацца звычайнаю справаю: мацаваць гаспадарку, абрабляць зямлю. Далоні іхнія помнілі дотык цёплай зямлі, ведалі, як вывесці роўную баразну плугам, сумавалі па працы, а замест гэтага вымушаны былі сціскаць у руках зброю і забіваць, забіваць не толькі незнаёмых ворагаў, а часам і суседзяў, таму што яны перабеглі на бок захопнікаў. Вочы наліваліся крывёю ад гневу, таму што яны гублялі ў сутычках з ворагамі сяброў і родных, самі атрымлівалі раны. На іхнім адзенні змяшалася ўласная і варожая кроў. А мірнае жыццё ўсе не наступала, вайна доўжылася, смерць забірала здаровых і маладых мужчын, ніяк не магла наталіць бязмерны голад.

Замест Грака атаманам прызначылі Камара, які да гэтага быў ягоным намеснікам, а цяпер вельмі ганарыўся новаю пасадаю, акрамя таго хацеў мець пры сабе надзейных казакоў, таму прызначыў камандзірам чаты Лёню Парахнюка – Варнака, а Сяргей Клімчук – Удод – атрамаў пасаду камандзіра баёўкі, пад кіраўніцтвам якога аказаліся Птах і Салавей, аднавяскоўцы, што далучыліся трохі пазней, іх таксама прывёў Ціт. У Сяргея забралі вінтоўку і выдалі аўтамат ППШ з сотняю патронаў да яго, што асабліва ўсцешыла хлопца.

Зноў пацягнулася звычайная служба толькі з тою розніцаю для Сяргея, што цяпер ён са сваёй баёўкаю заўсёды быў побач з Камаром, ахоўваў яго, затое Варнаку даводзілася папацець. Ён гойсаў па вёсках, забіраючы харчы ў людзей, уступаў у перастрэлку з савецкімі партызанамі, але паколькі абодва бакі мелі абмежаваную колькасць боепрыпасаў, дык маглі пратрымацца гадзін пару, а пасля хто-небудзь адступаў, пакідаючы забітых і параненых, а дакладней – разбягаліся, уцякалі. Навабранцы звычайна беглі дамоў, а тыя, хто жадаў працягваць лясное жыццё, зноў гуртаваліся разам ці далучаліся да новых атрадаў. Гэтак здарылася, калі партызаны разагналі казакоў Арла, рэшта далучылася да Варнака.

Сяргей ціха сумаваў па радзіме і родных, прагнуў разлічыцца за смерць старэйшага брата са здраднікамі ў сваёй вёсцы і час ад часу пытаў у Ціта:

– Калі ўжо мы пойдзем бліжэй да нашай Вялікай Багны? Мала радасці – змагацца з ворагам на чужой зямлі.

– Гэта наша зямля, Украіна! Разумееш? Мы змагаемся за сваю волю! – з пафасам, якога набраўся ў Грака, адказваў Ціт – Камар.

– Майго брата выдалі нашы аднавяскоўцы. Я хачу даведацца, хто гэта мог зрабіць.

– Даведаемся, не спяшайся. Яны ад нас нікуды не дзенуцца, – супакоіў хлопца атаман. – Ты прыйшоў сюды горкім падлеткам, стрэлаў баяўся, а цяпер бачу я перад сабою загартаванага ваяку, з якім можна ў разведку пайсці ці хоць куды. Табе, дарэчы, колькі гадоў?

– Васямнаццаць стукнула…

– Бачыш, вырас на вайне, паўналетнім стаў, хутка жаніць будзем, – засмяяўся Ціт.

– У лесе з куляю хіба ажанюся…

– Чаму ж, бачыў я, што ты глядзеў на сувязную Гэлю, бы кот на каўбасу.

– Скажаш, брат Ціт, такую лухту, ды на яе ўсе хлопцы так глядзяць, думаю, і ты не супраць з якою маладзіцаю, каб быў час, памілавацца. Калі збіраешся ў вёску, дык перад люстэркам круцішся, голішся, прычэсваешся, быццам у сваты збіраешся.

– Усяляк бывае, Сярожа, але я, стары халасцяк, звык перамагаць гэтыя чалавечыя слабасці, бо ёсць у мяне самая важная мэта – барацьба за вольнасць Радзімы. А ты бач які ўважлівы, больш мне не кажы такія словы, бо раззлуюся і праганю ад сябе куды далей, не трэба, каб розныя смаркачы за мною падглядвалі ды жыццю вучылі…

Сяргей змоўчаў, хоць і карцела спытаць, няўжо Ціт лічыць сваёю радзімаю Украіну, але ён вырашыў не ўвязвацца ў спрэчку з атаманам, каб не наклікаць на сябе гнеў і непрыязныя адносіны.