Выбрать главу

– Такая магчымасць зараз ствараецца, у добры час! Змагайцеся і перамагайце, а я буду радавацца вашым поспехам.

– Дзякую, пан Бандарчык.

Тадзік слухаў гэту размову і ціха радаваўся: нарэшце дачакаўся сапраўднай справы! Цяпер яны пачнуць бязлітасную барацьбу з немцамі! Можна будзе адпомсціць за сяброў, якія заўчасна загінулі, можна будзе знішчаць захопнікаў са зброяй у руках разам з паплечнікамі. Для яго гэта было сапраўднае шчасце. Паручнік Руткоўскі таксама павесялеў і неадкладна пачаў збірацца ў дарогу.

– Куды вы ў непагадзь ды нанач гледзячы? – спыніў яго гаспадар пан Віркоўскі, немалады ўжо чалавек.

– Сапраўды, давайце тут заначуем, – прапанаваў Бандарчык. – Ноччу неспакойна, савецкія партызаны па вёсках шныраюць у пошуках ежы, літоўскія паліцыянты прыдзіраюцца. Да таго ж каменданцкую гадзіну ніхто не адмяняў…

– Жаўнеры без камандзіра не разбягуцца? – устурбавана спытаў Каэтан.

– Не хвалюйцеся, там падхарунжы кіруе хлопцамі, праводзіць заняткі па стральбе і іншых вайсковых дысцыплінах.

Пан Руткоўскі супакоіўся і адклаў зборы да раніцы. Увечары ад няма чаго рабіць мужчыны перакінуліся ў прэферанс. Гаспадар спрабаваў расказваць паляўнічыя байкі, але госці яго былі стомленыя, ды ў прадчуванні новай дарогі рана разышліся па спальнях. А праз два дні паручнік Руткоўскі ўжо прымаў свой атрад, загадаў стаць у радок на прасторнай паляне, пазнаёміўся асабіста з кожным жаўнерам, згадваючы з якой вёскі яго завербавалі. Некаторых помніў добра, іншыя твары сцерліся з памяці, таму ён асабліва ўважліва прыглядаўся да новых людзей, ацэньваў узбраенне. На жаль, далёка не ва ўсіх была зброя. Гэта яго трохі расчаравала, аднак прамову сказаў палымяную:

– Жаўнеры, нашу Айчыну заняволілі захопнікі, яна чакае ад нас вызвалення і паратунку. І мы павінны, не шкадуючы ўласнага жыцця, змагацца з ворагамі і перамагчы іх, ачысціць родную зямлю ад набрыдзі. Наш атрад невялікі, я налічыў дваццаць шэсць чалавек, але нас шмат у Польшчы і на Крэсах Усходніх. Дык давайце з’яднаем памкненні, патроім шэрагі, прывядзём сюды сваіх братоў і сяброў, паўстанем супраць зла, якое запаланіла Еўропу. Ад нас залежыць, ці настане час волі для нашай Радзімы. Сёння ў нас мала зброі, але мы здабудзем яе ў нашых ворагаў. Мо ў нас не хапае харчоў, дык наша зямля пракорміць нас. Я праехаў шмат селішчаў, гутарыў з людзьмі. Мяне разумелі і дапамагалі. Я бачыў спачуванне і павагу ў вачах сялян…

Тадзік слухаў свайго камандзіра і шчыра дзівіўся, адкуль узялося ў яго столькі красамоўства? Вось што азначае дазволіць чалавеку займацца тым, чаго прагне ягоная душа. Бадай, калі б зараз Тадзіку прапанавалі выказацца, ён таксама знайшоў бы што сказаць. Занадта доўга чакаў гэтага дня і цяпер па-сапраўднаму радаваўся. Пасля ўрачыстага пастраення людзі разышліся, а Тадзік, захоплена пазіраючы ў вочы камандзіру сказаў:

– Вельмі хораша выказаўся пан Парушына.

– Табе спадабалася?

– Я ў захапленні. А яшчэ радуюся, што нарэшце мы пры справе.

– Ага, пры справе, толькі ваяваць няма чым. Найперш давядзецца вырашаць гэтую праблему. Пойдзем, агледзім лагер. Груздзіловіч паспеў трохі падрыхтавацца да зімы.

Яны прайшлі міма пяці зямлянак, агледзелі кухню, дзе гаспадарылі два ўвішныя хлопцы. Печ была змураваная проста пад адкрытым небам, тут жа стаяў невялікі стол для кухараў і доўгі абедзены для ўсіх жаўнераў.

– Што варыце, хлопцы, на абед? – спытаў Парушына.

– Боршч, пан паручнік, і аладкі будуць, – адказаў адзін хлопец, мусіць, галоўны ў гэтай камандзе.

– Добрая ежа жаўнеру не шкодзіць, – адказаў Каэтан і павярнуў да самай прасторнай будыніны, дзе размяшчаўся штаб.

У памяшканні на стале ляжалі карты мясцовасці. Гэта вельмі парадавала Парушыну, ён з удзячнасцю падумаў пра Груздзіловіча, што той паспеў зрабіць усё, каб ягоныя паслядоўнікі адчувалі сябе ўтульна і спакойна. І адразу запярэчыў сабе: які спакой можа быць у час вайны? Не адпачываць жа я сюды прыйшоў…

– Давай, ад’ютант Базан, кліч да мяне выведку, буду распытваць у іх пра сітуацыю ды пасылаць па ваколіцах вывучыць становішча. Выведка – мае вочы і вушы.

– Слухаю, мой камандзір, – аддаў чэсць Тадзік, крутнуўся на пятцы і подбегам кінуўся выконваць загад.

"Адзін у полі не воін, – падумаў Каэтан. – Трэба тэрмінова заводзіць знаёмствы з бліжэйшымі атрадамі, каб іншы раз аб’ядноўваць сілы ці прыходзіць адно аднаму на дапамогу. Хаця, мусіць, іх тут не густа. Бандарчык абяцаў дапамагчы наладзіць сувязь з іншымі падраздзяленнямі Арміі Краёвай. Нічога, усё будзе добра", – супакоіў ён сябе, разглядваючы карту мясцовасці і нешта мармычучы пад нос.