– Хітры ты, хлопец, і мудрагеліста выказваешся. А ці на карысць табе гэта? Не ведаю. Зрэшты, пара паснедаць, – сказаў Камар, павярнуўся і хутка пайшоў да лесу.
Ахова пасунулася за ім. Следам паспяшалі астатнія казакі, выносячы забітых і параненых. Неба пасвятлела, у паўзмроку былі бачныя іхнія постаці. Партызаны ў пагоню не кінуліся. Было відно, што разам з вяскоўцамі ўзяліся тушыць пажар, як толькі сціхла страляніна.
41
Колькі праехаў вёсак Тадзік разам з Каэтанам Руткоўскім, ён ужо і не помніў, шкадаваў, што не вёў ніякіх запісаў. Але ў большасці выпадкаў праца іхняя па агітацыі моладзі ў Армію Краёвую была марная, бо пачалося жніво. Сялян немагчыма было адарваць ад іхняй спрадвечнай працы. Збор ураджаю – гэта вынік намаганняў за ўвесь год. Яно і зразумела, калі людзі не здолеюць удала завяршыць жніво, дык самі будуць галадаць, не будзе чаго даць немцам і тым ваярам, якія прыходзяць з лесу, як бы яны ні называліся, усе хочуць есці, а селянін быццам абавязаны іх карміць. Пасля жніва пачалася касавіца атавы, потым – капанне бульбы, збор лёну і канопляў, да позняй восені немагчыма было ўпрасіць моладзь змагацца з акупантамі. А ў тых выпадках, калі гарачыя хлопцы ўжо, здавалася, і гатовыя былі ўзяцца за зброю, дык іх не пускалі бацькі, пакуль патрэбныя былі рабочыя рукі. Часам Тадзік пацвельваў з паручніка:
– Эх, пан Парушына, не шанцуе завабіць новых жаўнераў у нашы шэрагі.
Руткоўскі злаваў і адказваў:
– Ты, Базан, – дрэнны ад’ютант, таму што псуеш мне настрой. Плазам лягу, а ўсё ж да Калядаў збяру атрад.
– Безумоўна, на Каляды можна будзе п’янаватых валачобнікаў падгаварыць. А калі яшчэ паабяцаць ім у торбу пакласці чаго смачнага, дык і бягом пабягуць.
– Ты не верыш у нашу справу?
– Веру, ды мяне бянтэжаць вынікі.
– Мяне яны таксама расчароўваюць, але мы павінны выконваць заданне.
– Добра, што гаспадары, у якіх спыняемся, кормяць, ды сувязныя не адмаўляюцца дапамагаць, інакш мы з вамі зараз мелі б дрэнны выгляд.
– Слухай, не чакаў я, што ты такі ўедлівы, як усялякі дробны шкоднік.
– Прабачце, пан Руткоўскі, але мне здаецца, што мы заняліся не сваёю справаю. Каб на наша месца якую маладзіцу гаваркую, дык яна хутчэй бы тых хлопцаў угаварыла.
– Бадай, ты чытаеш мае думкі, але дзявацца нам няма куды, мы людзі вайсковыя і павінны выконваць загад вышэйшага начальства.
Кожны раз, калі заставаліся сам-насам, вялі падобныя гаворкі, аднак пры сувязных ці гаспадарах явачных кватэр ніколі не давалі волю сваім пачуццям, наадварот, падцягваліся, выказваліся ледзь не лозунгамі, выяўлялі патрыятызм і заклікалі іншых да гэтакіх жа памкненняў.
Калі Руткоўскі з Тадэвушам слотным лістападаўскім днём спыніліся на адпачынак у пана Віркоўскага, уладара невялікага маёнтка Снапкі, там іх заспеў Уладзіслаў Бандарчык.
– Ледзь вас адшукаў, – радасна сказаў ён. – У такую глухамань заехалі.
– Дык падумалася, што трэба гуртавацца бліжэй да Налібоцкай пушчы. Яна ж партызанам, як родны дом.
– Стаміліся ад бясконцых вандровак?
– Ёсць трохі, але вайсковаму чалавеку не да твару скардзіцца.
– Захапляюся вашай мужнасцю. Ці паддаецца моладзь агітацыі?
– Пакуль у сялян было шмат працы, дык няёмка было адрываць іх, а цяпер, спадзяюся, да Калядаў сабраць хлопцаў у пушчы, праўда трэба неяк зброі расстарацца.
– Я прывёз новы загад і сумную навіну: загінуў наш Цэзарый Груздзіловіч.
– Як гэта здарылася? Чаму жаўнеры не ўбераглі камандзіра? – абурана спытаў Руткоўскі.
– У канцы верасня атрад Груздзіловіча вярнуўся пасля разгрому нямяцкага пункта забеспячэння ля хутара Млыны, недалёка ад Астраўца. Там яны знайшлі такую неабходную зброю і нагрузілі два вазы тушонкі, канцэнтратаў і іншае ежы. Пасля начнога рэйду жаўнеры добра павячэралі і палеглі спаць у гумне, іх акружылі немцы, падмацаваныя падраздзяленнямі літоўскай паліцыі. Бой быў цяжкі і крывавы. Груздзіловіча параніла самым першым, што дрэнна адбілася на настроі жаўнераў. Пад перакрыжаваным агнём нашы былі пазбаўленыя магчымасці рухацца. Толькі праз некалькі гадзін асобным жаўнерам удалося прарвацца і схавацца ў лесе. Вынеслі і параненага камандзіра, спадзяваліся выратаваць яму жыццё. Але ўсе намаганні былі дарэмныя. Ён сканаў. У тым баі загінула яшчэ дзясятак чалавек. Атрад застаўся без баявога камандзіра, таму камендант акругі і паслаў мяне па цябе, пан паручнік, каб перадаць загад: узначаліць атрад Груздзіловіча.
– Перадайце пану каменданту ад мяне вялікі дзякуй. Калі сказаць па праўдзе, дык агітаваць мне не надта падабаецца, хацеў бы вадзіць у бой жаўнераў і ўласным прыкладам натхняць іх на барацьбу з ворагамі.