У пакой увайшоў Птах, які дзяжурыў ля ўваходу ў будан і сказаў, што з’явіўся сувязны, прынёс важнае паведамленне.
– Упусці яго, – адказаў Камар.
У Будан уваліўся каржакаваты дзяцюк, таптаўся ў парозе.
– Праходзь, Патап, сядай, расказвай, што чуваць?
Хлопец сеў на лаву і сказаў:
– У нашай вёсцы атабарыліся партызаны.
– Гэта ў Завышшы?
– Так.
– Колькі іх?
– Паўсотні, а мо і болей.
– Не мог палічыць? Я ж папярэджваў цябе, мне патрэбныя дакладныя звесткі.
– Як іх палічыш? Сноўдаюцца па хатах, як мурашы тыя, туды-сюды, туды-сюды…
– З коньмі?
– Коней мала. Пяць вазоў, ды, відаць, у камандзіра і камісара па кані. Вось і ўсё.
– Якая зброя?
– Такая, як і ў вас, усё больш вінтоўкі…
– Зразумела, добра, малайчына, што папярэдзіў. Есці хочаш?
– Не, дзякую, меў з сабою хлеб з салам, дык паеў у дарозе. Я пайду хутчэй назад, каб да ночы ўправіцца.
– Добра, ідзі, чакай у госці. Як пачуеш стрэлы, хавайся ў якую яму, не высоўвайся пад кулі.
– Ведаю, не першы раз. Бывайце, шчасліва вам.
– І табе добрай дарогі.
Патап пакланіўся і выйшаў, а Камар задаволена пацёр рукі і сказаў:
– Збірай камандзіраў, увечары выступаем.
За той час, пакуль быў з украінскімі паўстанцамі, Сяргей прывык да крыві, да пакут параненых, да пахавання палеглых, але прадчуванне бою заўсёды было непрыемным. Страх пасяляўся ў целе, здавалася, дрыжыць кожная жылка, таму мацней сціскаў сківіцы, упіваўся рукамі ў аўтамат, напружваўся ўсім целам, а пасля спрабаваў расслабіць мышцы, але гэтыя практыкаванні мала памагалі. І цяпер, калі казакі атамана Камара ішлі поначы да Завышша, Сяргей адчуваў непрыемнае дрыжанне ў руках, здавалася, што сэрца заходзілася і балюча сціскаецца ў прадчуванні невядомай бяды. Гэта быў той нязводны страх, які не дае чалавеку вольна ўздыхнуць і выпрастаць плечы, а сціскае яго нябачнымі абцугамі, прымушае баяцца кожнага шолаху. Час ад часу ён спатыкаўся, не маючы магчымасці разгледзець, што там, пад нагамі. Была цёплая летняя ноч. Не хацелася парушаць цішыню, дастаткова, што вецер гуляе ў лясных шатах, і яны адгукаюцца насцярожаным гулам. Сяргей падняў вочы і ў прагалах паміж вяршынямі убачыў буйныя зоркі. Міжвольна падумаў: начное неба такое прыгожае, што сто гадоў пражыві, а ўсё роўна не нагледзішся на яго. Калі наблізіліся да вёскі, партызанскія вартавыя заўважылі казакоў, пачалася перастрэлка. Вёска абудзілася, партызаны павыскоквалі з хат, кінуліся на дапамогу сваім, займалі абарону за платамі, хатамі, пунямі. Камар пад аховаю баёўкі адышоў назад, назіраў за ходам бою, стоячы ў тыле, за спінамі сваіх казакоў, але яшчэ было цёмна, таму былі бачны толькі гарачыя трасы куль.
– Схадзі, Птах, паглядзі, як там нашы трымаюцца, – загадаў Камар.
– Будзе зроблена, – адказаў казак і знік у цемры.
– Нешта агонь з нашага боку аслабеў, – заўважыў атаман.
– У нас заўсёды голад на патроны, – прамовіў Сяргей. – Нашы б’юць прыцэльна, эканомяць. Тым больш, што цёмна, нічога не бачна, дык які сэнс страляць абы-куды.
Раптам успыхнула яскравае полымя, загарэлася хата. Затрашчала салома, пасыпаліся снапы іскраў, вецер падхапіў іх і перакінуў на суседнія пабудовы, загарэліся яшчэ некалькі хат. Усё адбылося за некалькі імгненняў, так што непрыяцелі па два бакі на імгненне разгубіліся, кожная чалавечая душа па інстынкту першапачаткова імкнулася кінуцца тушыць пажар, але людзі ўтаймавалі гэтыя пачуцці і працягвалі страляць. Ад агню стала святлей, было бачна, як партызаны канцэнтруюцца на ўскрайку вёскі, а казакі памалу адыходзяць. Вярнуўся Птах і сказаў:
– З нашага боку ёсць забітыя і параненыя.
– Колькі?
– Дакладна не ведаю, сам бачыў тры трупы. Нашы адступаюць…
– Занясі загад. Адыходзім, забіраем па магчымасці сваіх, – загадаў Камар.
– Іду, – адказаў Птах, прыгнуўся нізенька да зямлі і падаўся ў бок страляніны.
– Асцярожны, сабака, – пасміхнуўся Камар, праводзячы ўважлівым позіркам падначаленага. – Вучыся ў яго, – сказаў ён Сяргею. – Ты доўгі, як дышла, табе трэба ўтрая прыгінацца. Таму і не пасылаю цябе на лінію агню. А галаву трэба берагчы. Яна ў нас адна. Мы не адступаем, мы проста адыходзім, вяртаемся на базу. А ты, Салавей, чаго маўчыш увесь час, быццам і няма цябе? – спытаў атаман другога ахоўніка.
– Салаўі цяпер не спяваюць, бо вывелі птушанят, ім не да спеваў, – адказаў ахоўнік.
– Мо і ты вывеў дзе каго?
– Пакуль птушанят не маю, але закон для ўсіх салаўёў аднолькавы – спяваць разам.